Навакольле таксама зьмянiлася. У мой любы зялёны роў нельга было i ўлезьцi, так ён зарос алешнiкам; прапала безь людзкой патрэбы i наша крынiчка. Хмызьнякi i алешнiкi ўсё болей заваёўвалi колiшнiя вясковыя палеткi i падступалi да самых гародаў. Дашчэнту пазарасталi палявыя дарожкi, а тыя, што засталiся, былi бязьлiтасна зьнявечаныя вялiзнымi коламi аўтатрактарнай тэхнiкi i круглы год зеўралi правальлем-каляiнамi. Добра, што галоўную дарогу я ўсё ж дамогся заасфальтаваць у свой дэпутацкi час. Вайскоўцы не далi заасфальтаваць адрэзак з магiстральнай дарогi на Кублiчы, — адкуль у iх пачыналася манэўровая аўтаракетная траса, якую належала маскаваць ад НАТА. Цяпер няма нi трасы, нi ракетаў, але няма i людзкай дарогi.
Мой брат Мiкола, якi тут пражыў жыцьцё, працуючы ў калгace, дачакаўся нарэшце пэнсii i з тае нагоды быў дужа рады. Яго нiхто ня гнаў на дармовую працу, можна было пакалупацца на падворку, ля хаты, што брат дужа любiў. Плёў з дроту сеткi на загарадзi, у суседнiх хмызьняках назапашваў дровы. У хляве гадавалася сьвiнка, пасьвiлася кароўка. Грошай плацiлi мала, але рэгулярна, хлеб раз на тыднi прывозiла аўталаўка. Чаго яшчэ было трэба? Такога жыцьця нiколi не было ў вёсцы, i пэнсiянэрам здавалася, што дажылiся нарэшце да камунiзму, якi абяцалi бальшавiкi. Каб толькi болей здароўя. Але менавiта здароўя i не хапала, — здароўе дарэшты адабрала шматгадовая калгасная паншчына. Нядоўга парадаваўся сваёй пэнсiйнае волi i мой Мiкола…
Так, насунулася пара стратаў, усё блiжэй падступаў час разьвiтаньня. Меней i меней заставалася крэўных, сяброў i нават знаёмых. Рыгор дык зусiм застаўся адзiн — апошнiмi сышлi яго цётачка, што колiсь ласкава частавала нас сьнеданьнямi (мужчынскую годнасьць яна часьцяком вызначала па спрадвечнай сялянскай шкале: ешчы-няешчы. Ня ведаю, як Рыгор, а я ў яе апынуўся ў лiку няешчых), нядаўна пайшоў i дзядзька Пятрок, апошнi з Рыгоравай раднi, ня дужа дбайны вартаўнiк Рыгоравага падворку, на якiм цi ня кожнай зiмы гаспадарылi вушацкiя зладзеi. У адну з апошнiх маiх паездак на радзiму я прыдбаў iдэю-сюжэт аповесьцi «Аблава».
Знаёмы кублiцкi чалавек распавёў пра выпадак з 30-х гадоў, як у нас праходзiла калектывiзацыя i зь ёй — раскулачваньне, высылкi, рэпрэсii. Адзiн селянiн быў сасланы зь сям’ёй пад Архангельск, там напакутаваўся, пахаваў жонку, малую дачку i вырашыў уцякаць на радзiму. Як нi дзiўна, тое яму ўдалося. Праз шмат прыгодаў-пакутаў, адолеўшы тысячу кiлямэтраў, ён апынуўся на родным котлiшчы i соладка, на адзiноце паплакаў. Але на тым i скончылася ўсё яго шчасьце вяртаньня. У дарозе яго нiхто ня ведаў, а тут пазнаў першы ж сустрэты ранкам сусед. I ўжо надвячоркам на яго пачалi паляваць, наладзiлi аблаву, у якой (во драма!) змушаны быў прыняць удзел i ягоны сын, што ў свой час адрокся ад бацькi i ўступiў у партыю. Бацька ўтапiўся ў балоце, але з чым застаўся жыць яго сын? Цi ня з тым жа, што ўвесь век насiў у сабе Аляксандр Твардоўскi. Гэта ж ён апынуўся ў падобнай сытуацыi, калi аднойчы ў Смаленску, дзе малады паэт працаваў у рэдакцыi, да яго прыйшоў зьбеглы з высылкi бацька. Сын тады сказаў яму: «Вяртаўся б ты лепей туды, адкуль прыйшоў…». Людзям iншага веку наўрад цi зразумець усю глыбiню вытокаў пажыцьцёвай драмы слыннага паэта i ягонага няшчаснага бацькi.
Па начной дарозе да Менску, седзячы мiж стомленых паездкай i працай кiношнiкаў, я ўсё думаў пра тую даўнюю драму. А прыехаўшы дадому, хутка напiсаў «Аблаву».
