Элеанора Ляхновіч
Турба-Элік і яго сябры
Прывітанне, маленькі чытач!
Вітае цябе мама хлопчыка Глеба, якому 5 год. Як і ўсякі хлопчык Глеб любіць гуляць з машынкамі. Ён выдумляе для сваих цацак прыгоды і мімаходам ублытвае ў сваю гульню ўсіх і ўсё навокал. Самая ўлюбёная цацка хлопчыка — маленькая машынка Турба-Элік, якую ён склаў з пластмасавага канструктара Лега.
Таксама ў Глеба ёсць лепшы сябар — хлопчык Вова, а ў Турба-Эліка — металічная машынка Гонка-Стрыж.
Хлопчыкі і машынкі разам гуляюць і вандруюць. Аднак яны трапляюць не толькі ў цікавыя гісторыі, але і ў жахлівыя ператрусы!
Я падслухала і падгледзіла, як гуляе Глеб з машынкамі, а потым запісала і замалявала ўсе гісторыіі, якія з імі адбываліся. Вось яны — перад табой! Калі ласка, дружа, адчыняй кнігу, разглядай малюнкі і слухай…
Сёння субота — ня трэба ісці ў дзіцячы садок. Хлопчык Глеб сядзіць дома і раскладвае на падлозе квадратныя керамічныя плітачкі, якія тата прынёс яму з працы. Плітачкі розных памераў, але амаль што аднолькавага сіняга колеру! Аказваецца, сіні колер мае безліч разнастайных адценняў!
Ён можа быць светлы — блакітны ,
сіне-зялёны — бірузовы ,
ультрамарынавы ,
цёмна-блакітны і сіні , амаль чорны…
Глеб сядзеў і думаў, што можна выкласьці з сініх плітачак і прыдумаў: ён выкладзе мора! Але не прастое, а Чорнае! Ён вельмі добра яго запомніў, калі летась ездзіў з бацькамі на Поўдзень. Мора было бяскрайняе і сіняе-сіняе, а каля берага — блакітнае-блакітнае!.. Цікава, а чаму дарослыя называюць яго Чорным? Глебаў тата, марскі капітан, аднойчы па сакрэту сказаў, што капітаны ведаюць, чаму мора называюць Чорным… але Глеб не стаў дапытвацца ў таты — чаму. Ён захацеў, каб любімае мора мела тайну…
Як мазаіку выкладвае хлопчык плітачкі, марскія каменьчыкі і ракушкі, якія ён назбіраў на беразе — і атрымліваецца сапраўднае мора! Раптам Глеб узгадаў пра вельмі карысную і неабходную для капітана рэч — компас!
— Тата мне казаў, - прамовіў хлопчык, — што зялёная стрэлачка компаса заўсёды накіравана на Поўнач, а супрацьлеглы канец стрэлачкі — на Поўдзень. Так, Чорнае мора знаходзіцца на Поўдні… І Глеб паклаў компас такім чынам, што мазаіка-мора апынулася аккурат на Поўдні.
Засталося пабудаваць горад на беразе мора. Ён памятаў, што Паўднёвы горад сонечны і вясёлы. Глеб пазычыў у маці рознакаляровыя паралончыкі для мыцця посуду — выдатны будаўнічы матэрыял, лёгкі і устойлівы. Пабудаваўшы прыморскі горад, хлопчык пайшоў палуднаваць.
А тым часам…
Пакуль хлопчык Глеб гуляў у сваім пакоі з плітачкамі, за ім уважліва сачыў Турба-Элік і яго сябар серабрысты Гонка-Стрыж. Калі Глеб пайшоў палуднаваць, машынкі пераглянуліся і асьцярожна выехалі на сярэдзіну пакоя. Турба-Элік шэптам запытаўся ў сябра:
— Паслухай, Стрыж, ты ведаеш, што такое мора?
— Не, Элік, ня ведаю, — таксама шэптам адказаў Гонка-Стрыж.
— А чаму мора чорнае? — дапытваўся Турба-Элік. — А што такое поўдзень?
— І гэтага я ня ведаю… Але паглядзі: хлопчык пакінуў на падлозе таямнічы прадмет — компас.
— Пакажы-ка, Стрыж.
Турба-Элік пад’ехаў бліжэй і ўгледзіўся ў компас.
— Бі-бі-бо! Узгадаў! Я аднойчы чуў, як тата тлумачыў Глебу, навошта патрэбны компас. Ён — надзейны спадарожнік турыста і ў моры і на сушы! З ім не заблукаеш! Зялёная стрэлачка компаса заўсёды накіравана на Поўнач. Яна нават у цемры свеціцца, як светлячок, бо фосфарная! А супрацьлеглы канец стрэлачкі, чырвоны, накіраваны на Поўдзень.
— І што, Элік, калі мы паедзем у накірунку чырвонай стрэлачкі, мы трапім на Подзень?! — запытаўся Гонка-Стрыж.
— Бі-бі-бо! Стрыж! Які ты здагадлівы! Так, сапраўды, мы трапім на Поўдзень! Мы даведаемся, што такое Подзень і што такое мора! Паехалі! Бі-бі-бо-о-о!
І сябры паехалі на Поўдзень, трымаючы перад сабой хлопчыкаў компас.
…………………………………………………………………………………………………………
Читать дальше