Брага, мёд, віно, закускі,
Адбіўныя, шашлыкі,
Смажаныя качкі, гускі —
Толькі пі ды еш, панкі!
Ды найлепш усіх прываркаў,
Ўсіх ласункаў і прынад
Быў кулеш з цыбуляй, з скваркай,
Што падаў на стол салдат.
За вушамі затрашчэла,
Угінаюцца насы...
Хваляць харч усёй капэлай
Ды абсмоктваюць вусы.
I нашто слыла ласухай
Тая царская дачка,
Апрастала адным духам
Куляша аж паўгаршчка!
— Ах, як смачна! Як адменна!
Скуль такі далікатэс? —
Аж падскоквае царэўна.—
Гэта ж ежа для прынцэс!
I пасля таго абеду
Шмат гаворкі не вялі,
А збірацца да ад'езду
Ў шлях, дахаты пачалі.
Перш царэўну перанеслі,
Ўборы царскія, пасцель
I на чоўне перавезлі
Беражна на карабель...
Потым скарб той зыркі, звонкі,
Незлічонае дабро —
Самацветы і пярсцёнкі,
Золата і серабро.
Запаслі вадзіцы прэснай,
І дзічыны запаслі,
Якар за ланцуг жалезны
З дна марскога паднялі.
Вецярок ледзь разгуляўся,
Разгарнулі ветразь тут,
Як крылаты птах памчаўся
Карабель у родны кут.
Адплылі яны багата,
Тут падскочыў Партупей:
— Ах, разява я пракляты...
Супыніцеся хутчэй!
Ён за галаву схапіўся,
Закруціўся, бы ваўчок:
— Там пярсцёнак я забыўся...
Стой, кажу вам, трасцы ў бок!
Той, што ад самой царэўны
У скляпенні атрымаў,
На акне ляжыць, напэўна.
Вось дзе схібіў, маху даў!
Прападзе маё паўцарства
I царэўна прападзе!
Спрытны цар наш на штукарства
Вокал пальца абвядзе...
Човен на ваду спусцілі,
Сеў за вёслы Партупей:
— Я вярнуся праз дзве хвілі!
I да берага шпарчэй.
А прызнацца, дабірацца
Не так блізка ўжо было:
Трэба добра пастарацца,
Паднаціснуць на вясло,
Ды кавалак пушчай тою
Прадзірацца праз гушчар,
Багнаю ісці, дрыгвою,
Праз зыбучы той імшар.
Пакрыху і змрок крадзецца,
I паўзе туман сыры,
Прапаршчык паперад пнецца
Вобмацкам у гушчары.
Вось, нарэшце, і хаціна,
А ў акенцы — аганёк...
«Гэта што за чартаўшчына,
Хто абжыў ізноў куток?»
Ўжо заходзіць ён у хату,
Цішыпя, кругом спакой...
Раптам нехта яго ззаду
За плячо бярэ рукой.
Моцна так, бы абцугамі,
Аж ускрыкнуў Партупей:
— Го, патрушчыш ты мне раме,
Го, прашу цябе, цішэй!
Азірнуўся — анікога...
«Хто ж са мной жартуе тут?»
I, успомніўшы пра бога,
Крыж кладзе на кожны кут.
Да акна ён падыходзіць
I бярэ пярсцёнак свой.
Часам тым з сцяны выходзіць
Дзедка з сівай барадой.
Невялічкі сам, гарбаты,
Ды ў плячах, аднак, шырок,
З галавы да ног у латы
Асталёваны дзядок.
— Што? Спужаўся, небарака,
Як узяў я за плячук?
Эх, служывы! Эх, ваяка!
Думаў ты, капец, каюк?..
Ну не бойся. Колькі часу
Ведзьмаку я паслужыў,
Есці, піць быў злыдзень ласы,
А мяне ён не карміў.
Толькі крошкі ды аб'едкі
Падбіраў я з-пад стала...
Сыты быў я вельмі рэдка,
Галадуха ўсё гняла...
Ты ж мяне хоць раз уволю
Накарміў і напаіў.
Назаўжды мяне з няволі,
3-пад ярма аслабаніў.
Саслужу табе я службу,
Не застануся ў даўгу —
За твае хлеб-соль і дружбу
Я табе дапамагу!
Не спяшайся ў шлях зваротны,
Усё кругом ахутаў змрок —
Згінеш ў твані ты балотнай,
Разарве галодны воўк.
Карабель ты не дагоніш:
Ветразі падняў свае,
Ён ляціць, бы ад пагоні,
Без цябе дамоў плыве...
Царскія зманілі слугі,
Кінулі цябе ў бядзе:
«Хай канае, валацуга!
Хай у нетрах прападзе!
Мы багацце ўсё падзелім:
Будзе з нас адзін — ліхвяр,
А другі — звінець вяселлю —
На паўцарства будзе цар!»
— Быць не можа! Ах, зладзеі! -
Застагнаў аж Партупей.—
Гэта ж гады, гэта ж змеі,
Дзе ж сумленне у людзей?!
...Тут паромшчык сказ спыняе: —
Сілкавацца, хлопцы, час!
Кацялок з агню знімае,
Запрашае бліжай нас.
Чыста вымытыя лыжкі
Самаробныя дае:
— Пакаштуйце юшкі крышку,
Шпачаняты вы мае.
З кацялка мы зачарпнулі,
Заядаем праснаком.
Пахне юшыца цыбуляй,
Пахне юшыца дымком.
Падганяць нас тут не трэба,
Малацьба — у пяць цапоў.
Ноч. Плыве у зорках неба,
Кветак пах плыве з лугоў.
Читать дальше