Неяк раніцай каля нашай хаты аўтобус спыніўся.
— Прымай экскурсію, старая, — пажартаваў я.
Самае смешнае, праўда — экскурсія, як у ваду глядзеў. Настаўніца дзяцей прывезла на наш кілім паглядзець. Бегаюць малыя па хаце, крычаць, калаўрот круцяць, кроснамі ляпаюць, хоць вушы затыкай.
Пэўна, мучыліся б мы з бабай да скону, каб не прыехалі да нас сталічныя госці з музея лёну. Доўга яны тупалі каля кіліма. Зблізку разглядалі яго і здалёк, мацалі. Спрачаліся, пакуль самы важны з іх не сказаў:
— Прадайце, калі ласка, ваш кілім нашаму музею. Мільёны яго ўбачаць, пра вас і вашу вёску даведаюцца…
— Не трэба грошай, — узрадавалася бабуля, — бярыце так.
— Задарма не возьмем, — пакрыўдзіўся начальнік, — гэта ж ручная работа. Калі папраўдзе, то яму цаны няма, усе роўна мы не заплацім, колькі ён каштуе, але грошы ў нас ёсць, дзяржаво дала.
Ну і прадалі мы наш кілім. За грошы, што нам заплацілі, можна было б машыну купіць. Баба з тыдзень хадзіла імянінніцай, а там зноў села за кросны. Цэлы куфар тонкага палатна наткала з царскага кужалю. Шмат зім запар шылі мы з яго кашулі, нагавіцы, каптаны, бялізну. Ох, і грэлі ж яны цела, кроў маладзілі.
А кілім наш мы некалькі разоў бачылі: паказвалі па тэлевізіі, казалі, што выткала яго Аўдоля Манюкіна. Мяне не ўспаміналі ні сном ні духам. Крыўдна.
Вы, каласочкі-красачкі, чулі нябось, што цыганы дзяцей крадуць, Вось не паверу. У іх сваіх хапае. ідзе цыганка, а за спадніцу пяць-шэсць кельбікаў трымаецца. Навошта ёй чужых красці? Лухта чысцейшай вады. Гэта бабулі палохаюць дзетвару цыганамі, хочуць, каб дзеці ў страху раслі.
Не ведаю, як цяпер, але раней цыганы не тое што чытаць, але і лічыць не ўмелі. Так ці гэтак, а нейкая цыганка пакінула ў нашай вёсцы пяцігадовую дзяўчынку. Можа, няправільна палічыла свой вывадак, можа, не даспадобы была дзяўчынка, але табар зняўся з месца і панёсся ў белы свет, як у капеечку, а дзіцё засталося.
Была тая дзяўчынка чорная як смоль. Чорныя валасы адлівалі сінечай, бровы цямней сажы, твар бронзавы, а вочы глыбокія, бяздонныя. Гляне дзяўчынка на сталага чалавека з-пад ілба, і ён ніякавее, спалохана апускае вочы долу. Нейкая таямнічая сіла адчувалася ў паглядзе цыганачкі. Таму ніхто не спяшаўся прытуліць дзіця. Пакормяць, напояць і выправадзяць за вароты.
Доўга хадзіла дзяўчынка з хаты ў хату, пакуль не злітавалася над ёй адзінокая бабуля Наста. Прытуліла бабуля сірату, абагрэла, апранула, назвала Ганулькай, бо дзяўчынка не знала, як яе зваць.
Бабуля Наста была слыннай доктаркай. Усю вясну, лета і восень збірала яна зёлкі, звязвала іх у пучкі, сушыла і развешвала на гарышчы. Тымі зёлкамі лячыла бабуля і цела, і душу. Яна ведала, якая трава ад нагавораў, а якая лечыць сэрца, раматус, гарачку, падучую…
Хацела бабуля і Ганульку навучыць збіраць зёлкі, ратаваць людзей ад немачы. Нічога з гэтага намеру не выйшла. У цыганачкі не хапала цярпення збіраць тыя травы. Яна не магла ўседзець на месцы. Чорная — праворная.
У агародзе корпацца Ганулька таксама не любіла. Сумны гэта для яе занятак.
— Не хочаш працаваць, — сказала неяк бабуля, — сядзі сіднем, я буду цябе карміць, апранаць. Мусіць, ужо мая доля такая.
— Не трэба, я сама сябе пракармлю, — адказала Ганулька, — хачу наняцца пастушкай. Пагавары, калі ласка, з людзьмі…
Народ у нас спагадлівы. Гаротнаму апошнюю кашулю аддасць. А як тут сіраце не памагчы? I вяскоўцы нанялі цыганачку авечай пастушкай.
Ганулька рана-ранкам выганяла авечак на пашу. Людзі (у якіх былі авечкі) збіралі ёй торбу па чарзе. Кожны стараўся не пакрыўдзіць сірату, клалі ў тую торбу сала, мяса, хлеб і малако, а здаралася, сыр, каўбасу.
Пасвіла дзяўчынка свой статак на росных лугах, паплавах, на ўзлеску, хоць і папярэджвалі людзі: трымайся ад лесу далей. Уварвецца воўк у авечы гурт і палову яго перарэжа. Дзяўчынка толькі смяялася ў адказ: «Не перарэжа! Я замовы ведаю. Старая цыганка навучыла».
Дзівіліся людзі; імя свайго не запомніла, а замовы застапіся ў памяці. Адным словам, цыганскае дзіцё.
Авечкі тлусцелі не па днях, а па гадзінах, Ніводная не прапала. Малое дзіцё ўпраўлялася з вялікім статкам. Авечкі за ён хадзілі, як сабака за гаспадаром. Шчоўкне бізуном, свісне — і ў кучу збіваюцца. Махне рукой — і разыдуцца, унураць галовы, шчыплюць траву.
А трэба сказаць, што бабуля Наста была яшчэ вядомая на ўсю акругу варажбітка. Неяк надумала яна паваражыць Ганульцы. Раскінула карты і спалатнела.
Читать дальше