- Праўду. - Дамблдор уздыхнуў. - Праўда - выдатная і адначасова жудасная рэч, таму з ёй варта звяртацца з найвялікшай асцярожнасцю. Аднак, я адкажу на твае пытанні, калі толькі ў мяне не будзе сапраўды важкіх падстаў, каб гэтага не рабіць, і ў такім разе табе прыйдзецца выбачыць мяне. Зразумела, ні ў якім выпадку я не зманю табе.
- Добра… Вальдэморт сказаў, што яму давялося забіць маю маці, таму што яна спрабавала замінуць яму забіць мяне. Але нашто яму было забіваць мяне?
Гэтым разам Дамблдор уздыхнуў яшчэ глыбей.
- Нажаль! Першае ж тваё пытанне я вымушаны пакінуць без адказу. Не сёння. Не зараз. Калі-небудзь ты абавязкова даведаешся… а пакуль пакінь гэтыя думкі, Гары. Калі ты станеш старэй… Я ведаю, як табе цяжка чуць гэта… калі ты будзеш гатовы, ты ўсё даведаешся.
І Гары зразумеў, што спрачацца бескарысна.
- А чаму Квірэл не мог да мяне дакрануцца?
- Твая маці памерла, ратуючы цябе. Калі ёсць на свеце нешта, чаго Вальдэморт не ў стане зразумець, гэта - любоў. Яму не ўсвядоміць, што любоў такой сілы, якую мела да цябе твая маці, пакідае свой уласны след. Не шнар, не які-небудзь знак… але, калі хтосьці любіць цябе так моцна, ён, нават пасля сваёй смерці, абараняе цябе сваёй любоўю. Ты ўвесь прапітаны гэтай любоўю. І таму Квірэл, поўны нянавісці, зайздрасці, злосці, раздзяліўшы сваю душу з Вальдэмортам, не мог дакрануцца да цябе. Для яго гэта было смяротна - дакрануцца да чагосьці настолькі добрага.
Дамблдор раптам выявіў падвышаную цікавасць птушкі, якая села на падваконне, і гэта дало Гары магчымасць выцерці слёзы. Авалодаўшы сабою, Гары спытаў: "А плашч-нябачнік - вы не ведаеце, хто даслаў яго мне?"
- Ах, плашч… Так здарылася, што твой бацька пакінуў яго ў мяне, і я вырашыў, што табе ён можа спатрэбіцца. - Дамблдор падміргнуў. - Карысная штука… У свой час твой тата з яго дапамогай краў з кухні піражкі.
- І вось яшчэ што…
- Давай.
- Квірэл сказаў, што Снэйп...
- Прафесар Снэйп, Гары.
- Так… Квірэл сказаў, што ён ненавідзіць мяне, таму што ненавідзеў майго бацьку. Гэта праўда?
- Мабыць, яны і сапраўды недалюблівалі адзін аднаго. Прыкладна як ты і містэр Малфой. Акрамя таго, твой бацька здзейсніў штосьці, што Снэйп аказаўся не здольны прабачыць.
- Што?
- Ён выратаваў Снэйпу жыццё.
- Што?
- Так-так… - пацвердзіў Дамблдор задуменна. - Дзіўна, да чаго нелагічна ўладкаваныя людзі, праўда? Прафесар Снэйп не можа перанесці, што ён застаўся павінны твайму бацьку. Я не сумняваюся: ён так абараняў цябе на працягу ўсяго гэтага навучальнага года, таму што лічыў, што такім чынам можа вярнуць пазыку твайму бацьку і яны будуць квітыя. І тады ён ужо з поўным правам зможа пагарджаць і ненавідзець памяць аб тваім бацьку…
Гары паспрабаваў углыбіцца ў сутнасць гэтых слоў, але кроў загрукала ў галаве, і яму прыйшлося спыніць думаць.
- І, сэр, ёсць яшчэ адна рэч…
- Толькі адна?
- Як я дастаў камень з люстэрка?
- Ага, вось гэта добрае пытанне. Гэта была адна з маіх самых выдатных ідэй, і, паміж намі кажучы, гэта яшчэ слаба сказана. Разумееш, толькі той, хто жадаў знайсці камень - знайсці, а не выкарыстаць - мог бы атрымаць яго, у адваротным выпадку ён бачыў бы, як ён здабывае золата або як п'е Эліксір Жыцця. Часам я сам сябе здзіўляю… А зараз хопіць пытанняў. Прапаноўваю табе лепш звярнуць увагу на гэтыя прысмакі. О! Усесмачныя ляндрынкі Берці Ботс! У юнацтве мне не пашчасціла, мне патрапіў арэшак са смакам ваніт, і, я баюся, мая цікаўнасць да гэтага ласунка аслабела - але, мяркую, нічога страшнага, калі я з'ем вось гэты, колеру ірыскі?
Ён усміхнуўся і з хітрым выглядам закінуў у рот залаціста-карычневую ляндрынку. Папярхнуўся і сказаў: "Вушная сера! Не самы прыемны на свеце смак. Хоць магло быць і горш".
Мадам Помфры, фельчар, была вельмі любаснай, але надзвычай строгай жанчынай.
- Усяго пяць хвілін, - умольваў Гары.
- Ні ў якім разе.
- Вы ж упусцілі прафесара Дамблдора…
- Упусціла, але ён дырэктар, а гэта розныя рэчы. Табе патрэбны адпачынак.
- А я і адпачываю, глядзіце, ляжу і ўсё такое. Ну, мадам Помфры…
- Добра, добра, - здалася яна, - але толькі пяць хвілін.
І яна ўпусціла Рона і Герміёну.
- Гары!
Герміёна гатовая была накінуцца на яго з абдымкамі, але, на шчасце, стрымалася, - галава ў Гары ўсё яшчэ вельмі балела.
- О, Гары, мы баяліся, што ты… Дамблдор быў так занепакоены…
- Уся школа толькі аб гэтым і гаворыць, - сказаў Рон. - А што здарылася насамрэч?
Гэта апынуўся адзін з тых рэдкіх выпадкаў, калі рэальныя падзеі былі яшчэ загадкавей і займальней, чым чуткі, якія аб іх хадзілі. Гары распавёў сябрам пра ўсё: пра Квірэла; пра люстэрка; пра камень; пра Вальдэморта. Рон з Герміёнай выявілі сябе цудоўнымі слухачамі; яны ахалі ў правільных месцах, а калі Гары дайшоў да таго моманту, калі Квірэл разгарнуў цюрбан, Герміёна гучна ўскрыкнула.
Читать дальше