Люіс Кэрал
Аліса ў Цудакуце
Плыве палудзень залаты,
Плыве па хвалях чоўнік.
За вёслы ухапіліся
Дзявочыя ручонкі.
І робяць выгляд, што з іх волі
Па рэчцы рухаецца човен.
Ах, злыя дзевы, ў гэту спеку
Вы пачалі патрабаваць
У стомленага чалавека
Гісторыю вам расказаць,
І я адбэсціцца не змог
Ад трох дзявочых язычкоў.
І ўладна кажа Першая:
“Няхай распачынае!”
“Паболей глупстваў і лухты”, -
Ліслівіцца Другая.
А Трэцця казачку маю
Ўвесь час перапыняе.
І хуценька у цішыні
Плыве маё натхненне.
Дзяўчынка-мроя ў Цудакут
Бяжыць праз падзямелле,
Там дзе жывёлы, птушкі, рэчы
З ёй гаманяць па-чалавечы.
Я казкай ссушаны ушчэнт:
“Далей наступным разам”
”Наступны раз ужо прыйшоў!”-
Шчаслівы енк адказам.
Так пакрысе, за крокам крок
Расце аповед мой.
Але ён скончаны, а нам
Пара спяшаць дамоў.
Мы весела ідзём, а сонца
Схавалася за гарызонтам.
Аліса, казка хай мая
Пяшчотнаю рукою
Нясе цябе па ручаях
Вянком дзявочых мрояў,
З тых кветак, што ты пілігрымам,
Сарвала ў сноў сваіх краіне.
Аліса сядзела разам з сястрою на схіле і ўжо пачала сумаваць. Адзін-два разы яна зірнула ў кнігу, што чытала сястра, але там не было ані малюнкаў, ані размоваў. “Які сэнс, - разважала сам-насам Аліса, - ад кнігі, калі ў ёй няма малюнкаў і ніхто не размаўляе?”
Ад спёкі яна пакрысе пачала засынаць. Можна было б, канечне, сплесці сабе вянок, але дзеля гэтага патрэбна было б падняцца ды нарваць кветак. Раптам ля яе прабег Белы Трус з чырвонымі вочкамі.
У гэтым не было НАВАТ анічога незвычайнага.Яна НАВАТ амаль не здзівілася, калі Трус прамовіў сам сабе: “Аёйку! Людцы добранькія! Як жа я спазняюся!” Потым Аліса разважала, што проста абавязана была здзівіцца, але ў той раз ёй здавалася ўсё зусім натуральным. Але калі Трус выцягнуў з КІШЭНІ СВАЁЙ КАМІЗЭЛЬКІ гадзіннік і зірнуўшы на яго пабег далей, Алісу быццам падкінула на абедзьве нагі. Гэта было звыш яе разумення, каб трус меў камізэльку ды і яшчэ з кішэняй, а калі ў ёй яшчэ маецца гадзіннік... Яе папросту раздзірала ад дапытлівасці. На якуюсь хвіліну яна згубіла Труса са зроку, але заўважыла, як той нырнуў у дзірку пад плотам.
Яна кінулася за ім, хаця іншым разам двойчы падумала б, якім чынам яна будзе выбірацца адтуль.
Адпачатку трусіная нара ішла раўнютка, нібы тунэль, але нечакана пайшла ўніз. Настолькі неспадзявана, што ў Алісы нават не было часу спыніцца, і яна паляцела ў глыбокі калодзеж.
Ці тое калодзеж быў надта гыбокі, ці тое падала Аліса замедленна, але ў яе было да гары часу, каб азірнуцца. Спачатку яна спрабавала зразумець, куды яна падае, але ўнізе было цёмна. Тады яна пачала глядзець па баках і заўважыла, што сценкі калодзежа былі застаўленыя кніжнымі ды кухоннымі шафамі. Яшчэ паўсюль на цвіках віселі карты ды разнастайныя выявы. Аліса схапіла з адной з палічак слоік, на якім было напісана “Апельсінавы Джем”, але ён, нажаль, быў пусцюткі. Спачатку Аліса вырашыла кінуць слоік аб зямлю, але спужалася, што можа кагосьці забіць і таму закінула яго на нейкую палічку.
“Уф!- разважала Аліса, - пасля такога падзення я магу кінуцца з лесвіцы і нават гэтага не заўважыць! Дома ЎСЕ вырашаць, што я страшэнна адважная! Цяпер і з даху зваліцца для мене будзе толькі забаваю!”
А яна ўсё падала, падала. Алісе здавалася, што гэтае падзенне доўжыцца БЯСКОНЦА!
“Цікава, - уголас падумала яна, - якую адлегласць я ўжо праляцела? Напэўна я дзесь набліжаюся да цэнтра зямлі? Разумееце, гэта прыблізна шэсць з паловаю тысяч кіламетраў уніз! (Аліса нібыта стаяла ва ўласным класе ля дошкі. І хаця вакол не было аніводнага гледача, яна вырашыла ПАПРАКТЫКАВАЦЦА). Так, а гэта адлегласць па Шыраце, ці па Даўгаце?” (Што такое Шырата, а што Даўгата, Аліса не мела аніякага разумення, але словы гучалі надта шляхетна.)
Аліса працягвала сваю развагу: “А вось жа ж будзе смешна, калі я пралячу зямлю НАСКРОЗЬ! Цікава будзе пабачыць ЛЮДЗЕЙ, якія ходзяць дагары нагамі! Як там яны называюцца? Антыпатыі? Во!..”
Тут яна ўзрадавалася, што яе не чуюць, таму што разумела, што нясе лухту
“Мне абавязкова трэба будзе спытацца, дзе я знаходжуся? "Прабачце, Васпані, вы не падкажыце, я ў Новай Зеландыі, ці Аўстраліі?"”
Калі яна гэдак разважала, яна паспрабавала зрабіць рэверанс. Як-небудзь абавязкова паспрабуйце ЗРАБІЦЬ РЭВЕРАНС у паветры, а я пагляджу, што ў вас атрымаецца!
Читать дальше