- Людцы!.. Прабачце, калі ласка!- усклікнула яна ў моцным непакоі і прынялася збіраць іх і саджаць на месцы, як мага хучшэй, нібы яны ў самрэч акварыумныя рыбкі, і іх трэба тэрмінова вярнуць на месцы, каб уратаваць ім жыццё.
- Суд не павінен працягвацца,- даволі сур’ёзным голасам сказаў Кароль,- пакуль усе прысяжныя не зоймуць свае месцы... УСЕ!- паўтарыў ён і строга паглядзеў на Алісу.
Аліса зірнула на лаўку, дзе сядзелі прысяжныя, і ўбачыла, да чаго давяла яе мітусня. У запарцы яна пасадзіла яшчарку Біла да гары нагамі, і небарака застаўся ў гэтай позе і толькі маркотна махаў сваім доўгім хвастом, тым больш, што рухаць яшчэ чым-небудзь магчымасці ў яго не было. Аліса паспяшалася вярнуць яго ў звычайны стан:
- Не тое, каб дзеля мяне гэта мела нейкі сэнс,- сказала яна сабе,- але я думаю, гэта мае сэнс дзеля суда.
Як толькі прысяжныя крышачку адчунялі і знайшлі свае дошкі і крэйды, яны зноў прыняліся за сваю працу, каб апісаць здарэнне. Адзін толькі небарака Біл, анічога не рабіў, а толькі сядзеў з разяўленым ротам і лупаў вачыма, гледзячы ўгору.
- Ты што-небудзь ведаеш, аб дадзенай справе?- запытаўся Кароль у Алісы.
- Ані,- адказала дзяўчынка.
- Анічога ЎВОГУЛЕ?- настойліва спытаўся Кароль.
- Так, увогуле нічога,- паведаміла Аліса.
- Гэта вельмі важна,- сказаў Кароль, звяртаючыся да прысяжных. Яны адразу пачалі запісваць гэта на сваіх дошках, але тут уклініўся Белы Трус:
- Ваша Вялікасць, мае на ўвазе Няважна?- шляхетна сказаў ён, але пры гэтым хмурнеў і падаваў Каралю нейкія знакі вачыма.
- Сапраўды! Я гэта і меў на ўвазе,- імгненна паправіўся Кароль, а потым працягнуў нібы сам сабе.- Важна-няважна, няважна-важна.- нібы спрабуючы, якое з гэтых словаў гучыць лепей.
Тады частка прысяжных напісала на сваіх дошках “важна”, а іншыя “няважна”. Аліса ўбачыла гэта, бо была дастаткова блізенька, каб заўважыць, што яны пішуць.
- Тут няма аніякага сэнсу,- вырашыла яна.
У гэты момант Кароль, які на працягу якога часу штосьці старанна запісваў у свой блакнот, усклікнуў:
- Цішыня!- і прачытаў у голас.- Правіла нумар сорак два: “ГРАМАДЗЯНЕ, ШТО МАЮЦЬ БОЛЬШ ЗА ПАЎТАРЫ КІЛАМЕТРЫ РОСТУ, ПАВІННЫ ПАКІНУЦЬ ЗАЛУ СУДА!”
Тут усе, як адзін паглядзелі на Алісу.
- МОЙ рост не паўтары кіламетры,- пакрыўдзілася яна.
- Няўжо?!- сказаў Кароль.
- Не менш за тры кіламетры!- заўважыла Каралева.
- Нікуды я не пайду,- адказала дзяўчынка.- тым больш, гэта не сапраўднае правіла, вы яго толькі што выдумалі.
- Ты памыляешся, гэта самае старое правіла ў маім блакноце,- адказаў Кароль.
- Тады яно павінна быць Нумарам Першым,- заўважыла Аліса.
Кароль узбляднеў і хутка закрыў блакнот.
- Які ваш вярдзікт?- спытаўся ён у журы ціхім дрыжачым голасам.
- Яшчэ хвілінку, Ваша Вялікасць, толькі што было атрымана ячшэ адно сведчанне,- сказаў Белы Трус, падпрыгваючы ад мітусення,- гэта ліст, які мы знайшлі хвіліну таму!
- І што там?- спыталася Каралева.
- Я пакуль не чытаў,- адказаў Трус,- але падазраю, што яго аўтар – наш арыштаваны, які адрэсаваў яго... камусьці.
- Зразумела камусьці,- заўважыў Кароль,- было б неверагодна, каб яно было адрэсавана анікому.
- А каму яно было накіравана?- спытаўся хтосьці з прысяжных.
- Яно не было адпраўлена,- адказаў Трус,- і звонку анічога не было напісана.- Тым часам ён раскрыў ліст і дадаў.- Гэта нават не ліст, гэта вершы!
- Почырк абвінавачанага?- працягвалі з лаўкі прысяжных.
- Не,- заўважыў Трус,- і гэта даволі дзіўна. (Прысяжныя ў разгубленасці азірнуліся адзін на аднаго.)
- Ён папросту змяніў почырк,- сказаў Кароль. (Прысяжныя зноў супакоіліся.)
- Калі ласка, Ваша Вялікасць,- заўважыў Валет.- Я анічога не пісаў і ніхто не дакажа адваротнае. Тут нават няма майго подпісу напрыканцы.
- Калі няма подпісу,- адказаў Кароль,- гэта толькі ўскладняе справу. Калі б ты не ЗАДУМВАЎ шкоды, ты б падпісаўся, як усе шляхетныя асобы.
Зала пачала апладзіраваць - гэта была першая разумная рэч, якую Кароль сёння сказаў.
- Гэта ДОКАЗ яго віны,- казала Каралева.
- Гэта нічога не даказвае,- не згадзілася дзяўчынка.- Вы нават не ведаеце, аб чым ідзе гаворка!
- Чытай,- загадаў Кароль.
Белы Трус начапіў акуляры.
- Адкуль пачынаць, Ваша Вялікасць?- спытаў ён.
- Лепш за ўсё з пачатку,- з сур’ёзным тварам заявіў Кароль,- і не спыняйся, пакуль не дачытаеш да апошняй кропкі.
Трус зрабіў надхненную мыску і прачытаў наступнае:
“Я ведаю, што пра мяне
Вы размаўлялі з ім:
Што цалкам добры я, але
Не плаваю зусім.
Ён загадаў, яна не йшла.
(Мы гэта чулі з вамі):
А калі б рызыка была,
Што б вы зрабілі, пані?
Я даў адзін, яны жа два,
Трыма вы адзялілі.
І ўсе вярнуліся да вас,
Хаця былі маімі.
Каб далучыцца мы маглі
Да цяжкай справы гэтай,
Мы б самі вам іх аддалі,
Як ён зрабіў дагэтуль.
Я ведаю, вы справы ўсе
Уладкавалі самі,
І потым шчэ мяжу ўзвялі
Між мною, ім і вамі.
І я лічу, што ён даўно
Іх надта ўпадабаў.
А паміж намі што было,
Ў сакрэце захаваў.”
Читать дальше