З’яўляецца поп з Бесавічаў, чарпануў з рукамыйніка вады, плюхнуў на твар.
Поп. Тут поп. Чаго ты лопаіссі?
Магда. Што з табой?
Поп. Збляваў – лягчэй стала.
Магда. Ясна. Столькі крыві бачыць – як не бляваць? Вечна ты, Антох...
Вашчыла. Адразу ж на замак. З боку Сажа не йсці – далёка відаць. Ты, Іван, пойдзеш з боку Крывічанкі... Ты, Вецер, Лаўрэн і Стэсь павядзеце людзей як мага больш ціха і скрытна праз роў на валы вось тут, крыху правей карчмы.
Магда. I карчму па прычыне скрытнасці раскідаць на мост не трэба. А я б на такі выпадак з радасцю б сама раскідала.
Лаўрэн. Ух ты, мая півонька!
Магда. Укараці лапы.
Вецер (збіраючыся). Маці, нашто ты тут?
Агна. Даведаешся пасля. Ідзіце.
Антох. Ну, я наперадзе з крыжам. Толькі вы... гэта... ведайце, гэта больш для парадку. Казаў табе бог, каб сабе сам памог.
Выходзяць. Цякуць імгненні. Магдаі Агнамаўчаць, і маўчанне ўжо нясцерпнае. Зарыва за вокнамі: нешта загарэлася.
Магда.Лаўрэн вяселле правіць.
Агна. Не. Не паспелі б яны яшчэ нічога падпаліць. Дый не трэба ім. I гэта кепска, вельмі кепска. I ці не замкавыя гэта самі падпалілі, каб поле асвятліць?
Магда. Адкуль ім ведаць?
Агна. Кепска. Цяжкае будзе вяселле. Кепска, вельмі кепска.
Магда. Ды – не – кар-кай!
Надзея (вяртаючыся). Пасадзіла на каня. Пайшлі. I адышлі недалёка, а ля замка нешта як шугне, як запалае. (Паўза.) Маці, ты не гаруй. Хай табе не баліць ні за яго, ні за мяне. Не было б у нас так добра, каб не тое, што шчасце наша адмеранае і кароткае, як дзіцячы пальчык. А так ён мне і я яму – усё. Бо абапірацца нам толькі адно на аднаго. Бо мы адны і нікога больш, акрамя цябе, у нас няма і не будзе. Сонца згары, неба трэсні, зямля раскаліся – нам горш, чым цяпер, не будзе. Бо кожная хвіліна мая з ім – як апошняя. I таму трэба ўсю душу аддаваць, бо “праз гадзіну” можа і не быць. Дзякуй, матуля! Жыццё сплывае...
Агна. Пясок сплывае. Апошнія пясчынкі.
Магда. Ціха!.. Чуеце!..
Здалёк нястройны шум, а затым уздымаецца рык соцень галасоў: “Край! Край! Наш!.. Наш!.. Наш горад!!!”
Агна. Усё. Сплыў пясок.
У гэты момант, перакрываючы ўсё, выбухае пякельны рык. Затрэсліся, закалаціліся сцены, дзынкнула ў вокнах шкло. Над усім светам раве наканаваны, пякельны, хаўтурны пярун. Ва ўсю глотку, дзіка, як нямы сатана.
Надзея. Што гэта?
Магда. Пярун з яснага неба?
Агна. Гэта гарматы.
Усе падышлі да акна, за якім злавесна скача зарыва.
Магда. Б’юць ва ўпор у натоўп.
Надзея. Падаюць! Падаюць! Божа, заслані іх!
Магда. Ля гармат б’юцца. Каша.
Агна. Б’юць з вокан палаца! Паспелі колькі там гармат туды ўсцягнуць!
Натужлівы, на апошнім дыханні, пагрозлівы рык гармат.
Магда. Бягуць!
Надзея. Бог мой, бягуць!
Агна. Так, бягуць. (Паўза.) Што ж, дарэмная ахвяра?.. Ну не, хай да скону вякоў ведаюць: мы ніколі не гінулі. Ніколі не гінем дарэмна.
У дзверы ўвальваюцца ўдзельнікі няўдалага штурму: усе выкачаныя, твары ў парахавым куродыме, сёй-той паранены.
Вашчыла (у дзвярах). Гэй там, падбіраць параненых. Каб ніводнага жывога ім у рукі. Убачыце, цягнуць некага – дзесяць ляжце касцямі, а выручыце аднаго.
Агна. I што?
Бачко. Патрапалі нас.
Карпач. Адбілі.
Яўхім. Гэта ўсё.
Вашчыла. Не, гэта не ўсё. Адыходзім пад Царкавішча. Збіраем усіх.
Поп. Пад Царкавішча?
Вецер. Там збіраюцца з усіх бакоў.
Вашчыла. I ўсе абкладзем горад. Зморам возьмем.
Лаўрэн. Ясна, возьмем. Спалох тут развялі. Якое тут усё? Мы з іх яшчэ тэльбух вытрасем (ірвануў рукаў). Зачапіла-такі (да Магды). Пасунь сваю тоўстую паню, дай сесці. Не адну цябе ногі не трымаюць.
Вецер. I мяне зачапіла.
Яўхім. Дай перавяжу. Пляваць на гэты праклён. Усё адно канец.
Надзея. Не. (Перавязвае Ветру плячо.)
Вецер. Не, нам не канец. Мы яшчэ вернемся з-пад Царкавішча (устае). Хлопцы, я не патрабую ў вас клясціся ў любові да Крычава, Пасожжа, Падняпроўя, усёй нашай зямлі... Я проста хачу спытаць у вас, ці дарэмна вас нарадзілі вашы маці?
Людзімоўчкі пацягнуліся да выхаду. Выйшлі. За акном сумятня, стук падкоў.
Читать дальше