Тым часам Каралева працягвала ўважліва назіраць за Капялюшнікам, і калі Соня пачала рухацца па зале, загадала аднаму з салдатаў:
- Прынесці мне спіс выканаўцаў з апошняга канцэрту!
Няшчасны Капялюшнік пачаў дрыжаць так, што з яго зляцелі чаравікі.
- Давай сведчанне,- зноў сказаў Кароль, але ўжо раз’юшаным тонам,- ці я цябе катую, нервуешся ты ці не!
- Я бедны чалавек,- дрыжачым голасам прамармытаў Капялюшнік,- ...я толькі пачаў піць гарбату... недзе тыдзень таму ці крыху раней... а бутэрброды зараз такія танюткія... і гарбата так мігціць...
- Чаго мігціць?!- спытаўся Кароль.
- Усё пачалося з гарбаты,- адказаў Капялюшнік.
- Я бачу, што ты гарбаты,- рэзка прамовіў Кароль.- Што ты робіш з мяне ёлупа? Прэч!
- Я бедны чалавек,- працягваў Капялюшнік,- а ў мяне ў вачах, як пачало мігцець... і тады Заяц сказаў...
- Не казаў,- перапыніў яго Сакавіцкі Заяц.
- Не, ты казаў,- прамовіў Капялюшнік.
- Я адмаўляюся,- закрычаў Заяц.
- Ён адмаўляецца,- сказаў Кароль,- адзначце гэта.
- Добра, можа я памыліўся, мо гэта Соня казала,- працягваў Капялюшнік, баязліва азіраючыся па баках, але на яго шчасце Соня ані ад чаго не адмаўлялася, бо моцна спала, таму ён з палёгкай працягваў.- Пасля гэтага я з’еў яшчэ адзін бутэрброд...
- Але, што канкрэтна казала Соня,- спытаўся адзін з прысяжных.
- Я не памятаю,- прамямліў Капялюшнік.
- Ты ПАВІНЕН прыпомніць,- заўважыў Кароль,- ці мы цябе катуем.
Капялюшнік з жаху ўпусціў кубак ды бутэрброд і кінуўся на падлогу ля каралеўскіх ног:
- Я бедны чалавек, Ваша Вялікасць,- зноўку пачаў ён.
- І аніякі апавядальнік,- дадаў Кароль.
Тут нейкая марская свінка пачала моцна пляскаць у далоні з гэтаму экспромту, але амаль адразу была прыгнечана салдатамі. (Гэта цяжка зразумець, таму растлумачу вам, як яны гэта рабілі: Свінку кінулі галавою ўніз ў вялізны мех, перад гэтым звязаўшы яе з ног да галавы, а потым яшчэ і селі зверху.)
- Я канечне чытала ў навінах,- разважала Аліса.-, "Капіталісты моцна прыгнятаюць працоўны люд..." , але ніколі не магла зразумець, як гэта робіцца, таму вельмі задаволена, што ўрэшце ўбачыла.
- Калі гэта ўсё, што вы ведаеце аб гэтай справе, можаце ісці на месца,- працягваў Кароль.
- Як я магу ісці,- спытаўся Капялюшнік,- калі ляжу на падлозе!
- Спачатку сядзь, потым падыміся на ногі і ВАЛІ АДСЮЛЬ!- адказаў Кароль.
Тут пачала апладзіраваць яшчэ адна свінка, і таксама была прыгнечаная.
- Ага, свінкі скончыліся,- падумала Аліса.- Цяпер ўсё пойдзе хутчэй.
- Ну, я тады пайду дап’ю гарбату,- заўважыў Капялюшнік, працягваючы баязліва глядзець у бок Каралевы, якая ўважліва вывучала спіс выканаўцаў.
- Бяжы, хлопец!- сказаў Кароль, і Капялюшнік імгненна выканаў яго загад, нават не спыніўшыся, каб надзець чаравікі.
-... і адсячыце яму там з вонку галаву,- дадала Каралева салдатам, але Капялюшнік знік з поля зроку раней, чым салдаты дайшлі да дзвярэй.
- Клічце наступнага сведку,- крыкнуў Кароль.
Наступнаю была герцагініна Кухарка, якая ў адной руцэ працягвала трымаць вялізную перачніцу. І Аліса здагадалася аб яе прысутнасці яшчэ да таго, як тая ўвайшла ў залу, бо ўсе пачалі моцна чхаць.
- Сведчы!- загадаў Кароль.
- Не буду!- заявіла Кухарка.
Кароль баязліва паглядзеў на Белага Труса, які на вуха яму ціхінька прамовіў:
- Ваша Вялікасць, трэба правесці са сведкам перахросны допыт.
- Так, ну трэба дык трэба,- сказаў Кароль з маркотай у голасе, пасля скрыжаваў рукі і хмурна гледзячы Кухарцы ў вочы, жахлівым голасам прамовіў.- З чаго робяць ватрушкі?
- Па большасці з перцу,- адказала Кухарка.
- З патакі,- пачуўся нейкі сонны голас паблізу.
- Схапіць гэтую Соню!- завішчала Каралева.- Катаваць яе! Выкінуць яе вонкі! Пад прыгнёт яе! Заказытайце яе! Абарвіце ёй вусы!
На працягу колькіх хвілінаў суд быў узрушаны, таму што ўсе яго ўдзельнікі лавілі Соню. Калі ж яны супакоіліся, Кухарка ўжо адышла.
- Не бярыце ў галаву!- супакоіў усіх Кароль, сам з палёкай прыняўшы Кухаркіна знікненне.- Клічце наступнага сведку!- і паўшэптам дадаў Каралеве,- Можа ты, даражэнькая правядзеш перахросны допыт з наступным сведкам. А мне ўжо моташна!
Аліса назірала, як Белы Трус шукае па спісу, паміраючы ад зацікаўленасці, хто ж будзе наступным сведкам, і ці знойдуць яны хаця б адно разумнае сведчанне. І ўявіце яе здзіўленне, калі Белы Трус пранізліва вымавіў:
- Аліса!
- Тут!- крыкнула Аліса, якая ў мітусне забылася, наколькі яна вырасла за апошні час і ўскочыла настолькі шпарка, што перакуліла краем сваёй спадніцы лаўку з прысяжнымі, якія адразу ж пападалі на галовы ніжэй седзячых, і крыху нагадвалі тых рыбак з акварыуму, які Аліса перакуліла на мінулым тыдні.
Читать дальше