Павярнулася — і як ветрам яе здзьмула. А неўзабаве жанчыны ў пакой уваліліся. Раскудахталіся, як куры ў куратніку:
— Ах, што за ёлка!
— Ах, якія прыгожыя цацкі!
— А ў якім магазіне куплялі іх?
— Няўжо самі зрабілі?
— Усё-ткі ўспомнілі пра нас.
І тут хтосьці голас падаў:
- Іванавіча сюды, Іванавіча!
Глядзім: вядуць дзве жанчыны Іванавіча, як пад канвоем. Ступае Іванавіч як не сваімі нагамі і часта-часта рот адкрывае, нібы рыба, якую выцягнулі на бераг.
Падступілася да яго цётка Маня:
— Школьнікі нас павіншавалі. А ты?
Таргануў Іванавіч сваімі рыжымі вусамі.
— Мы збіраемся вас у кантору выклікаць. Урачыста павіншуем.
— А нам і тут урачыста! — крыкнула цётка Маня.
Абступілі жанчыны Іванавіча, джаляць, нібы восы:
— Калі на экскурсію паедзем?
— Ты абяцаў, што балет на лёдзе паглядзім.
— Няхай сам балет пакажа.
— Чаму душ у нас не працуе?
— Чаму цырульніца не прыязджае? Абяцалі.
Відаць, вырашылі жанчыны ўсе грахі Іванавічу ўспомніць. Замахаў Іванавіч рукамі:
— Цішэй, бабы, цішэй. Дайце слова сказаць.
— Слова просіць, — крыкнула цётка Маня. — Паслухаем.
Замоўклі жанчыны, суцішыліся.
— Ну, вінаваты я, — прагаварыў Іванавіч. — Дык мяне цяпер на кавалкі разарваць?
Цётка Маня рукі ў бакі і да Іванавіча:
— Чаму нашых дзяцей не паважаеш? На ўвесь калгас раззваніў, што кароў павыпускалі. Хіба пойдуць яны сярод ночы кароў адвязваць? Вось ёлку нам прынеслі. Мне ў жыцці ніхто ні адной кветачкі не падарыў, а тут цэлую ёлку прынеслі, і яшчэ з цацкамі.
Цётка Маня неспадзявана ўсхліпнула. Не думалі мы, што гэтак будзе. Думалі: павіншуем і хуценька разыдземся. А тут цэлая дыскусія разгарэлася. Не рады былі, што прыйшлі.
— Цётка Маня плача. Што будзем рабіць? — прашаптаў я, звяртаючыся да Ані і Дзімы.
Пачула цётка Маня:
— Ды я ад радасці плачу, харошыя вы мае. Я сёння як трыццаць гадкоў скінула.
Кожнага з нас па чарзе абняла, ды яшчэ ў шчокі пацалавала. Лепей было б скрозь зямлю праваліцца.
— Маня, — гукнуў хтосьці з жанчын, — а ты не адмовілася б, калі б табе Іванавіч букет рамонкаў ці валошак прынёс?
А цётка Маня звонка-звонка, зусім як маладая:
- І ад рамонкаў, і ад валошак не адмовілася б. Што скажаш, Іванавіч?
Іванавіч чамусьці да нас падышоў:
— Скажыце свайму дырэктару, што заўтра я сам каня прывяду. Сам і агарод узару. Вось так.
Абняла цётка Маня Іванавіча і, як і нас, у шчаку пацалавала. Пачырванеў Іванавіч, як рак, а жанчыны ў далоні як запляскаюць. Напэўна, рэха аж да вёскі дайшло.
Невядома, колькі яшчэ тут так цалаваліся б, абдымаліся б, калі б не заўважылі, што насупраць акна легкавая машына спынілася.
Усе жанчыны да акна кінуліся, а Іванавіч скамандаваў:
— Бабы, каб ціха было. Невядома, хто да нас прыехаў.
— Гэта карэспандэнт з газеты, — паведаміла Аня. — Ён будзе даярак фатаграфаваць.
Быццам бомба ў пакоі разарвалася. Замітусіліся жанкі, завойкалі:
— Ой, прычоску зрабіла б, каб ведала!
— Ой, няўжо ў газеце будзем?
— Ой, пабягу хоць новую кофту адзену!
— Пойдзем, — шапнуў я Дзіму і Ані.
Мы непрыкметна выбраліся з пакоя і ва ўсе лапаткі дамоў.
Цэлых паўдня мы ў школе хадзілі як героі. Аднакласнікі з зайздрасцю пазіралі на нас, а малыя здалёку віталіся, быццам з правяраючымі. Нават дырэктар школы Анатоль Лукіч нас пахваліў: «Малайцы! Ініцыятыўна дзейнічалі. Так і далей трымайце». Пасля такой пахвалы мы маглі б горы звярнуць. Каб толькі нам іх паказалі.
А загадчык фермы Іванавіч стрымаў сваё слова. Рана-раненька ў школу прыехаў і агарод узараў. Яшчэ і «дзякуй» сказаў Анатолю Лукічу на развітанне. Сам узараў, сам падзякаваў. Арыгінальна выйшла? Па-мойму, вельмі арыгінальна. Такое не часта здараецца.
Што яшчэ запомнілася мне? Ага, у гэты дзень я ажно тры пяцёркі атрымаў. Можна сказаць, толькі іх для поўнага шчасця не хапала.
А пасля паўдня ўсё шыварат-навыварат пайшло. Здарылася такое, што як снег на галаву.
Пачыналася так. Выйшаў я на вуліцу і бачу: Дзіма барана на вяроўцы цягне. Баран упіраецца, а Дзіма валачэ.
— Куды ты яго цягнеш? — пытаюся.
— На выган. — Так позна?
— Маці хацела пастрыгчы яго, ды ножны не знайшла. Закінула кудысьці. Загадала, каб на пашу завёў. Здурнеў, у хляве стоячы — назад ірвецца.
— Дапамагчы? — пытаюся. — Потым у футбол пагуляем. Хлопцы сёння на школьным стадыёне збіраюцца.
— Я даў сабе слова, што сам зацягну. Пачакай мяне тут.
Читать дальше