Пасля вайны, дзеткі, у нашым лесе банда аб'явілася. Днём бандыты хаваліся, а ноччу нападалі на людзей, магазіны рабавалі. Казалі, што бандай той былы паліцай Пятак запраўляе. У вайну ён шчыра немцам служыў, ні старых ні малых не шкадаваў. Даўно вяроўка па ім плакала. Ды толькі няўлоўны ён быў: сёння тут, а заўтра там. Міліцыя з ног збілася, і засады рабіла, і лес прачэсвала. Ды дзе ты знойдзеш некалькі чалавек у лесе? Гэта ўсё роўна што іголку ў стозе сена шукаць.
I тут я на свой страх і рызыку наважыўся бандыцкае логава знайсці. Сказаў бабулі, што ў заробкі пайду: падрадзіўся дом будаваць. Сякеру з сабой узяў, яды на дзён сем. Ужо за вёскай драбавік са стога сена выцягнуў. Я туды яго зараней паклаў, каб бабуля не спытала, чаго гэта я зброю с сабой бяру.
Доўга ішоў я. У самую чашчобу забраўся. Тут і прыпыніцца надумаў. Месца спадабалася. Крынічка побач, ягад і грыбоў, хоць касой касі. Можна і назад не вяртацца, пакуль халады не прыціснуць.
Павесіў, гэта, я стрэльбу на сук, дастаў сякеру з-за пояса і давай будан ладзіць… Чатыры калы забіў, жэрдку зверху прымацаваў, густа галінкамі абклаў, каб дождж за карак не трапіў і камары ноччу не залезлі. Звяр'я я не баяўся, мядзведзі з нашага лесу ў пушчу перакачавалі, а воўк летам не галодны — не нападае на чалавека.
Так ці інакш, будан атрымаўся на славу. Расклаў я касцёр, скварку падсмажыў, ягадамі закусіў, вадой з крыніцы запіў… Сваю партызаншчыну ўспомніў, баявых сяброў-таварышаў. Якія хлопцы!
На ноч кастра не тушыў. Добры пянёк падкінуў — хай тлее, а сам у будан палез. Хоць ні падушкі, ні коўдры — мігам задаў храпака.
Раніцай на паляванне пайшоў. Шоламу нарабіў, кучу патронаў папсаваў, а так нічога і не забіў. Праўду кажуць пра мыслівага: дым густы — абед пусты. Давялося на падножны корм перайсці. Ягады ў шапку сабіраю, песні пяю, рэха падпявае. Нават птушкі прыціхлі, дзіву даюцца, што гэта за такі саліст аб'явіўся: ні слыху, ні голасу, а распінаецца.
Вечарам зноў касцёр расклаў. Ды не такі, як учора, а сапраўднае вогнішча. Скварку ем і скачу вакол вогнішча, як дзікун. Сам увесь у сажы, лыкам падперазаны. Каб хто збоку ўбачыў, дальбог бы, за чорта прыняў. I ведаеце, малышы-спарышы, паскачаш ля кастра і спіш як забіты. А дома на ложку варочаешся з боку на бок, то сяннік мулкі, то падушка перашкаджае. Відаць, не дурні дзікуны і чэрці, ведаюць, дзе і як скакаць трэба.
Назаўтра зноў палюю, збіраю ягады, грыбы… Хораша, весела. Рэха стамілася песні паўтараць, а птушкі зусім паўцякалі. Пэўна, раскусілі мяне як саліста.
Вечарам схамянуўся: сала на два разы ўкусіць засталося. Калі так далей пойдзе, думаю, то табе, Манюкін, жаб лавіць давядзецца. Эканоміць трэба. Падкінуў пару пянькоў у касцёр (дроў у лесе хапае), а сам з поўным барабанам на бакавую.
Праўду кажуць, галоднай куме хлеб наўме. Сню я, гэта, дом, бабка Аўдоля дастае з печы чыгунок капусты, хлеб рэжа вялікімі лустамі. Пах плыве, аж слінкі з рота цякуць. Толькі паднёс лыжку, каб зачэрпаць, тут мяне цап за руку… і голас: «Бачмо, разлёгся, як дома. Пад'ём!»
Пралупіў вочы. Двое перада мною з аўтаматамі. Маладыя яшчэ, гадоў па сорак. Сытыя, паголеныя.
— Хто такі? — пытаюць.
— Дзед, — кажу.
— Самі бачым, што не баба. Як клічуць, родам адкуль?
— З вёскі я… Мюнхгаўзенам дражняць.
— А што робіш тут?
— З бабай, хлопчыкі, пасварыўся… Ведзьма з ведзьмаў — поедам есць… вярхом ездзіць… Зусім заездзіла, хоць у магілу жыўцом лезь… Трасцу, думаю, ты мяне загоніш… Я-то без цябе, порхаўка старая, абыдуся… I — ходу ў лес.
Бачу, падабрэлі мае хлопцы, усміхаюцца. Я далей агарод гараджу:
— Хораша тут: і крынічка пад бокам, і ягад мора, толькі ваўкоў баюся, каб не напалі ноччу…
— А нас не баішся? — пытае вышэйшы ростам і нібы старэйшы.
— А чаго мне вас баяцца? — кажу. — Каму трэба стары грыб, апрача маёй ведзьмы?
— А мо цябе з міліцыі прыслалі?
Тут я збялеў, затросся, нават у кусты хацеў даць цягу, ды старэйшы затрымаў.
— Адкуль, — кажу, — вы ведаеце, хлопчыкі?.. Дальбог, прыслалі… павестку на суд… За самагонку судзіць хочуць… Я мо б і з дому не ўцякаў…
Яны ў рогат.
— Ну, дзед, — кажуць, — бяры сваю стрэльбу і гайда за намі… Ты што трэба стары, хват!
— А куды гэта, хлопчыкі? — цікаўлюся.
— Непадалёку тут.
— Ну, калі непадалёку, то пайшлі…
I ўсё ж вёрст пяць адмералі, пакуль дабраліся да месца. Буданы схаваліся ў гушчары, дзе і птушкі не водзяцца. Елкі сплялі такі густы шацёр, што і днём тут не святлей, чым ноччу.
Читать дальше