— Не маю і не хачу мець з вамі ніякае справы, — сярдзіта адказаў Сом.
Тады стары кайман усунуўся трошкі ў пячору і сказаў:
— Сом, гэта я. Я твой сябар — той, што вандраваў з табою да мора.
Пачуўшы знаёмы голас, Сом вылез з пячоры.
— Ага, а я цябе не пазнаў, — ужо лагодней прамовіў ён да свайго старога сябра. — Што ў цябе?
— Мы прыйшлі папрасіць у цябе тарпеду. Тут па нашай рацэ ходзіць ваенны карабель, які палохае рыб. Гэта браняносец. Мы зрабілі плаціну, але ён яе знішчыў. Тады мы паставілі другую, дык ён і гэтую разбурыў. Рыбы ўсе да адной уцяклі, і цяпер мы памром з голаду. Дай нам тарпеду, і мы знішчым гэты карабель.
Пачуўшы гэта, Сом надоўга задумаўся і потым сказаў:
— Добра, я дам вам тарпеду, хоць я не забыў, што вы зрабілі з сынам майго брата. А ў вас хто ўмее тарпеду ўзрываць?
Усе маўчалі, бо ніхто не ўмеў.
— Добра, — з гонарам сказаў Сом, — я сам яе ўзарву. Я гэта рабіць умею.
Зараз жа пачалі перавозку. Усе кайманы прывязаліся адзін да аднаго: хвост першага прывязалі за шыю другога, хвост пярэдняга — за шыю задняга. Так утварыўся цэлы ланцуг з кайманаў амаль на паўвярсты. Волат Сом штурхнуў тарпеду да плыні і падлез пад яе, каб трымаць на спіне і каб тарпеда плыла. А таму, што ліянаў, якімі адзін да аднаго папрывязваліся кайманы, не хапіла, Сом учапіўся зубамі ў хвост апошняму кайману, і гэтак яны паплылі. Сом падтрымліваў тарпеду, а кайманы цягнулі яго, бегучы па беразе. Яны то падымаліся на высокі бераг, то апускаліся, то скакалі цераз каменне, але не спыняліся і подбегам валаклі тарпеду, за якой, як за караблём, што ідзе на вялікай хуткасці, разыходзіліся хвалі. А назаўтра рана-раніцай яны ўсе выйшлі на месца, дзе збудавалі сваю апошнюю плаціну, і адразу пачалі будаваць новую, куды мацнейшую за папярэднія. Па парадзе Сома яны паставілі бярвёны ўшчыльную, адно да аднаго. Гэта была сапраўды выдатная плаціна.
Ледзь яны ўбілі апошняе бервяно, як на рацэ зноў з'явіўся ваенны карабель і лодка з афіцэрам і васьмю матросамі зноў падплыла да плаціны. Кайманы пералезлі цераз бярвенне і высунулі галовы з другога боку.
— Гэй, кайманы! — крыкнуў афіцэр.
— Што? — адказалі кайманы.
— Зноў плаціна?
— Але, зноў!
— Прыбярыце гэтую плаціну!
— Ні за што!
— Не прыбераце?
— Не!
— Добра, тады слухайце, — сказаў афіцэр. — Мы разаб'ем гэтую плаціну, а каб вам болей не захацелася зрабіць новую, мы з гармат разаб'ем і вас. Нікога не пакінем жывым — ні вялікага, ні малога, ні тоўстага, ні худога, ні маладога, ні старога — такога, як той лядашчы кайман, якога я бачу вунь там і ў якога ў роце толькі два зубы.
Стары і мудры кайман, пачуўшы, што афіцэр гаворыць пра яго, насміхаючыся, адказаў:
— Гэта праўда, што ў мяне мала зубоў, ды й тыя паламаныя. Але ці ведаеце вы, што будуць есці заўтра гэтыя зубы?
І ён разявіў свой гіганцкі рот.
— Ну, што будуць есці, што? — спыталі матросы.
— Вось гэтага афіцэрчыка, — сказаў кайман і хуценька злез з бервяна.
Тым часам Сом прыладзіў тарпеду пасярод плаціны і загадаў чатыром кайманам, каб тыя асцярожна ўзялі яе і прытапілі ў вадзе, пакуль ён не дасць знак. Так і зрабілі. Астатнія кайманы адразу схаваліся каля берага, высунуўшы з вады толькі насы ды вочы. А Сом затаіўся каля тарпеды.
Раптам карабель ахутаўся дымам і выпусціў па плаціне першы снарад. Снарад разарваўся якраз у цэнтры плаціны і разнёс на тысячу кавалачкаў дзесяць ці дванаццаць бярвёнаў.
Але Сом быў напагатове, і як толькі ў плаціне з'явілася дзірка, ён крыкнуў кайманам, што трымалі тарпеду пад вадой:
— Пускайце тарпеду, хутчэй пускайце!
Кайманы адпусцілі тарпеду, і яна ўсплыла.
Хутчэй чым вы прачытаеце гэтыя словы, Сом акуратна паставіў тарпеду ў цэнтры пралому, потым зажмурыў вока, прыцэліўся і, запусціўшы механізм, накіраваў тарпеду на карабель.
І ў самы час! Бо якраз у гэтую хвіліну браняносец выпусціў другі снарад. Ён з грукатам разарваўся і разнёс на трэскі яшчэ адзін кавалак плаціны.
Але тарпеда была ўжо зусім блізка да карабля. Людзі, якія стаялі на ім, заўважылі яе. Яны ўбачылі след, які пакідае на вадзе тарпеда.
Усе спалохана закрычалі і паспрабавалі павярнуць браняносец, каб тарпеда не зачапіла яго.
Але было позна: тарпеда ўжо даплыла. Яна ўдарыла гіганцкі карабель якраз пасярэдзіне і разарвалася.
Немагчыма сабе ўявіць страшны грукат, з якім узарвалася тарпеда. Яна выбухнула так, што разарвала карабель на пятнаццаць тысяч кавалкаў: у паветра паляцелі коміны, машыны, гарматы, лодкі — усё! Іх параскідала вельмі далёка.
Читать дальше