Камісары былі купленыя імі, і ім баяліся скардзіцца. Збіралі падатак (без квіткоў) і знікалі, а Гдаль тады здзіраў другі падатак.
Палкоўнік Данаван. Яму, як немцу, няма чаго шкадаваць прыгнечаных людзей чужой крыві. Але ён усё ж салдат і трымаецца сякіх-такіх рэштак кодэксу гонару. Салдат павінен жыць коштам абдзёртага насельніцтва – так тады думалі ўсе. Але як стаў сведкам нечаканай высакароднасці “быдла” (да свайго лёсу абыякавы, але з ім быў сын), калі немінучая смерць падарыла сыну жыццё, пачаў сяк-так варушыць рэшткамі сваіх мазгоў і знайшоў тую парушынку сумлення, каб адмовіцца ад разбою і служэння злу.
Пробашч бельскі Пёкур – адна з самых важных асоб п’есы. I адна з самых страшных. Уплывам на людзей (толькі ён можа прымусіць князя, які карае п’яных, нажэрціся, як свіння), для якіх ён жывое апраўданне на небе подлых зямных спраў. Але самае важнае не гэта. Ён бачыць да апошняга, дзе святло, а дзе цемра. Ён самы зоркі і самы сумленны, бо бачыць наскрозь мярзотнікаў і іх мэты і пагарджае імі. Але ён свядома пагарджае сумленнем, бо “ідэя” – раз ужо яна ягоная ідэя – павінна выжыць і трыумфаваць. I дзеля гэтага трыумфу ён пойдзе нават па трупах. “Яны за святло і праўду– тым горш для іх”.
Агна Вецер.
Васіль Вецер– збройнік, вольны землеўладца, яе сын.
Надзея– ягоная нявеста і потым жонка.
Васіль Вашчыла– войт вёскі Селішча
Іван Карпач– уладца двара, унук крычаўскага бурмістра і сам бурмістр, сын “гарматніка”
Васка Вецер– мешчанін, стрыечны брат Васіля Ветра
Ілья Карпач– Іванаў бацька, крычаўскі гарматнік. Сын бурмістра Змітра.
Бачко– сын аднаго з правадыроў, пісар і сакратар паўстання.
Магда Мякенькая– карчмарка
Лаўрэн Каўбаса– яе ўздыхальнік
Айцец Анцівох (Антох) Крапіла– поп-мяцежнік.
Яўхім Хмыз– дудар, усякай музычнай справы майстра.
Мендл Кеймах– каваль.
Пракажоны.
Поп з Бесавічаў.
Князь Геранім-Фларыян Радзівіл– харунжы літоўскі, староста крычаўскі, уладар бельскі.
Аліцыя Гайдаловіч– каханка князя.
Грабоўскі– пасол ад сваяка Радзівіла, князя Марціна-Мікалая Радзівіла, ягоны фаварыт, “нож” Марцінаў.
Пёкур– ксёндз, пробашч бельскі.
Капітан Аддзяла Гран Мушкецёраў, асабістай аховы князя.
Пан Піліп Каршук– “канцлер дзяржавы” Радзівіла, так бы мовіць, “міністр замежных і ўнутраных спраў”.
Павал Цялецкі– губернатар крычаўскі, старшыня суда над паўстанцамі.
Войт вёскі Ківаверцы.
“Нечаканы сяржант”, воін з аховы.
Гайдук.
Гдаль Іцкавіч.
Шмуйла Іцкавіч.
Камісар-Крэатура, паслугач Гдаля.
Палкоўнік Данаван– кіраўнік саксонскіх наёмнікаў.
Раймунд Данаван– ягоны сын.
Палкоўнік Пястжэцкі.
Кат.
Першая дзея адбываецца ў наваколлі двара Ветра, другая і трэцяя – увосень і ўзімку 1743–1744 гадоў у Белай Падляшскай, Цэркавішчы і Крычаве.
Ноч, поўная трывогі. У цемры парывае вецер, і адказваюць яму дрэвы. У адну з ціхіх хвілін далятае здалёк і пасля нарастае пошчак конскіх капытоў: нехта страшэнна спяшаецца. А пасля з’яўляецца і мацнее стрыманы, нібы праз зубы, Голас. Песня-рэчытатыў. Такая самая шалёная, як конскі намёт. З глоткі. Хрыпата. Праз зубы.
Сэрца каня ірвецца,
Ў сэрцы конніка боль:
Радзіма твая прадаецца,
Кожны псяр над ёю – кароль.
Прадаюцца жанчын нашых вочы,
Прадаюцца калыска і храм,
Прадаюцца ўсім, хто захоча:
Ворагу й хцівым сябрам.
Пытанне.Стой! Хто скача?!
Адказ (голасна). Ганец ад арандатараў Іцкавічаў да іхняй высокасці яснавяльможнага князя Радзівіла.
Першы голас (голасна). Праязджай! (Ціха.) Ну і кампанія!
Адказ (ціха). Саб-бакі.
Ізноў ноч, і галоп наўскапыт, і песня.
Прадаецца з бязмежкам дубовым,
З продкавым ачагом,
Прадаецца з золатам мовы,
З былым і будучым днём.
I кожны баіцца хоць слова
У абарону яе сказаць.
Дый як? На якой такой мове?
На чужой? На сабачай, пся маць?!
Прадаецца ўся і па частках,
За грошы і напавер.
I дзе скажуць: “Айчына” – там пастка.
I дзе скажуць: “Хрыстос” – там звер.
I сумленне, і воля святая
Дрыжаць на апошняй струне...
ПІто там недзе зямлю расцінае?
Гэта
Расце
Гнеў!
Читать дальше