Ён прайшоў агні і воды,
Трубы медныя прайшоў
I цяпер вось самаходам
Жыў-здароў дамоў ішоў.
За адвагу мае званне:
Прапаршчык ён, партупей!
Ад крыжоў зіхціць убранне,
Ды на сэрцы не лягчэй...
Ён спяшаецца штосілы,
Каб пабачыць найхутчэй
Родны дом і край свой мілы,
Прытуліць каб да грудзей
Маці родную і сына,
Жонку, блізкіх, землякоў,
Па якіх дзесь на чужыне
Сумаваў ён шмат гадоў.
Ён ішоў і спадзяваўся,
Спадзяваўся і ішоў,
А да вёскі як дабраўся,
Родных, блізкіх пе знайшоў...
Людзі толькі спачувалі:
— У жывых тваіх няма...
Іх нядаўна пахавалі —
Пакасіла ўсіх чума...
I халупіна збуцвела,
У зямельку урасла,
Дзічка-груша пачарнела,
Белым цветам не цвіла.
Паглядзеў салдат самотна,
Рукавом слязу змахнуў,
Пакланіўся месцам родным
I... кругом ён павярнуў.
Ён ідзе і сам не знае —
А куды? Дзеля чаго?
Лёс які яго чакае?
Што рыхтуе для яго...
...Раптам конскі тупат ззаду,
Уладарны зычны бас:
— Я па царскаму загаду,
Царскі выслухай Указ:
«Хто царэўну адшукае,
Прывязе ў палац жывой —
Дык паўцарства атрымае,
Царскім зяцем стане той.
Свет-царэўну ў час заручын
Выкраў злыдзень-велікан.
I панёс за лес, за кручы,
Аж за мора-акіян...»
Прачытаў Указ пасыльны
I далей ён паскакаў,
А салдат дарогай пыльнай
У палац пашыбаваў.
Каб свайго пазбыцца гора,
Што агнём пякло ў грудзях,
Згодзен быў ён хоць за мора,
На край свету ў дальні шлях.
Да цара салдат прыходзіць
I гаворыць так якраз:
— Сёння чуў я у паходзе
Высачэйшы твой Указ:
«Хто царэўну адшукае,
Прывязе ў палац жывой —
Дык паўцарства атрымае,
Царскім зяцем стане той».
Дык ў далёкую дарогу
Карабель ты падрыхтуй,
Тытуню падсып мне троху
І, цар-бацька, не гаруй,
Бо дачкою, не хвалюйся,
Не валодаць ведзьмаку.
Хоць у пекла апушчуся,
А знайду табе дачку!
Цар брыво ўзнімае ўгору
I крычыць: — Усё сабраць!
I закончыліся зборы,
Можна ветразі падпяць.
Цар пярсцёнак свой знімае
I гаворыць: — Беражы!
Як дачушку адшукаеш,
Ёй пярсцёнак пакажы.
Каб паверыла, пазнала,
Што ганец ты верны мой,
I ўзамен падаравала
Залаты пярсцёнак свой.
А цяпер, служывы, з богам!
Каб не ведаў бур ліхіх...
Ды з сабою ў шлях-дарогу
Ты вазьмі яшчэ дваіх
Панічоў, адданых служак:
Першы — добры кухар-спец,
А другі малойца дужы —
Мараход мой і купец.
У зяці таксама мецяць
I паўцарства хочуць мець...
А ні з чым як прыплывеце —
Кара вас чакае, смерць!
Згода? — Згода!.. Пакланіўся,
Павярнуў салдат кругом,
У небяспечны шлях пусціўся
Ён з папутным вецярком.
Месяц, два плылі і трэці,
На заход усё плылі...
I нарэшце буйны вецер
Да чужой прыбіў зямлі...
Скалы змрочныя паўсталі,
Хмары ходзяць угары...
I равуць шалёна хвалі,
Нібы дзікія звяры!
Аж вада кіпіць ад злосці,
Падплыві вось, наспрабуй,
Трапіш ты да д'ябла ў госці...
Ну а з ім, брат, не жартуй!
Памагатыя прыціхлі,
Затрусіліся, маўчок.
— Што ж, панове, вы раскіслі?
Задрыжалі, трасцы ў бок! —
Партупей ім кажа кпліва,
I усмешка з-пад вусоў.—
Даплылі сюды шчасліва —
Дык не вешайце насоў!
Ветразі яны скруцілі,
Якар кінулі на дно,
Човен на ваду спусцілі,
Порах узялі, віно,
Стрэльбы, хлеб і саланіну
I памалу паплылі,
I праз хваляў крутавіну
Без прыгод яны прайшлі.
Узабраліся на скалы,
Глянулі яны на дол —
Пушча грозная стаяла,
Лес адвечны навакол.
Лес дрымучы, балацяны,
Непралазны, як сцяна,—
Ані сцежкі, ні паляны,
Нібы жыў там сатана...
Ні звярынага там рыку,
Ні птушыных галасоў,
Ані жабінага крыку,
Ані плачу пугачоў...
Нават лісце ўсё счарнела
I кара з ствалоў спаўзла —
Ўсё навокал амярцвела
Ад якогась ліха, зла.
Аж трапечуць з жаху сэрцы
Ў памагатых-панічоў: —
Не царэўнай пахне, смерцю.
Лепей вернемся дамоў,—
Кажуць ціха Партупею.
Партупей ім у адказ:
— Адступаць я не умею...
Царскі помніце Указ?!
Читать дальше