Дзяўчынка дагэтуль ніколі не была на судзе, але чытала пра яго ў кнігах, таму была задаволеная тым, што пазнае ўсіх удзельнікаў.
- Гэта суддзя,- сказала яна сабе,- таму што мае самы вялікі парык.
Суддзёй, між іншым, быў сам кароль, які начапіў сваю карону зверху парыка (глядзі на малюнак, калі хочаш даведацца, якім чынам ён гэта зрабіў), ад гэтага ён адчуваў сабе не вельмі ўтульна, ды і выглядала гэта не надта добра.
- А гэта прысяжныя,- вырашыла Аліса,- дванаццаць істотаў.
(Аніяк інакш іх было немагчыма назваць, бо сярод іх былі і птушкі, і жывёлы)
Яна прамовіла слова “прысяжныя” пра сябе два ці тры разы, моцна задаволеная тым, што не кожная дзяўчынка яе ўзросту зразумела б яго сэнс.
- А яшчэ іх можна было б назваць “калегіюм прысяжных”.
Усе дванаццаць з задуменным выглядам пісалі штосьці на сваіх дошках.
- Што яны пішуць?- шэптам спытала Аліса ў Грыфона.- Паседжанне ж яшчэ і не пачыналася!
- Пішуць свае імёны,- адказаў Грыфон,- каб не забыць іх да заканчэння суда.
- Глупства!- у голас раз’юшылася Аліса, але адразу ж супынілася, калі Белы Трус крыкнуў: “Цішыня ў судзе!”, а Кароль начапіў акуляры і баязліва азірнуўся па баках, каб даведацца, хто гэта сказаў.
Аліса, гледзячы праз плечы прысяжных, бачыла, як яны пачалі запісваць на дошках слова “глупства!”, дзяўчынка таксама пачула, як адзін з удзельнікаў калегіюму, які не ведаў, як правільна пісаць, пытаўся аб гэтым у суседа.
- Суд яшчэ не пачаўся, а ў прысяжных на дошках ужо і месца няма ад усемагчымай блытаніны!- падумала Аліса.
Крэйда аднаго з прысяжных моцна рыпела. Хутка гэта знервавала Алісу, і тады яна ціхінька прабралася ззаду і хутка адабрала ў істоты крэйду. Бедны маленечкі прысяжны ( гэта быў Яшчарка Біл) гэтага нават не паспеў заўважыць і зразумець, што здарылася, але не разгубіўся і працягваў пісаць пальцам, не гледзячы на тое, што палец не пакідаў на дошцы аніякіх слядоў.
- Герольд, чытайце абвінавачванне,- прыказаў Кароль.
Белы Трус тры разы пагудзеў у сваю трубу, раскруціў пергамент і выразна прачытаў наступнае:
“Аднойчы сабе Каралева спякла,
Слодыча на абед:
Але пачастунак той - колькі ватрушак,
Скраў злодзей Валет!”
- Вынесці прысуд!- прыказаў Кароль прысяжным.
- Чакайце Ваша Вялікасць, пакуль рана!- перапыніў яго Трус.- На пачатку трэба выслухаць сведкаў!
- Мамачкі!.. Добра, вызывай першага сведку,- незадаволена сказаў Кароль.
Трус зноў тры разы прагудзеў і моцна крыкнуў:
- Першы сведка!
Першым сведкам быў Капялюшнік. Ён з’явіўся з кубкам гарбаты ў адной руцэ і не даедзеным бутэрбродам у другой.
- Шчыра прашу прабачэння, Ваша Вялікасць,- прамямліў ён,- што я з ежай, але я, піў гарбату, калі за мной прыйшлі, і не паспеў даясі.
- Ты павінен быў скончыць па дарозе,- сказаў Кароль.- Калі ты пачаў?
Капялюшнік зірнуў на Сакавіцкага Зайца, які прыйшоў з ім у суд, трымаючы падпахаю Соню.
- Я думаю, чатырнаццатага сакавіка,- сказаў Капялюшнік.
- Пятнаццатага,- заявіў Заяц
- Шаснаццатага,- не прачынаючыся дадала Соня.
- Запішыце гэта,- сказаў Кароль прысяжным і тыя шпарка запісалі на сваіх дошках усе тры даты, а потым пачалі іх складваць, перакладаючы адказ на шылінгі і пенсы.
- Здымі свой капялюш,- прыказаў Кароль Капялюшніку.
- Ён не мой,- адказаў той.
- Ты яго скраў!- усклікнуў Кароль, звяртаючы на гэта ўвагу прысяжных, якія неадкладна запісалі гэта на сваіх дошках.
- У мяне ўсе капялюшы на продаж,- растлумачыў Капялюшнік,- а ўласных у мяне няма. Я жа ж КАПЯЛЮШНІК.
Каралева начапіла акуляры і ўважліва паглядзела на небараку, які ад хвалявання ўжо збляднеў.
- Што ты ведаеш, аб гэтай справе?- запытаўся Кароль,- і кінь нервавацца, альбо будзеш пакараны на месцы.
Гэта аніколькі не супакоіла сведку. Ён пераступваў з адной нагі на другую, з бояззю гледзячы на Каралеву, а потым пераблытаўшы адкусіў вялікі кавалак кубка замест бутэрброду.
У гэты момант Аліса адчула сябе даволі дзіўна і была моцна азадачана гэтым фактам: яна зноў пачала расці. Дзяўчынка хацела хуценька падняцца і пакінуць суд, але паразважаўшы вырашыла застацца на месцы.
- Кінь пхацца,- незадаволенна сказала сядзеўшая ля Алісы Соня.- Мне ўжо цяжка дыхаць!
- Ані чым не магу вам дапамагчы,- пакорліва прамовіла Аліса,- я расту!
- Ты не маеш права тут расці,- заявіла Соня.
- Не кажыце лухты,- даволі смела адказала дзяўчынка,- вы ж таксама расцёце.
- Так. Расту, але ж не такім шалёным тэмпам,- адказала Соня і падняўшыся перайшла ў іншы бок суда.
Читать дальше