- Зразумела, не!- раз’юшана адказала Аліса.
- Во! Тады ў цябе не надта добрая школа,- узрадаваўся Чарапаха.- У нашай школьнай праграме дадаткам былі: Французкая мова, музыка і пранне.
- Не разумею,- заўважыла Аліса,- навошта яно вам было на дне мора?
- Я не меў сродкаў яго вывучаць,- з уздыхам сказаў Чарапаха.- Я хадзіў толькі на асноўныя заняткі.
- А што вы вывучалі?- спыталася дзяўчынка.
- Па-першае Чханне і Пханне ,- адказаў Чарапаха,- потым разнавіды Арыфметыкі: Скандаленне, Абдыманне, Узбеляненне ды Абмаражэнне
- Я анічога не чула пра Узбеляненне ,- рызыкнула спытацца Аліса.- Што гэта?
Грыфон ажно падскочыў на усе лапы.
- Што! Ты ніколі не чула аб Узбеляненні?! – усклікнуў ён.- Ты не ведаеш, як трэба бяліцца?
- Чаму, ведаю,- сумняваючыся адказала Аліса,- некаторыя жанчыны... накладаюць спецыяльную фарбу на валасы... каб быць... больш... прыгожымі.
- Ну вось,- працягваў Грыфон,- І пасля гэтага ты кажаш, што не ведаеш, што такое Узбеляненне ! Ну ты і дурная!
Аліса больш не адчувала сябе здольнай працягваць гэтую размову, таму павярнулася да Чарапахі:
- Чаму вас яшчэ вучылі?
- Яшчэ ў нас была Гістэрыя ,- працягваў Чарапаха, адлічваючы плаўніком навукі,-... дык вось Гістэрыя – старажытная і сучасная, Мораграфія, Зброднае Слова ... яго нам выкладаў стары вугар, які звычайна прыплываў адзін раз на тыдзень: Ён вучыў нас Збороднаму Слову, Шкрабанняметрыі ды Страце Прытомнасці .
- Гэта як?- спыталася Аліса.
- Я ўжо не магу табе гэтага паказаць,- адказаў Фальшывы Чарапаха,- бо стары. А Грыфон яго не вывучаў.
- Не меў на гэта часу,- сказаў Грыфон,- Я хадзіў да Класічнага Настаўніка. Ён быў старым крабам.
- Я чуў пра яго, але не мог з ім займацца,- сумна заўважыў Чарапаха,- кажуць ён выкладаў Плаціну і Грэчку .
- Так, так, сапраўды,- уздыхаючы казаў Грыфон, і яны абодва схавалі твары між лап.
- А колькі доўжыліся заняткі?- спыталася Аліса, каб адцягнуць іх увагу.
- У першы дзень дзесяць гадзін,- адказаў Фальшывы Чарапаха,- у наступны дзень дзевяць, потым восемь і гэтак далей...
- Які цікавы расклад!- усклікнула Аліса.
- А што тут дзіўнага, мы займалі веды сваіх настаўнікаў, таму гэта і завецца ЗАНЯТКАМІ,- растлумачыў Грыфон,- і яны штодня зменшваліся.
Гэта было чымсьці новым для Алісы, таму яна крыху над гэтым паразважала перш чым задаць наступнае пытанне:
- Тады пэўна адзінаццаты дзень быў выходным,- здагадалася яна.
- Зразумела,- сказаў Чарапаха.
- А што вы рабілі на дванаццаты?- нецярпліва працягвала Аліса.
- Хопіць распавядаць пра навукі,- рашуча перарваў іх Грыфон,- Лепей раскажы ёй аб нашых гульнях.
Глава X
Кадрыль з лобстэрамі
Фальшывы Чарапаха глыбока ўздыхнуў і выцер плаўніком вочы. Ён гядзеў на Алісу і спрабаваў штосьці сказаць, але на працягу хвіліны-другой яго голас душылі сумныя енкі.
- Ён быццам праглынуў косць і яна засела ў яго ў горле,- заўважыў Грыфон і, наблізіўшыся да Чарапахі, пачаў трэсці яго і стукаць яму кулаком па спіне. Урэшце да Чарапахі вярнуўся голас, і ён працягваючы гаротна рыдаць вымавіў:
- Ты магчыма ніколі не жыла на марскім дне...
- Не,- прызналася Аліса.
- ... і хутчэй за ўсё не ведаеш, лобстэра...
(Аліса канечне хацела шляхетна прызнацца, што спрабавала яго калісьці, але зразумеўшы, што скажа глупства, толькі пахістала галавой)
- ... Тады ты і ўявіць сабе не зможаш, такога цудоўнага танца як Лобстэравая Кадрыль!
- Ой не!- сказала Аліса.- А як яго танчаць?!
- Як?!- казаў Грыфон.- Па-першае, трэба ўстаць у лінію на беразе...
- У дзве лініі!- закрычаў Чарапаха.- Цюлені, чарапахі, ласосі і гэтак далей; прастора ачышчаецца ад мядуз...
- ГЭТА займе колькі часу,- патлумачыў Грыфон.
- ... потым, усе становяцца па двая...
- ... кожны са сваім лобстэрам,- усклікнуў Грыфон.
- Зразумела,- падтрымаў яго Чарапаха,- становяцца па двая і рухаюцца наперад...
- ... потым мяняюцца лобстэрамі і працягваюць рух...- пряцягваў Грыфон.
- ... а потым,- закрычаў Чарапаха,- кідаюць...
- ... лобстэраў... – усклікнуў Грыфон, узлятаючы ў паветра.
- ... як мага далей у мора...
- ... плывуць за імі...- шалёна крыкнуў Грыфон.
- ... вяртаюцца назад. Гэта першая фігура,- сказаў Чарапаха, раптоўна сцішыўшы голас і дзве істоты, якія хвіліну таму шалёна прыгалі вакол, ціхінька селі на зямлю, гледзячы на дзяўчынку.
- Напэўна гэта вельмі прыгожы танец!- сарамліва прамовіла Аліса.
- А ці б хацела ты яго ўбачыць?- спытаў Фальшывы Чарапаха.
Читать дальше