І цяжка, самотна ўздыхаў.
Канешне, ратавала малако, але ж моладзі і мужчынам хацелася хлеба. Апроч таго, вечныя праблемы з вопраткай і абуткам. Па гразі, па сьнезе кожны дзень за тры кілямэтры ў школу. Тры туды, тры назад. У крамах жа нічога ня купіш, ды й за што купіць? Памятаю, калі ў сяльпо прывязуць мануфактуру, дык за ёй душыліся чорт ведае як. Газы давалі па літру ці паўлітры на месяц і толькі па пайскіх кніжках. Прыйдзеш зімой са школы, у хаце цёмна, перад печчу — лучына, так вось трэба рыхтаваць урокі. Праўда, сярод гэтай нэндзы часам выпадалі сьветлыя моманты. Неяк увосень кліча мяне дырэктар, паглядзеў на мае растаптаныя ў гразі башмакі і кажа: «Ідзі ў сельмаг, памерай гамашы. Скажы: дырэктар прыслаў». Пайшоў я, памераў, а пасьля дырэктар мне іх купіў. Усё ж я быў выдатнік, і, мабыць, тое штось значыла. Ужо я бярог-ашчаджаў тыя гамашкі…
Якраз тою парой бацька ўзяўся будаваць новую хату, старая згніла, жыць у ёй стала немагчыма. Узімку хадзіў у сельсавет, каб дазволілі сьпілаваць колькі хвояў, затым іх трэба было вывезьці. Ужо цёплай парой закладваў падмурак, пасьля ладзіў зруб. I ўсё сам, адзін, не пакідаючы палявой працы ў калгасе. Прыйдзе, бывала, на полудзень і хуценька на зруб — сякерай цюк, цюк… Так да восені. Увосень перабраліся ў новую, яшчэ недаробленую, без падлогі хату. Хораша пахлі сьцены, але не было печы. Печ стаўлялі ўжо ў зазімак. Намерзьліся добра…
Маімі вясковымі сябрамі былі хлопцы, пераважна старэйшыя за мяне, апроч хіба Васіля Паршонка, на год ці на два маладзейшага. Вядома ж, усе яны былі адметныя ўласным характарам: некаторыя добрыя і таварыскія, іншыя — ня надта. Валодзя Галавач, хоць і старэйшы за мяне на тры гады, паводзіў сябе як роўны, ладна таварышаваў, памагаючы, калі ў чым была патрэба. Toe і ня дзіва — у яго была маці вельмі добрая жанчына, апекавалася маёй маці, калі тая засталася адна, бяз мужа. Валодзя памагаў мне сячы дровы, як бацька ляжаў з тыфам у Вушачы. Добры хлопец быў сын рэпрэсаванага — Коля, мой сусед (жыў цераз адну хату), які пасьля вайны на радзіму не вярнуўся, атабарыўся ў Латвіі. Меней мы сябравалі зь ягоным братам Мішам Зьмітраковым, казалі тады: задаецца. Пасьля вайны ён быў дырэктарам школы, якую адбудоўваў у Кублічах. З Васілём Паршонкам, будучым кінамэханікам, мы, памятаю, каталіся зімой на лыжах; Васіль лепей за мяне зьяжджаў з самых крутых пагоркаў. Яшчэ адзін сябра, мой стрыечны брат Мікола, не вярнуўся з вайны — падобна, быў забіты пры штурме рэйхстагу, як сьведчыў камбат Няўстроеў. А ягоны малодшы брат Iльля, былы партызан, пабадзяўшыся па сьвеце, пад старасьць вярнуўся на радзіму і пахаваны на бацькоўскіх могілках.
Вось цяпер я ўспамінаю і хачу зазначыць, што ўсё ж такі дзеці — жорсткі народ. I нават у нечым па-жывёльнаму люты. Ну, натуральна, тое залежыць ад сацыяльнага стану, выхаваньня, гэта само сабой. Як і ў дарослых. Але дарослы чалавек мае нейкае права на годнасьць, хоць бы на асабістую. А малы? Ён жа ня мае ніякіх правоў, а то і ўяўленьня пра тыя правы. Ён прывык думаць, што ўсё вырашае сіла — улады, дарослых, старэйшых сяброў… I заўсёды знойдзецца нехта старэйшы ці дужэйшы, а то і з садысцкімі схільнасьцямі, які дыктуе свае законы. I часта меншы не разумее, што тое няправільна, што павінна быць іначай. I не паскардзіцца, бо ведае, што яго не абароняць. I ведае таксама, што скардзіцца кепска — тое яму ўнушылі рана, асяродзьдзе, а то і бацькі. Настаўнікі таксама. Ростам я быў не малы, але худы і слабы, і з тае прычыны ў розных сутычках ня мог адчуваць перавагі. Перавага была за іншымі — болей дужымі, а галоўнае — болей нахабнымі. У мяне не было нахабства. Во тут я і прыпамінаў мяккі матчын характар, які я ўнасьледаваў і які мне нямала шкодзіў зь дзяцінства. Зноў жа ў дзяцінстве я быў схільны востра перажываць свае ды і чужыя няшчасьці. Асабліва як пачасьціліся рэпрэсіі, сялянскі хапун. I сябраваў з хлопцамі, што засталіся без бацькоў, якіх іншыя стараніліся ці грэбавалі, бо ж — ворагі народу. У нас тады вёска была двароў на дванаццаць, праўда, хутары яшчэ пасьля падсялілі. Дык з гэтых дванаццаці гаспадароў шасьцёх узялі. Цёмных калгасьнікаў, былых беднякоў. Узялі і Бобрыка. Мабыць, яму тая «Нива» з царамі ды графінямі бокам вылезла. Быў яшчэ Дзям’ян Азевіч, інвалід Першай сусьветнай вайны з сухой паралізаванай рукой, якую насіў у чорнай пальчатцы. Ён зарабляў на хлеб рамонтам гадзіньнікаў, якія несьлі яму з усёй акругі. I ён усе іх рамантаваў — насьценныя, кішэнныя, будзільнікі і г. д. I нават больш — шкло ў іх ставіў. А шкло дзе возьмеш? Дык ён купляў шкло для лямпы, з выпуклай часткі выразаў самы пятачок і ставіў. Я, калі вучыўся, колькі год насіў яму гадзіньнікі зь мястэчка, пераважна ад настаўнікаў. Пакладу ў карабок ад запалак і прынясу. Ён шкельца ўставіць, аднясу назад. А тады нясу рубель за працу. I ён заўсёды дасьць 20 капеек. Вось і гэтага інваліда ўзялі. А ягоны сын у гэты час, таксама Дзёмка, служыў на Далёкім Усходзе. А пасьля, у вайну, пайшоў у партызаны і ваяваў да перамогі. Ваяваў за савецкую ўладу, якая панішчыла ягонага бацьку. Але — не пакрыўдзіўся, за што, як вядома, хвалілі бальшавікі. Што не азлобіўся. Як быццам за тое сапраўды можна было не азлобіцца.
Читать дальше