Пацягнуў Дзіма барана, як санкі, за сабою, а я па вуліцы ад плота да плота хаджу, чакаю, калі вернецца.
Дачакаўся нарэшце. Падышоў Дзіма да мяне, выцер узмакрэлы лоб:
— Гэтага барана хоць у воз запрагай. Сем патоў сышло, пакуль завёў.
Толькі сказаў ён так — мой брат Міколка бяжыць.
— Дзіма, — крычыць здалёку, — твой баран ашалеў.
Мы, як пачулі гэткае, насустрач Міколку.
— Ты што пляцеш? — накінуўся Дзіма на Міколку. — Я свайго барана нядаўна на выган завёў.
— Ты завёў, а ён ашалеў.
— Жартачкі строіш? — схапіў Дзіма Міколку за каўнер.
— Дзіма, пусці яго, — заступіўся я за брата. — Твайго барана, напэўна, шалёны сабака ўкусіў.
— Не, — прагаварыў Міколка, — ён вядро сабе на галаву надзеў.
— Гм, — хмыкнуў Дзіма, — хлусіш.
— Я не хлушу. Надзеў твой баран вядро на галаву і па балоце гойсае. Авечкі ўцякаюць ад яго. Яны таксама як ашалелі ад страху. Твайго барана мужчыны ловяць.
— Дзіма, пабеглі на выган, — сказаў я. — Паглядзім, што там робіцца.
Міколка не хлусіў. Збіўшыся ў гурт, па выгане насіліся авечкі. Яны бляялі так, што хоць вушы затыкай. За імі імчаўся Дзімаў баран. На галаве ў яго было надзета іржавае вядро. Воселкам яно зачапілася за рогі, закрыўшы яму вочы. За бараном, рассыпаўшыся ланцугом, часалі мужчыны.
Некалькі хвілін мы стаялі як у здранцвенні.
— Міхась, трэба яго злавіць, — крыкнуў Дзіма.
Я, доўга не думаючы, кінуўся напярэймы.
— Бэ-э-э, б-э-э, — забэкаў, падклікаючы барана.
Баран раптам павярнуўся — і проста на мяне. Са ўсіх чатырох. Уяўляеце? Ляціць з вядром на галаве, нібы жывы таран.
— Лаві, — галёкнуў Дзіма.
А я ходу. Бягу штосілы, і баран ззаду тупаціць, не адстае. Я яшчэ хутчэй прыпусціўся. І баран, здалося мне, хутчэй. «Калі не заб’е, то абавязкова пакалечыць», — думаю.
Наперадзе, як на тое гора, роў. Гэты роў меліяратары выкапалі. Даволі-такі шырокі роў. Метры на тры — тры з палазінаю. А магчыма, і болей. Ніхто не вымяраў яго шырыню. Вады ў рове зусім нямнога, але дно гразкае. Ступіш — і па калені правалішся. «Калі скачуся ў гэты роў, то з гразі не адразу вылезу, — думаю. — Дагоніць баран — і на галаву. Жывога месца не пакіне. Трэба пераскочыць. Няўжо не пераскочу?»
Заплюшчыў вочы — і як сігану! Усё-ткі пераскочыў! Стаю, зямлі пад сабою не чую. Радасна так радасна на душы!
А баран боўтаецца ў гразі, як шчупак. «Бэ-э-э, б-э-э», — бляе, заходзіцца. Падбеглі мужчыны, хуценька вядро з галавы знялі, выцягнулі небараку з рова.
- Ідзі, дурань, — падштурхнуў яго Іванавіч — І сам ты страху набраўся, і авечак перапалохаў.
Крыху пастаяў баран і, як ачмурэлы, ківаючыся накіраваўся да гурту. І тут Дзіма падлятае:
— Хто майму барану вядро на галаву надзеў? Га?
На мужчын сур’ёзна пазірае, за папружку трымаецца, як бы збіраецца адхвастаць усіх па парадку. Ды ледзь яго не адхвасталі, а заадно і мяне.
— Так ты на нас яшчэ і галёкаеш? — падступіў да Дзімы дзед Тамаш. — Вінаваты, і галёкаеш? Язык прыкусіў бы.
Дзед Тамаш хоць і крычыць, але пазірае на Дзіму соннымі вачамі. Ён нават калі на возе едзе, то спіць. «Но, но», — паганяе каня праз сон.
— Я вінаваты? — замаргаў вачамі Дзіма. — Па-вашаму, я сам свайму барану вядро на галаву надзеў?
— Усе вы, школьнікі, вінаватыя. Чый металалом другі год на выгане ляжыць?
І праўда, у мінулым годзе сабралі мы металалом, тут, на выгане, яго склалі. Не хацелася ажно на школьны двор цягаць. Спадзяваліся, што прыедзе машына з раёна і адразу забярэ. Але чамусьці не прыехала. І ні ў мінулым годзе, і ні ў гэтым.
— Парадачкі! — распаліўся дзед Тамаш. — Кінулі-рынулі. Хай калечыцца жывёла.
— Значыць, мой баран каля металалому траву скуб і выпадкова вядро на галаву надзеў? — разгублена прагаварыў Дзіма.
— Табе каб гэтае вядро на галаву, а не твайму барану.
— Ды забярэм металалом, — не сцярпеў я.
— А ты, матадор, не агрызайся, — накінуўся дзед Тамаш на мяне. — Барана спалохаўся! У Гішпаніі і Мексіцы людзі з быкамі ваююць, а ён барана спалохаўся.
Наперад выступіў кватарант бабкі Веркі Фама Спірыдонавіч. Невядома, калі і з’явіўся тут. Чамусьці раней я яго не бачыў. У адной руцэ Фама Спірыдонавіч трымаў капялюш, а ў другой — рыдлёўку.
— Цішэй, людзі, цішэй, — замахаў капелюшом. — Давайце мы гэты металалом закапаем. Выкапаем яму і закапаем. Я першы пачну капаць.
Фама Спірыдонавіч рушыў на выган. За ім пацягнуліся мужчыны.
Читать дальше