З той пары пачалося зусім франтавое жыцьцё — у зямлі. Як на вайне. Старэйшым дык то было звыклым, зямля прыхільна прымала чалавека, над якім — небясьпека. А маладыя бунтавалі. Мой сябра Лёнька Клімаў заўжды быў у канфлікце з камбатам, то праз свае частыя адлучкі ў вёску, то праз п’янкі. Балюкоў таксама часьцяком быў пад градусам. Сам жыў адзін, жонку адправіў на мацярык. Улетку піў сьпірт, а як ня стала сьпірту, ад камбата так і несла пахам трайнога [адэкалону].
Між тым сваім чарадом ішлі заняткі, асабліва палітпадрыхтоўка — два дні па дзьве гадзіны ў тыдзень. Апроч таго — інструктажы ў нампаліта. Праверка канспэктаў. І трэнажы па артылерыйскай падрыхтоўцы. Ішлі бясконцыя партыйныя сходы, на якіх адпрацоўвалі любімую тэму пільнасьці. У дні партыйных сходаў мяне, як беспартыйнага, прызначалі ў нарад. Са зьдзіўленьнем даведаўся, што ў гэтым палку ўпаўнаважаных СМЕРШу не адзін афіцэр на полк, а, мабыць, сем: на кожны батальён, дывізіён. Усё лавілі, выкрывалі шпіёнаў.
Аднойчы раненька я прыйшоў на пірс — даведацца, калі пойдзе кацер на Паўднёва-Курыльск. І тут бачу: наш старшы ўпаўнаважаны СЬМЕРШу капітан Шырокаў вядзе капітана Авяр’янава, за якім ідуць два аўтаматчыкі са зброяй. Я падзівіўся, Авяр’янаў быў у шынялі, але без пагонаў. Гэты афіцэр служыў начальнікам штабу батальёну, быў неблагі служачы. Пасьля дазнаўся, што атрымалася. Аднойчы капітан праспаў развод на заняткі — не зазваніў будзільнік. І ён, не стрымаўшыся, вылаяўся на адрас стаханаўскай вытворчасьці. А за тонкай, з дошак, сьцяной тое ўчуў ягоны саслужывец, падпалкоўнік, які і стукнуў.
Празь дзень на афіцэрскай нарадзе палкоўнік Муратаў аб’явіў, што капітан Авяр’янаў арыштаваны за антысавецкія размовы.
Пра тое, наколькі небясьпечныя шчырыя размовы, я ведаў
і раней. Але тут паявілася новая небясьпека — бытавая. Пасьля кожнага сьвята, калі газэты друкавалі на першай старонцы вялікі партрэт Сталіна, раненька оперупаўнаважаныя перакопвалі сьмецьце за хатамі — шукалі дзе скамячаную газэту з тым партрэтам. Пасьля было сьледзтва. І віноўніка знаходзілі. Гора таму было. У лепшым выпадку выключалі з партыі.
Увесь той год прайшоў для мяне на НП над затокай, якую я вывучыў да дробязяў. Назіраў, як мяняўся акіян; улетку і ўвосень, уранку і ўвечары. Часамі ён быў цудоўны, часамі агідны — у непагадзь. Жонка працавала настаўніцай у мясцовай сямігадовай школцы. Час чаргаваўся між працай, дзяжурствам, заняткамі, праверкамі, дробнымі непрыемнасьцямі ва ўзаемаадносінах з начальствам. Вельмі шмат займаліся артстралковай падрыхтоўкай на тым жа змайстраваным мініятурным палігоне. Гэтым кіраваў інтэлігентны і на рэдкасьць добразычлівы начарт маёр Стаянаў.
У канцы году мяне падвысілі — перавялі ў штаб палку да начальніка артылерыі падпалкоўніка Еўдакімава. Там я зрабіўся старшым ад’ютантам артылерыі — начальнікам штабу. На мяне леглі ўсе папяровыя справы — планаваньне, справаздачнасьць баявой падрыхтоўкі, арганізацыя артстралковай вучобы афіцэраў артылерыі. Увогуле гэта было спакайней і прыемней, чым сядзець зіму ў дымных зямлянках і прымаць начальства ды правяраючых са штабоў. Але тут зьявіліся свае праблемы. Шмат турбот патрабавала абсурдная сакрэтнасьць; кожная паперка ў штабе была з грыфам «сакрэтна», яе трэба было атрымаць пад расьпіску, пад расьпіску здаць і ня дай Бог згубіць. За страту не адзін афіцэр паплаціўся кар’ерай. А то і воляй.
У лютым, якраз 23-га, на дзень Савецкай арміі, нарадзіўся мой першы сын Сяргей. Нарадзіўся дома, з дапамогай фэльчаркі суседняе вёскі. Умовы для яго маленства былі ня надта прыдатныя: стаялі халады, завеі, у пакоі за ноч замярзала вада. З дровамі былі хранічныя праблемы. Паявіліся новыя (і немалыя) клопаты, новыя цяжкасьці. Трэба было падтрымліваць хоць бы мінімальную тэмпэратуру жытла, а тое пры жалезных печках было небясьпечна: часта востраў трэсьлі землятрусы. У такі час развальваліся бляшаныя дымаходы і здараліся пажары.
Усчаліся праблемы з камандзірам маёй былой батарэі маёрам (ужо маёрам) Балюковым. Жывучы халасьцяком, маёр добра запіў. Часам дапіваўся да гарачкі. Неяк зьявіўся на батарэю і аб’явіў збор. Прыбеглі разьлікі, усе ўлезьлі ў большы бліндаж. І тады камбат запаліў дымавую шашку — хацеў праверыць проціхімічную гатоўнасьць. Але многія былі без процівагазаў, і некаторыя страцілі прытомнасьць. Ледзьве ажывілі. Начальства адхіліла маёра ад камандаваньня, назначыла з паніжэньнем у дальні гарнізон. А мяне вярнулі ў батарэю — выконваць абавязкі камбата.
Читать дальше