Неяк апоўначы, калі я навёў тэлескоп на маю зорку, пачуў уладарны голас. Ён не прасіў, не раіў, а загадваў: «Заўтра гэтай самай парой прыйдзеш да сушні. Цябе сустрэнуць. Нічога не бойся!»
Лёгка сказаць — не бойся, пасля выпадку з ведзьмай я сушню гэтую днём за вярсту абыходзіў, а тут апоўначы трэба валачыся.
Спусціўся з гарышча, і пакуль дабраўся да ложка, цвёрда рашыў: няма дурных, нікуды не пайду. У мяне баба, унукі, а ногі выпруціць ніколі не позна.
Цэлую ноч заснуць не мог, як казаў мой дзед, табаку важыў. Кімарну на паўгадзіны, прачынаюся: усім целам уздрыгваю, як конь, аблеплены аваднямі і сляпнямі. Сабачы сон. У галаве, здаецца, хтосьці вяжа вузельчыкі, каб не забыўся: «Прыйдзеш да сушні… да сушні…»
Урэшце я падхапіўся і нема закрычаў: «Прыйду, прыйду, чорт вас пабяры, дайце толькі паспаць!» I адразу адпусціла, стала лёгка-лёгка, як пасля конаўкі медавухі. Заснуў салодкім сном.
Сніліся бясхмарнае маленства, дзівосны луг, глыбокая рака-пятлянка з чыстай вадой. Праспаў ажно да абеду. Баба не стала будзіць — пашкадавала, ведала, што мяне бяссонніца мучыць. І прачнуўся я зусім іншым чалавекам, быццам скінуў з плячэй год дзесяць. Хацелася песню запець, у скокі пусціцца, бабулю абняць. Лячэбны сон.
Раскінуў я мазгамі; невыпадкова ўсё гэта. Трэба ісці: авось чорт не выдасць, свіння не з'есць.
Пагаліўся я, храмачы наваксаваў, выбраў лепшую кашулю-вышыванку. Хай бачаць прышэльцы: не для нас шышкі на вярбе.
На маё шчасце, баба заснула раней і не бачыла, як я прыбіраюся, а так, чаго добрага, магла б карты зблытаць, у роспыты пусціцца, быццам ёй не ўсё роўна, куды я іду.
Апоўначы апынуўся я каля сушні. Ноч выдалася чорная. Хмары завалаклі неба. Страшнавата. Побач могілкі. Я ўжо, грэшным дзелам, сабраўся павярнуць аглоблі назад. Хто мяне знойдзе ў гэтай жахлівай цемры? Хіба Люцыпар ці нябожчык, якому ноччу не спіцца ў зямлі сырой? Ды пачуўся знаёмы голас: «Заставайся на месцы! На месцы…» Сказаў, як сякераю адсек. Усе сумненні адмяло.
Воч не зводжу з небасхілу: няма горш, як даганяць і чакаць. Хвіліна гадзінай здаецца. Напяўся — як струна. Бліснула раптам асляпляльная маланка, умэнт разагнала хмары, і я ўбачыў сваю зорку ясней, чым у тэлескопе. Ад яе аддзялілася маленькая залацістая кропачка. Яна на вачах расла, пакуль не ператварылася ў жоўты шар, які ў імгненне вока наблізіўся да зямлі і вось ужо завіс над сушняй, выпраменьваючы незямное святло. Я аж вочы прыжмурыў, нават не адразу заўважыў, адкуль з'явіўся перада мною высокі мужчына ў серабрыстым касцюме. Вочы яго не міргалі, ніводзін мускул на твары не варухнуўся. «Ідзіце за мною!» — сказаў ён.
Я — чалавек вучаны, чатыры зімы хадзіў у царкоўна-прыходскую школу, таму і здагадаўся: «Самадзелка, з жалеза, па-вучонаму ро-ро-бат, во!» Яго паслалі па мяне тыя, што ў шары. Няветлівы народ, самі не захацелі ступіць на зямлю. Ды мы не гордыя, пайду, з адвагаю і пекла мінеш.
Ро-ро-обат адчыніў дзверы, падсадзіў мяне ў нейкі калідорчык, нібыта сенцы. Тут прапанаваў пераапрануцца. Давялося пакінуць і кашулю, і храмачы, і нагавіцы, а нацягнуць на сябе серабрыстую павуціну, Расстроіўся я, дарма, выходзіць, прычапурваўся, мог і ў лапцях прыйсці — адзін знак.
«Не хвалюйся, Манюкін, — падбадзёрыў сам сябе, — ноч пераначуем — не такое ўбачым і пачуем».
Адчыніліся яшчэ адны дзверы, і я ступіў у вялікую прасторную залу. Гукі задушэўнай, казачнай музыкі запоўнілі ўсю маю істоту. Яны ўсё роўна як вярталі мяне ў маленства, уваскрашалі забытае. Я адчуў сябе наўздзіў маладым і дужым. Светлая журба і пяшчота перапаўнялі мяне, хацелася плакаць ад шчымліва-жаласнага пачуцця і смяяцца.
Даруйце, каласочкі-красачкі, што ваш дзед загаварыў як па пісанаму. Менавіта такім было маё адчуванне. Ды хіба музыку, тым больш незямную, можна выказаць словамі?
Яшчэ адны дзверы адчыніліся, і насустрач мне выйшлі людзі ў светла-серабрыстых касцюмах. Наперадзе выступаў… Божа, дай сілы, я сам, толькі малады, пяцідзесяцігадовы. Ушчыпнуў сам сябе, ці не з глузду з'ехаў. Быццам не! I радзімка на правай шчацэ ў прышэльца, і нос мой, і губы. Аж галава закружылася.
Мужчына падаў мне пухлую, гладкую руку. Э-э, такой у мяне і ў сем гадоў не было, не трымала гэтая рука ні рыдлёўкі, ні сякеры. Ясна, не з мазаля чалавек жыве. Вунь у мяне якая мужыцкая шурпатая лапа.
Поруч з мужчынам сталі юнак і дзяўчына, наўздзіў падобныя на яго, пэўна, родзічы. Былі яны прыгожымі. Не ведаю чаму, але я рады быў бачыць гэтых людзей. Хацелася кінуцца ім на шыю, абдымаць, цалаваць. Ледзь стрымаў сябе.
Читать дальше