Лаўрэн (пручаючыся). Баба! Не смей! Гасцявыя людзі!
Магда. Смею, любенькі, каб цябе так чэрці любілі.
Лаўрэн. А-ёй, каб табе жаба цыцкі дала.
Магдавыпхнула яго. Вашчыланаліў чарку.
Вашчыла. Н-ну-у. Прапаў, сваток. Паплачуць па табе твае сабакі, паходзяць па табе яе каты. (I раптам прыслухаўся, пачуў тое, што значна раней чула Агна: часты і шматлікі пошчак капытоў, які набліжаецца і набліжаецца.) Ну й слых у кабеты. У варту б яе – цаны б не было. ( Дзьмухнуў на каганец. Цяпер ён толькі слабы цень, які прыпаў да акна і выцягнуў з-за паяса пісталет. Асветлены цяпер толькі ганак, на якім стаіць Агна Вецер, і – цьмяна – двор. З левага боку глухія ўдары ў браму.)
Голас камісара. Гэй, адвальвай браму! Гэй, пускай конных, ваўкі вас еш! Чый двор? З дарогі збіліся, увесь свет прападзі акрамя пападдзі! Чый? Двор чый? Хвёдара Барана?! Адчыняй, каб вам на тым свеце хаціну збудавалі! Паны-арандатары Іцкавічы, Гдаля і Шмуйла.
Агна. Не крычы, камісар. Гэта не Бараноў двор. I рабіць тут Шмуйлу з Гдалем няма чаго. Гэта двор вольнага землеўладцы.
Гдаль. Якога яшчэ вольнага?
Агна. Удавы панцырнага баярына Агны Вецер і яе сына, Васіля Ветра.
Шмуйла. Ну, Ветра, ну, Ветра. Адчыняй.
Агна. Каралю, а значыць, і князю тут усё заплочана да апошняга шэлега. То і няма чаго тут рабіць яго папіхачам.
Шмуйла. Баба... не каштаваў гэты двор бізуна?
Агна. А госць няпрошаны не каштаваў бязмена ў лоб?
Гдаль. Спакойная ты, кабета.
Агна. Спакойная. Як хочаце па-добраму – не ламіцеся ў браму, пакіньце сваё воўчае мяса за агароджаю і пеша, як ветлівыя госці, ножкамі, ідзіце ў двор. Унь лава пад дубам. Чарку вам вынесуць сюды.
Гдаль. А што там у хаце за гвалт?
Агна. Вяселле... на якое вас не клікалі. А сілком дзерціся на чужое свята – не раю.
Маўчанне. Пасля пырханне коней. З’яўляецца камісар, а за ім браты Гдальі Шмуйла Іцкавічыў суправаджэнні варты.
Гдаль. Уй, Ветрыха. Грубіяніш. Хто да цябе лезе ў хату на тваё вяселле, на тваю трэфную ежу?
Агна. Прабач, бацюхна. Каб ведала – кошарнага прыпасла б дзеля такіх дарагіх гасцей. А ў хату? У хату не запрашаю. Няма чаго ясну панству Іцкавічам баляваць са свіннямі.
Камісар. Захочуць – самі ўвойдуць. Вашага не будуць есці, а й вам не дадуць жэрці.
Шмуйла. Так, пані. Мала што вольныя вы і ваш сын. Мала, што выплацілі інвентары. У нас – арэнда. I фактычна-такі пабор звыш чыншу мы браць-такі будзем. I ссыпка жыта, і грашовыя паборы – меты – возьмем і не спытаемся.
З’яўляецца Лаўрэнз Магдаю, заўважыў прыхадняў, штурхнуў яе назад.
Лаўрэн. Бяжы па людзей.
Шмуйла. I выберам гіберну і іншыя плацяжы. А калі чынш заплацілі – дзе вашы квітанцыі?
Агна. Хто ж, у другі раз браць будзеце?
Гдаль. Па паперах дзе відаць, што вы плацілі?
Агна. Якія паперы? У нас заўсёды – на слова.
Гдаль. Гэта раней было – на слова.
Лаўрэн. Ой, падавішся, пёс!
Камісар. Цяпер – вось вам ваша слова (паказвае дулю). А будзеце бараніцца – возьмем сілаю. Усё возьмем. Бізуноў захочаце – будуць бізуны. Турмы – будзе вам турма. Нам вашы кароль і князь– не ўказка. Псом яснага пана Гдаля абазваў – псам тваё падла кінем.
Гдаль. Ну і нашто лезці і гарлаць? Ціхенька скарыцеся – і не будзеце пасля доўга хварэць, а мо і паміраць.
З хаты пацягнуўся на ганак і галерэю лямуса натоўп. Стаіць пакуль што, у пагрозлівым маўчанні.
Ну і што? Вось Вашчыла ездзіць па наваколлі – мала яму паўтараста плётак. Ён хоча на кол сесці. I на палі не дапаможа яму ані Хрыстос, ані хто.
Шмуйла. Не было тут злодзея Вашчылы, басякі-і? Не ў хаце ён?
Лаўрэн. Гэта мы басякі? Ану зайдзі, зайдзі ў хату, тварына паршывая.
Шмуйла. I што заходзіць? Нашто мне заходзіць? Унь у вёсцы Гарбовічы сем забітых. Унь у Вепрыне шмат калек. Ім хочацца ў пакутнікі? Я-ткі ім зраблю, пакутнікі.
Лаўрэн. Сабака, змоўч!
Гдаль. А што, пры Пятровічу, пры сваім арандатару, вам лелей было, музікі-і?
Агна. Праўда, не лепей. Відаць, толькі падлюгам падмога і ад нашага, і ад вашага смуроднага бога... Ідзіце адсюль.
Гдаль. Гэта невядома, хто пойдзе.
Читать дальше