Да заканчэння зімы паязджане паспелі дабрацца з Табольска ў Маскву. Амаль задарма спешна прадалі коней, сані — і ўжо цягніком выправіліся да Менска.
Напрадвесні . Кастравіцкія прыехалі на радзіму. Цяжкая дарога дадому адабрала ў бацькі Каруся Каганца апошнія жыццёвыя сілы. Каралю Самуілавічу было прапанавана жыхарства ў «Былым Царстве Польскім», куды ён, пакінуўшы сям’ю ў жончыных родзічаў у вёсцы Засулле пад Стоўбцамі, i падаецца. Але працу знайсці не ўдалося, i ён вярнуўся назад. Праз месяц у Кастравіцкіх нарадзілася дачка, якую, ахрысціўшы, назвалі Маняй. У сямейных клопатах прабегла яшчэ паўгода, пасля чаго Караль Самуілавіч выехаў у Менск — ужо ў каторы раз пахадайнічаць аб гэтым абрыдлым «виде на жительство» (ён, хто мог назваць на гэтай зямлі «пятнаццаць каленаў» сваіх продкаў!). З дарогі былы ссыльны зайшоў праведаць даўніх знаёмых, дзе за шклянкай гарбаты раптоўна адышоў у вечнасць...
Будучаму Карусю Каганцу было тады 6 гадоў. Неўзабаве пасля смерці мужа маці Kaзiмipa ўзяла прымака — мясцовага селяніна. У сям’і пачалі з’яўляцца новыя дзеці, жыццё не лягчэла…
У свой час бацька Каруся Каганца забяспечыў быў за сваёй жонкай асобным дакументам частку маёмасці, якая не магла быць канфіскаванай. Але маці Kaзiмipa выехала, спадзеючыся на лепшае, за мужам у высылку, а сваякі страцілі адпаведны дакумент. Калі ж ён знайшоўся, на маёмасць «зайшла даўнасць». Усё ж, дзякуючы нейкім намаганням, удалося атрымаць ад сястры Каганцовай маці каля дзвюх валокаў зямлі — пусткі ў Юцкох (Прымагіллі) каля Койданава (гэтая назва сустракаецца яшчэ i ў іншым варыянце — Яцкі). Туды i пераехала з «новым» бацькам сям’я Казіміра Кастравіцкага: маці, Дося, Стась, Амброзій, Маня, і Казік, Янка і Міхалка…
ЖЫЦЦЁВЫЯ «ЎНІВЕРСІТЭТЫ»
Малому Kaзiмipy давялося зрабіцца вясковым пастушком, зарабляючы сабе i родным на хлеб. Так, зрэшты, сцвярджалі ўсе вядомыя (хоць ix — невялікі драбок) даследаванні, прысвечаныя жыццю i творчасці Каруся Каганца. «...Ён (Карусь Каганец. — А. П. ) пачаў пасьвіць i быў пастухом ад 6 да 11 год. Выганяць прыходзілася ледзь ня ўночы — раніцай, i прыганяць ледзь ня ўночы — увечары. Адпачываць жа ўдзень, калі жывёла стаяла захаванай у хлевушку ад аваднёў, нельга было, бо не было чаго есьці, i малы Kaзiмip бег да каго-небудзь з суседзяў i вёў пасьвіць выпражанага з плуга каня, каб зарабіць сабе кубак малака...», — чытаем у артыкуле Міколы Каспяровіча i, як вынік, знаходзім: «...умовы працы зарадзілі нянавісьць да тамашніх палацаў, якія, як ужо сьцяміў у той час Kaзiмip, жылі за кошт яго i яго прыяцеляў працы» (Касьпяровіч М. Карусь Каганец (Да 10-ай гадавіны сьмерці) // Наш край, 1928, № 10, с. 70.).
Са значным ідэйнаадрозным aпiсаннем маленства Kaзiмipa Кастравіцкага давялося пазнаёміцца ва ўспамінах Вацлава Ластоўскага, які сведчыў аб тым, што сям’я Каруся Каганца ў той час жыла адносна багата, мела сваю дваровую службу, пякарню, дзе сярод простата люду i праводзіў малы Kaзiмip большасць вольнага часу. «Успамінаючы свае дзіцячыя гады, Карусь Каганец апавядаў, — пісаў В. Лacтoўcкi, — што ён да 10 гадоў заўважыў ужо антаганізм, які існаваў паміж пакоямі i пякарняй. У 15-гадовым узросьце яго дражніла тое... дзяленьне на «мы» i «яны». «Мы» — памешчыкі, шляхта, «яны» — сяляне... Яго дружба з сялянскай моладзьдзю i «простая» (г. зн. ня панская) мова бывалі частымі прычынамі сямейных драм. Але аканчальны разрыў з сям’ёй наступіў пасьля таго, калі Карусь Каганец, пад уплывам народавольскіх ідэй, уцёк з дому (вылучана мной. — А. П. ) i наняўся ў суседнім павеце пасьвіць статак у вёсцы» (гл.: Ластоўскі В. (Успаміны аб Карусю Каганцу) // Савецкая Беларусь, 1928, № 115.).
Такія адрозныя aпicaннi маленства Каруся Каганца, дзе ў першым выпадку яму давялося рабіць, не маючы чаго паесці, а ў другім — ён самохаць збягае з хаты (ад багатага, заўважым, стала).
I тут — сярод простага беларускага сялянства, якое адно пакуль не выраклася сваёй мовы i свaix звычаяў, у матчыных абдымках прыроды — Карусь Каганец зведвае важнейшыя навукі свайго найгалоўнага жыццёвага ўнівepciтэта. Цудоўным настаўнікам тут быў яму скарб роднай мовы, народных песняў, легендаў, паданняў, казак, якія ён ашчадна вывучаў i зaпicваў (а дома ж, калі хлопца прылучалі да граматы, злосць брала, — прызнаваўся ён В. Ластоўскаму, — чаго гэта яго вучаць «не па-нашаму»). За нягоршага выкладчыка была малому Казіміру i праца, нялёгкая, але ўсё ж жаданая, вясёлая, — сярод цудоўных палёў, часта разам з іншымі сялянскімі дзецьмі. Многаму навучыла хлопца i адзінота, тая нясмелая, сціплая адзінота калекаватага хлапчука, якому лёс наканаваў вылучыцца сярод аднагодкаў i фізічна. Казімip меў горб, праз што пры гасцях крыху стыдобіліся сына i маці, i айчым, а гарбатасць не была прыроджанай, як у бацькі, а з’явілася вынікам нешчаслівага недагляду: яшчэ ў Табольску малы вываліўся з акна на вуліцу, i гэта яго пакалечыла, а ў Засуллі пад час гульні на хлопца абваліліся цяжкія вароты. Да калецтва, магчыма, спрычынілася i спадчыннасць...
Читать дальше