Зянон Пазьняк iмкнуўся ўсталяваць у БНФ строгую партыйную дысцыплiну, улiк i ўсё iншае, уласьцiвае рэгулярнай палiтычнай арганiзацыi. Болей як два разы нельга было прапусьцiць паседжаньнi сойму, на ўсiх сяброў заводзiлiся ўлiковыя карткi. Toe, мабыць, было патрэбна, бо мiнiстэрства юстыцыi строга сачыла за выкананьнем фармальнасьцяў, каб пры выпадку прыдрацца i спынiць дзейнасьць грамадзкай арганiзацыi. Усяго таго ды шмат чаго iншага Пазьняк i БНФ дамаглiся пры апантаным супрацiўленьнi нават адносна лiбэральнага ладу часоў Шушкевiча, не кажучы ўжо пра пазьнейшы палiцэйскi рэжым Лукашэнкi.
Вядома, суровы рыгарызм Пазьняка далёка ня ўсiм падабаў ся ў шэрагах фронту. Увогуле сумленныя i разумныя хлопцы, пераважна беларускiя iнтэлiгенты, сабраўшыся разам, нярэдка выяўлялi нязгоду з лiдэрам. Тая нязгода ў асноўным палягала ў тактыцы; стратэгiя нi ў кога не выклiкала сумневу, бо стратэгiяй была Беларусь, якой бэнээфаўцы, безумоўна, былi аддадзеныя. Я любiў i паважаў iх усiх — заўжды фiласафiчна-памяркоўна настроенага Юрася Хадыку, веселуна i песьняра Валянцiна Голубева, няўрымсьлiвага Вячаслава Сiўчыка, красамоўцу Вiнцэся Вячорку, па-дзелавому засяроджанага Сяргея Навумчыка. Некалькi пазьней да iх далучыцца iнтэлiгентны Лявон Баршчэўскi. Слаўныя былi каля iх i дзяўчаты, хоць i па-жаночы не заўжды згодныя мiж сабой, але памяркоўныя i адукаваныя. Аналiтычныя здольнасьцi Зянона здавалiся бязьмежнымi. Падобна было на тое, што ён ведаў усё пра Беларусь — сучасную i гiстарычную, слухаць ягоныя развагi пра яе можна было гадзiнамi. Хоць ён не выглядаў красамоўцам, але гэта быў чалавек, на ўсё жыцьцё хворы Беларусьсю. Я вельмi цанiў гэтую ягоную якасьць, i нават калi не з усiм быў згодны або ня ўсё мне падабалася ў ягоных максiмах, не хацеў пярэчыць. Я не адчуваў за сабой права пярэчыць чалавеку, апантанаму вялiкай iдэяй. Праўда, Адамовiч, аднойчы прыехаўшы ў Менск i спаткаўшыся з Пазьняком, сказаў, што гэты чалавек сапраўды можа прэтэндаваць на лiдэрства ў Беларусi, адзiны яго недахоп — празьмерная апантанасьць. Кепска быць апантаным, тым больш — iдэяй. Самыя высакародныя iдэi менавiта i банкрутуюць з прычыны апантанасьцi iхнiх адэптаў. У вогуле з тым я быў згодны, але не ў дачыненьнi да Пазьняка. Я меркаваў, што для апалiтычнай, рахманай Беларусi патрэбны менавiта такi лiдэр. Толькi такi меў магчымасьць, здольнасьць i волю абудзiць нацыю, якая багата што праспала ў сваёй гiсторыi. Тая мая прыхiльнасьць да Пазьняка ўзмацнела, калi аднойчы, уключыўшы тэлевiзар, убачыў буйным плянам яго аскетычны твар, рашучыя твары ягоных паплечнiкаў i пачуў, як лiдэр БНФ абвясьцiў камунiстычную партыю бандай тыранаў i забойцаў, самай крывавай у нашай гiсторыi. Toe яго выступленьне ў прамым этэры беларускага тэлебачаньня, таксама як i некаторыя газэтныя публiкацыi, напачатку выклiкала шок у грамадзтве, нязвыклым да падобных пасажаў. Тым ня менш пройдзе трохi часу, i тое ж грамадзтва без праблемаў абярэ Зянона Станiслававiча дэпутатам Вярхоўнага Савету. Вядома, гэта стала магчымым з нагоды, калi выбарчыя камiсii яшчэ не былi цалкам заангажаваныя рэжымам i падлiчвалi галасы больш-менш аб’ектыўна. Разам з Пазьняком у Вярхоўны Савет была абрана даволi вялiкая група сяброў БНФ, якая i склала грунт парляманцкай апазыцыi, што шмат чаго дамаглася наконт незалежнасьцi краiны. Тыя посьпехi апазыцыi i яе лiдэра грэлi, натхнялi i давалi надзею.
Читать дальше