За сталом Караткевіч казаў, што "выношвае" заказаны яму надпіс на камені, які збіраюцца ўстанавіць на мінскім замчышчы, каля святой крыніцы. Ад яго патрабуюць пералічэння ўсіх разгромленых чужынцаў. Ён жа прапануе даць нешта абагульняючае.
Потым успыхнула дыскусія паміж гаспадаром і Адамчыкам наконт украінскай прозы. Другі з іх даказваў, што ніводзін яе твор не дацягвае да "Хлопаў" Рэйманта. Першы ж гарачыўся, уставаў з-за стала, спасылаўся на Кацюбінскага, Заграбельнага, Іванычука, яшчэ кагосьці. Але абодва засталіся пры сваіх меркаваннях.
З Чэхаславакіі Караткевіч прывёз цудоўна выдадзены пераклад "Хрыста" (пад назвай "Евангелле ад Іуды") і задуму напісаць аповесць пра беларусаў і славакаў.
— Адным словам, павінна атрымацца нешта накшталт славянскай сагі, — дзяліўся сваімі планамі Валодзя, калі мы з Кісялёвымі і Адамчыкамі зайшлі яго адведаць пасля прыезду. — Беларус уцякае з палону, у славацкіх гарах закахаўся ў дзяўчыну, хаваўся ў яе, пакуль яго не ўзялі… Тут і гітлерызм можна паказаць ва ўсёй яго жудаснасці.
Затым гаворка пераскочыла на іншых тыранаў. Караткевіч даказваў, што ўсе яны — Напалеон, Мао, Гітлер, у пэўнай ступені Сталін — "несостоявшиеся писатели" (ці мастакі). Адсюль іх імкненне зрабіць з жывымі людзьмі тое, што можна зрабіць з героямі ў кнізе.
— Для мяне гэтыя расстрэлы, праследаванні не маюць сэнсу, бо я магу ўсё тое зрабіць, разрадзіцца на старонках рамана.
А яшчэ Валодзя абураўся тым, што ў Славакіі адзін украінец з Прэшава абвінаваціў яго ў… няведанні Беларусі. Нібы ён у кнізе "Зямля пад белымі крыламі" "перанёс" у Беларусь возера Свіцязь… Аказваецца, ёсць другое з такой жа назвай дзесьці на Валыні…
У другой палове кастрычніка на кінастудыі "Беларусьфільм" адбыўся прагляд фільма "Дзікае паляванне караля Стаха". Рэжысёр В. Рубінчык паставіў яго з выдумкай, фантазіяй. Аднак, як і ў выпадку з "Хрыстом", у фільме мала што засталося ад філасофіі Караткевіча. Прыглушанымі аказаліся сацыяльныя канфлікты, амаль знікла вёска. Ды і Беларусь не адчувалася: падзеі адбываюцца ў яўна ўкраінскім замку, галоўную гераіню іграе балгарка… Пра ўсё гэта Барыс Бур'ян прапаноўваў мне напісаць у рэцэнзіі для "Літаратуры і мастацтва". Але Караткевіч папрасіў пачакаць з яе публікацыяй, пакуль фільм не атрымае катэгорыю, не выйдзе на экраны:
— Разумееш, Мальдзісевіч, мне гэта не трэба. Але няхай людзі, якія рабілі фільм, атрымаюць капейку. Яны не вінаваты, што рэжысёр так рашаў. Голую Яноўскую, якую замаўляюць у пер'і, ён узяў з "Мсціслаўцавага посаха" Ялугіна. Замак выбраў у Алеску пад Львовам… А што я мог зрабіць, стары? Да здымкаў мяне не дапускалі. Усё вырашаў чалавек, які прыблізна ведае Беларусь… Так што нялёгкі гэта пісьменніцкі хлеб. Пакутуеш, пакуль народзіш. А потым — другі раз, калі бачыш, што іншыя робяць з тваім чадам, і ўмяшацца не смей… Дарэчы, як у цябе з анялінскай аповесцю? Узяўся нарэшце за розум?
Я адказаў неакрэслена, што, здаецца, нешта выходзіць. Апрача Каліноўскага ўвёў туды Сыракомлю, былую жонку Кіркора. Маглі ж яны аказацца ў Аняліне ў адзін і той жа дзень, у пераломны момант для кожнага з іх… Тут жа папрасіў Валодзю "напісаць" для аповесці працяг беларускага верша Сыракомлі "Ужо птушкі пяюць усюды…".
— Рабіць такое няварта, бо ёсць горкі вопыт "прадоўжыць" Пушкіна. Давай лепей я табе напішу асобную стылізацыю пад гэты верш. І няхай яно будзе пакуль што маленькай нашай таямніцай. Павінны ж мы, у рэшце рэшт, абрастаць міфамі.
— А як у цябе справы з "Крыжам Аняліна"?
— Пачаў, стары, але далей не ідзе. Зноў я нешта не ў форме… Не ведаю, можа, і ад дня нараджэння адмоўлюся. Бо глядзець, як іншыя весяляцца, а самому ні-ні — ведаеш, якая пакута?!
Але затым, па тэлефоне, папрасіў усё ж прыйсці. Прытым "датэрмінова" — 24 лістапада. Мы з Рагойшамі купілі імянінніку драўляную "ладдзю надзеі". Тамадзіў Вячаслаў Рагойша. Кісялёў у сваім тосце сказаў, што "клясыкам" называем мы Валодзю не жартам, а ўсур'ёз. Работнік міліцыі (прозвішча яго не помню, гаспадар называў яго Жэнем і падкрэсліваў, што ён фігуруе ў "Чорным замку Альшанскім" як палкоўнік) хваліў імянінніка, што ўзяўся пісаць дэтэктывы, бо добрым дэтэктывам многа можна зрабіць — для выхавання людзей. Я ж згадаў, што праз год Валодзю будзе пяцьдзесят і прапанаваў "абвясціць" 1980 год "годам Караткевіча". Пад канец імяніннік крыху ажывіўся, прачытаў некалькі новых сваіх вершаў.
Раман "Чорны замак Альшанскі", які не раз успаміналі ў той "перад'юбілейны" вечар, друкаваўся з працягам у "Маладосці" ў 1979 — 1980 гадах. Поспех быў незвычайны: упершыню нумары гэтага часопіса прадавалі з-пад прылаўка, кралі ў бібліятэках. У 1983 годзе выйшла кніжнае выданне рамана (сумесна з аповесцю "Зброя"), цудоўна ілюстраванае П. Драчовым. Неўзабаве на экранах з'явіўся аднайменны фільм.
Читать дальше