Як стала днець, прачнуўся. У камеры трохі пасьвятлела. Тут сядзела чалавек восем, я паўзіраўся ў маіх суседзяў. Адзін ляжаў на баку, выцягшы даўгія ногі ў высока накручаных абмотках. Другі сядзеў побач, на галаве ў яго была фуражка з зоркай над казырком. А яшчэ адзін ляжаў ля мяне, ён быў у белай вышыванцы, з рукамі, закладзенымі назад. Я не адразу здагадаўся, што яны ў яго зьвязаныя, і незнарок памкнуўся іх разьвязаць. Але чалавек тузануўся і прастагнаў: «Не чапай, застрэляць». I я адвярнуўся.
Дзіўна, што да паўдня з камэры нікога не выводзілі, а прывялі яшчэ трох. Усе тут маўчалі, толькі адзін з прыведзеных пачаў плакаць, і на яго крыкнулі: «Сьціхні! Разьнюніўся…» Усе чагосьці чакалі і слухалі, што адбываецца знадворку. А там сапраўды штось адбывалася, грукацелі машыны, чуліся крыкі камандаў ці што. Упаўдзён адбылася жахлівая бамбардзіроўка гораду, усё скляпеньне трэслася, аж сыпалася са столі. Недзе паблізу стралялі кулямёты, але зенітак не было, як стрымана зазначыў мой сусед у абмотках.
Пад вечар некалькі чалавек вывелі, болей не прывялі нікога. У камеры павальнела, але знадворку цішэй ня стала. Недзе, даволі блізка, бахала артылерыя. Я зноў трохі задрамаў. А прачнуўся ад таго, што дыхнула сьвежым паветрам, у дзьвярах стаялі вайскоўцы ў плашчпалатках. Ботамі яны пабудзілі тых, што былі бліжэй, і загадалі выйсьці. Дужа хутка ў другім канцы будынку пачуліся стрэлы.
«Чатыры», — са страхам мовіў хтосьці ў камеры. Твар майго суседа ў вышыванцы стаў зусім белы, бы абсыпаны мукой. Дзьверы затым пачалі часта расчыняцца, падобна, пачалі выводзіць усіх, па чарзе. Недзе, ня так далёка, усчалася страляніна, празь якую мы чулі некалькі блізкіх стрэлаў. Чарговы раз прыйшлі два — малады ў сіняй фуражцы і сталы, вусаты чырвонаармеец зь вінтоўкай. Гэты, вусаты, кіўнуў мне — на выхад, і я паслухмяна падняўся. Не памятаю, як выйшлі са склепу, цераз выбрукаваны двор завярнулі за вугал мураванага будынку на вытаптаныя грады агароду. I там пад старым дашчатым плотам я згледзеў у крапіве даўгія ногі ў высока накручаных абмотках. I я не стрымаўся — сьлёзы самі ручаём паліліся з вачэй. Чырвонаармеец прыпыніўся, бы зьдзіўлены маім бязмоўным плачам, і раптам кажа: «Пацан, бяжы! Хутка!». I я рвануў цераз бульбоўнік да блізкай праломіны ў плоце, чакаючы, што ён зараз у мяне стрэліць. Ён і сапраўды стрэліў, але ўгару, як я зразумеў бегучы, хоць і не азірнуўся нават.
Я бег і за плотам, празь нейкія агароды, пералез цераз драцяную загародку, абабег пахілыя хлеўчукі, апынуўся ў аброслым дзядоўнікам завулку. Добра, вайскоўцаў тут не было, толькі нейкая цётка зь вядром высунулася з-за вугла, я моўчкі яе абмінуў і нарэшце выбраўся да чыгункі. Тут зьніякавеў трохі, ня ведаючы, куды падацца — управа ці ўлева? Пайшоў улева, — каб ад вадакачкі, што блізка высілася над дахамі. Там неўзабаве спаткаў дзядзьку-чыгуначніка, які з мэталёвым чамаданчыкам у руках ішоў кудысь ці аднекуль. Я папытаўся, у якім баку Харкаў, і дзядзька, паўзіраўшыся ў мяне, моўчкі махнуў рукой — там. Я і пайшоў па пуцях на захад. Па дарозе ісьці было нельга, дарогі былі забітыя войскамі, што адступалі, бежанцамі — пешымі і на вазах. Я шпарыў па чыгунцы, кіраваў у Валчанск — гарадок пад Харкавам, дзе, як дачуўся раней, фармаваліся запасныя часткі. Каманда, ад якой я адстаў, накіроўвалася менавіта туды. Але дзе быў той Валчанск? Ці сапраўды пад Харкавам, як паказаў мне чыгуначнік? Болей папытацца не было ў каго. Ды я і баяўся пытацца.
Увогуле тады мне пашэнціла. Як збоч ад дарогі ў лесе знайшоў сваю каманду, тая ўжо строілася для фармоўкі. Я вельмі ўзрадвваўся, пачуўся амаль шчасьлівым. Але ж у мяне не было ніводнага дакументу, усё засталося ў Белгарадзкай камэндатуры. Добра, што камандзіры ня надта прыдзіраліся — не было часу, ды й хлопцы пацьвердзілі: то наш. I я ці не ўпершыню адчуў радасную еднасьць калектыву, яго шчасьлівую перавагу перад задушанай жыцьцём адзінкай. Пра свае драматычныя прыгоды ў Белгарадзе доўга нікому не распавядаў, пра дакументы пасьля пісаў, што страчаныя падчас вайны. Бяз пэўных падрабязнасьцяў [1] З 22 чэрвеня да 10 кастрычніка 1941 году асобымі аддзеламі НКВД і заградатрадамі войскаў НКВД па ахове тылу затрымана 657 364 вайскоўцаў, што адсталі ад сваіх частак і ўцякалі з фронту. Асобымі аддзеламі арыштавана 25 878 чалавек, астатнія сфармаваны ў баявыя часткі і адпраўлены на фронт. Паводле пастаноў асобых аддзелаў і паводле прыгавораў вайсковых трыбуналаў расстраляна 10 201 чалавек… (З даведкі намесьніка начальніка асобага аддзелу НКВД СССР Мільштэйна.) (Зноска аўтара.)
.
Читать дальше