Маніфестам кожнага сапраўднага беларуса з’яўляўся і верш Каруся Каганца «Наш сымболь» (напісаны ў тым жа, што і «Наш покліч», .), у якім перадаваліся пажаданні-зычанні сваім братам па справе змагання-барацьбы за Бацькаўшчыну:
Адважна, брацця, наперад ідзіце
Цвёрдай і правай ступою!
Кожнаму ў вочы смела глядзіце,
Праўду нясіце з сабою!
За родну краіну, звычай і мову,
За веру груддзю ставайце!
Ды будзьце верныя сваему слову,
З Богам заўсёды трывайце!
Тады вы усякую зможаце сілу,
Ворагам прыйдзе скаранне!
Правым дасць Бог наградачку мілу,
Шчасце і радасць настане!
Не выпадкова захацелася працытаваць гэты верш цалкам і ўзнавіць яго менавіта па першапублікацыях — у «Велікоднай пісанцы» ., у «Календары “Нашай Нівы” за 1911 год», бо нялёгкі лёс «рэдагавання» і лакіроўкі выпаў яму. Таму ў адзіным зборы твораў пісьменніка (Каганец К. Творы. – Мн.: Мастацкая літаратура, 1979) на месцы падкрэсленых вышэй слоў мы знаходзім нейтральныя, завуаляваныя: «За гонар груддзю ставайце», «З праўдай заўсёды трывайце»…
Жыццё i лёс Беларусі патрабавалі разнаплыннай i разнажанравай працы, i ён ужо зрыхтаваўся да гэтага...
У СВЯТЛЕ ЛЮБОВІ
I яшчэ пад адной найяркай зоркай трэба разглядаць легенду Каруся Каганца. Імя ёй — Любоў.
Лёс падараваў яму велічнае каханне да жанчыны, i гэта ўнесла ў творчасць новую магічную цеплыню лірычнасці, пачуццёвасці i шчырай сентыментальнасці.
Пачуццё гэтае — шырэй — было асвечана любоўю творцы да роднай зямлі, да маці-прыроды, i ад aпoшнix i ўзрастала, бо хто, як нi тыя радзіма i прырода, уклалі ў калекаватае, сціснутае цяжарам вакольнай цямрэчы цела здольнасць так высока, чыста і адухоўлена (напрыканцы жыццёвага шляху Карусь Каганец прыйдзе да ўсеахопнага спасціжэння вобразу Маці Боскай) адчуваць сусветную прыгажосць i прыгажосць адзінкавую... А да ўсяго — i ўнутраную.
Вялікая i чароўная сіла кахання надала Каганцоваму полымю якасна новыя адценні i афарбоўкі, пяшчоту й кунегу. Таму i нараджаліся разам з названымі вышэй абуджальна-асветніцкімі вершамі лірычна-інтымныя творы. У перыяд з 1894 па 1896 гг. Карусём Каганцом быў створаны асобны вершаваны цыкл, з якім, на жаль, цалкам чытач азнаёміцца пакуль што не можа...
Поўная назва цыкла — «Спяваннi мілосныя “Каханне Каганца”», а самі тэксты захоўваюцца ў рукапісным apxiвe пісьменніка (Аддзел рэдкай кнігі i старадрукаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, ф. 1, вып. 1.). У складзены далёка не поўны збор твораў Каруся Каганца (Каганец К. Творы. — Мн., 1979) увайшлі два вершы гэтага цыкла, аб чым, верагодна, не здагадваўся i сам складальнік — Сцяпан Александровіч. У прадмове да кнігі ён зазначыў: «Шкада, што не захаваўся своеасаблівы прыродаапісальны (? — А. П. ) цыкл вершаў паэта “Каханне Каганца”».
Цыкл складаецца з шасці вершаў, знітаваных узвышаным i чыстым пачуццём, насычаных лірычна-псіхалагічнымі роздумамі. З народна-песенных традыцый, дааздобленых уласнааўтарскім светабачаннем, выліваюцца найчасцей Каганцовы радкі:
Ой, у полі веце вее,
Маё сэрца чагось млее.
…
То не кветка у траве
І не птушка сэрца рве,
А дзяўчына між нас е
Мільша жыцця для мяне…
Маючы ўражлівую душу мастака, ведаючы адгадкі вясёлкавых фарбаў i скульптурных ліній, Карусь Каганец не мог не адчуваць, не асэнсоўваць суб’ектыўна-ўласных перажыванняў, настрояў. I тут, здаецца, ён адным з першых пракладаў у нашай літаратуры (па-свойму i смела) новую сцежку імпрэсіяністычнасці . I iмпpэсіяністычнасць Каруся Каганца — адметная, фальклорная. «Першае слова яго кніжнай творчасьці было апошнім словам народнай творчасьці», — пісаў пра пісьменніка ў «Гісторыі беларускае літаратуры» Максім Гарэцкі. А Максім Багдановіч, прыйшоўшы напрыканцы жыцця да спасціжэння народнасці культуры і мастацтва, «каб стаць бліжэй да душы беларуса, лепей наталіць яе духоўную смагу, каб улажыць што-небудзь сваё ў скарбніцу светавой культуры, каб уліць у нашу паэзію свежыя сокі», першым прыкладам працы ў гэтым кірунку бачыў творчую постаць Каруся Каганца. «Можна пісаць і інакш — не намагаючыся падрабіцца пад народную песню, але ў народным духу, прыклад чаго даў Карусь Каганец», — адзначаў у сваім артыкуле «Забыты шлях» М. Багдановіч. Больш за тое, ён стаў і таленавітым вучнем Каруся Каганца: згадаем «вершы беларускага складу» «Бяседная», «Лявоніха», «Скірпуся», «Агата» і пад.
Карусь Каганец спрабаваў «акультурыць», наблізіць да кожнага — праз сваё перажыванне і пачуццё — беларускую народнапесенную стыхію, крануцца агульных духоўных струнаў — і ў іх поліфанічнасці знайсці найбліжэйшы гук для выяўлення свайго настрою. І Карусь Каганец змог прамовіць не толькі ад імяселяніна (прыклад Ф. Багушэвіча), — вуснамі пісьменніка загаварыў сам беларускі народ. А праз колькі гадоў маладзейшыя працягнуць яго спеў, і з’явяцца ў Янкі Купалы і Якуба Коласа вершы з аднолькавай назвай «Мужык», і новай водпаведдзю прагучыць над роднай старонкай: «Што я мужык, усе тут знаюць» і «Я — мужык, бядак пахілы»…
Читать дальше