У асноўным харчаваліся хлебам з кіпнем — па бохану на дзень. Тое каштавала 1 рубель. Аднойчы, як жылі на Смаленскім базары, падрабілі пару рублёў: намалявалі акварэльлю, добра пацерлі (бы старая паперка), і прадаўшчыца не заўважыла. Але толькі аднойчы. Болей не адважыліся, дый хутка атрымалі стыпэндыю.
Віцебск тады, канешне, быў традыцыйна мастацкі горад, меў музэй; на вуліцы Гогаля недалёка ад плошчы быў музэй славутага Пэна, якога незадоўга перад тым загадкава забілі. У невялікім пакоі і на драўлянай лесьвіцы віселі яго карціны, выкананыя ў стылі дабротнага рэалізму — шаўцы, старыя яўрэі, коні, выявы старадаўняга Віцебску. Пра ягонага славутага вучня Марка Шагала, які тады жыў у Парыжы, у яго родным горадзе нічога не было вядома. Бы ён і ня меў ніякага дачыненьня да гэтага гораду. Але час мяняецца, і праз шмат гадоў я ўжо быў у ліку тых, хто на Пакроўскай вуліцы адкрываў скульптурны помнік славутаму земляку.
Я там правучыўся няшмат. Увосень саракавога году аб’явілі «радасную» навіну: пастановай ураду стыпендыі адмяняюцца, за ўсе матэрыялы і падручнікі трэба плаціць. Як было жыць, ня толькі вучыцца? Грошай мне з дому ніколі не прысылалі, ды я і не прасіў. Аднойчы бацька, як ехаў у горад, заехаў да дзядзькі Сьцяпана, пазычыў тры чырвонцы, якія я расьцягваў, як мог. Найбольш — на хлеб, якім звычайна мы харчаваліся. Устанеш раненька, гадзін у 6, і — да хлебнай крамы ў чаргу. Чарга вялізная, усе чакаюць. Гадзін у восем прывозяць хлеб, пачынаецца штурханіна. Карткі пад гэты час ужо адмянілі, дык па хлеб у горад рынуліся з навакольных вёсак, зь іншых раёнаў. На хлеб выдаткоўваўся ня больш за рубель, бо трэба ж было яшчэ купіць фарбы. Ды і з брызентавых гамашаў вылезьлі пальцы… Спрабавалі мы з хлопцамі перабівацца такімісякімі заробкамі[: ] на грузавой станцыі, шчотачнай фабрыцы. У Віцебску, як ні дзіўна, да самай вайны захаваўся дробны прыватны сэктар. Недзе на вуліцы, што вяла да аэрапорту, убачылі маленькую такую крамку, над дзьвярыма было няўмела напісана «Головные уборы шью» — стары Абрам шыў там шапкі. I вось, памятаю, мы ўдвух з Шаўчонкам, хлопцам з Палесься, пайшлі туды. (Шаўчонак пасьля таксама кінуў вучобу, — не было як вучыцца. Ня меў абутку, дык ён асеньняй парой, па гразі хадзіў у растаптаных бурках.) Дамовіліся з гаспадаром зрабіць яму прыгожую шыльду, ён паабяцаў за тое 15 рублёў. Знайшлі нейкую здатную фанэрыну, загрунтавалі, напісалі «Галаўныя ўборы». На адным канцы дошкі намалявалі кепку, а на другім капялюш. Панесьлі заказ. Гаспадар паглядзеў, паглядзеў і кажа: а чаму капялюш? Што, я капелюшы раблю для буржуяў? I ня ўзяў шыльду, адмовіўся. Відаць, быў напалоханы з часоў нэпа.
Так ляснуў наш заробак. Яшчэ пашвэндаўшыся па горадзе і нічога нідзе не здабыўшы, я зразумеў, што ў вучылішчы больш не ўтрымаюся, з мастацтвам прыйдзецца канчаць. Пайшоў у канцылярыю па дакуманты. Там наш выкладчык літаратуры, здаецца, прозьвішчам Леванёнак, кажа: «Шкада, Быкаў, — мог бы вучыцца…» Мне таксама было шкада, але як вучыцца? Аднёс у камісіёнку апошнюю сарочку, купіў білет да Полацку і яшчэ дзьве булкі, якія і зьеў, прысеўшы ў сквэрыку, дзе цяпер помнік Пушкіну. Прыехаў у вёску, пайшоў у сваю школу, у дзясятую клясу. Але з вучобай тут здорава адстаў. Ды новыя парадкі і ў школе. Падручнікі цяпер аказаліся платныя, трэба купіць. Але і купіць няма дзе, не хапае падручнікаў. Дома ранейшая галеча, калгаснае бязладзьдзе. Hі хлеба, ні дроваў. Якраз у гэты час пачынаецца набор у новаарганізаваныя школы прафэсіянальнага навучаньня (ФЗН), і я хутка зноў апынуўся ў Віцебску. Што ў Віцебску — мяне радавала. Знаёмы горад, любыя музеі. I ўспаміны. Невясёлыя, аднак, успаміны… У школе вучылі на будаўнікоў: муляры, бэтоншчыкі, арматуршчыкі — усё дужа далёкае ад мастацтва. Мастацтва рабілася ўсё больш недаступным. Трэба было працаваць — на сьцюжы, з растворамі. Але тут кармілі, давалі прытулак у інтэрнаце, а пасьля яшчэ пачалі і апранаць. У вучылішча я не хадзіў, хіба калі ўвечары падыходзіў пад вокны, бачыў паверх фіранак захінутыя анучамі скульптуры на станках. Было сорамна і балюча…
Зіма таго году была надта сьцюдзёная, зь вятрамі і маразамі. Мы ж працавалі і вучыліся скрозь на сьцюжы. Памятаю, муравалі дом на Суражскай шашы, я клаў вугал, для чаго патрэбны быў спрыт і галоўнае — дакладнае вока, каб не скрывіць. Бегалі грэцца ў суседні цэх чарапічнай фабрыкі, дзе было зацішней. А мой вугал атрымаўся трохі пахілы ў адзін бок, наш настаўнік Андрэй Iванавіч быў незадаволены, і я нейкі час перажываў з тае прычыны. (Дарма, аднак, перажываў. Хутка ад таго дому застанецца адна куча друзу. А пасьля вайны не застанецца і друзу, які зьнікне пад быльнягом і крапівой.)
Читать дальше