— Нялёгкае выпрабаванне цябе, дочка, чакае, — сказала нарэшце, — прыйдзе бяда праз двух шляхцюкоў чырвовых. Яны дужа злыя і паганыя. Глядзі ж, асцерагайся…
Неўзабаве бабуля загадала доўга жыць. Пахавала яе Ганулька. Справіла памінкі, абгарадзіла магілку, помнік паставіла. Павесіла на яго ручнік, вышываны бабуляй. Часта прыходзіла на бабуліну магілку, кветкі лугавыя прыносіла: іх бабулька вельмі любіла, лячыла імі людзей добрых.
Цыганачка хутка падрастала, стала нявестай, але ўсе роўна, як і дзіцем, пасвіла авечак. Была яна прыгажэйшай ад усіх вясковых дзяўчат. Тоненькія дужкі-бровы, румяныя шчокі, малінавыя вусны і зграбны стан. А голас звонкі, чысты, заспявае — вецер сцішыцца, слухае.
Не адзін вясковы хлопец сох па чарнявай пастушцы, а некаторыя нават сватоў засылалі,
— Навошта вам цыганка? — дзівілася Ганулька. — Я не ўмею ні ткаць, ні прасці, не люблю на агародзе калупацца. Умею толькі авечак пасвіць. Лепш шукайце жонку ў іншым месцы, а на мяне, бедную цыганку, не крыўдуйце.
Так і адвадзіла ўсіх кавалераў.
А ў суседнім вялікім сяле жылі два браты, два заможныя шляхцюкі: разбойнікі і зладзеі, што яны толькі ні вытваралі, як з людзей ні здзекаваліся — то рунь коньмі патопчуць, то стог сена падпаляць, то проста паб'юць чалавека нізавошта. Падавалі на іх у суд — не памагло: то сведак няма, то паперы губляюцца. Ат, ведама, купленыя тыя суддзі багатымі: галота ж хоць у балота.
Прачулі шляхцюкі пра гордую цыганку і вырашылі пасмяяцца з яе. Прыляцелі на шалёных конях на луг, дзе Ганулька авечак пасвіла. Наскочылі на атару, пачалі біць бедных шутак бізунамі. Лупяць і зубы скаляць: «Авечкі-авечкі, дзе тая авечка, што вас пасе?»
Ганулька вырасла нібы з-пад зямлі: «Тут я, паночкі-кумочкі!» I давай іх хвастаць доўгім цыганскім бізуном. Раз аднаму, раз другому. Мігам пападалі шляхцюкі з коней. А Ганулька хвошча і хвошча. Панічы ўсе ў крыві, просяцца, каб адпусціла жывымі.
— Вы ж мяне шукалі, а цяпер пагасціць не хочаце, — смяялася Ганулька, і бізун не шкадаваў няўдалых жартаўнікоў. Нарэшце цыганка адпусцілася. З горам папалам дапаўзлі шляхцюкі да коней, ускараскаліся на іх і, пасаромленыя, паехалі дадому.
Доўга панічы залечвалі рубцы на целе, думалі-гадалі, як адпомсціць маладой цыганцы за знявагу шляхецкай годнасці. Людзі, вядома, прачулі, як Ганулька правучыла нахабнікаў, і смяяліся з іх.
Нарэшце шляхцюкі ачунялі, набраліся смеласці і зноў паехалі на той самы луг, дзе Ганулька авечак пасвіла. Захапілі з сабой стрэльбы і двух страшных ікластых ваўкадаваў. Як віхор наляцелі яны на атару. Секлі авечак бізунамі са свінцом на канцы, цкавалі злымі сабакамі. Адну котную авечку забілі, асвежавалі, расклалі цяпельца і пачалі смажыць мяса.
— Дзе гэта цыганскае насенне дзелася? — гадалі яны. — Зловім — пакажам, дзе ракі зімуюць!
Ганульку добрыя людзі папярэдзілі, што шляхцюкі едуць са стрэльбамі і ваўкадавамі, вось і пабегла яна ў вёску прасіць дапамогі. Адной не справіцца. Мужыкоў дваццаць з віламі і сякерамі кінуліся ўслед за Ганулькай абараняць сваё дабро.
Ваўкадавы ўчулі людзей, але было позна. Напалі яны на панічоў і давай іх мясіць. Збілі на горкі яблык, адабралі стрэльбы і коней, звязалі і адвезлі на падводзе ў воласць. Як там ні стараліся адвакаты абараніць шляхцюкоў, але не атрымалася. Людзі папярэдзілі суддзяў: «Не пасадзіце панічоў — пашлём хадакоў у Пецярбург да цара». Давялося-такі шляхцюкам трапіць за краты, ды яшчэ за авечак заплаціць.
Уся воласць рагатала з дурняў. Дзівіліся людзі; «Чаму мы так баяліся іх?» Мудры дзед адказаў: «Баяцца б вам вечна, каб не Ганулька! Калі ты раб, то гэта надоўга, будзеш на чэраве перад панам поўзаць. Цыган жа хоць і галодны, і хата яго небам крытая — вольны, як птушка. Яна не пытае дазволу, куды ляцець».
Схуднелі шляхцюкі ў турме, бародамі зараслі. Быццам і кармілі іх няблага, працаваць не прымушалі, а не даспадобы краты прыйшліся. Злосць і нянавісць сляпіла. Урэшце прыйшоў час вызвалення. Каля выхаду з турмы стаяла фацэтная карэта.
— Я — рамізнік, — сказаў мужык, — калі загадаеце — умэнт дадому адвязу!
Узрадаваліся шляхцюкі. Адразу шусь у карэту, каб ніхто не бачыў. Свіснуў бізун, і коні з месца перайшлі на рысь.
Панічы злосныя на Ганульку. Клянуцца страшнам помстай пакараць. Дамовіліся апоўначы падпаліць яе хату, а як выскачыць з полымя, застрэліць.
Прывёз рамізнік шляхцюкоў у маёнтак, расплаціліся яны з ім і ў хату пасунуліся. Да самай поўначы гарэлку жлукцілі, а як сцямнела, узялі стрэльбы, запалкі і рушылі ў дарогу.
Читать дальше