Данаван (заўважыў). Хто гэта? А-а, гэта ты, поп. Выпоўзіна гэткая! Куды цяпер?!
Поп (падыходзіць да сцяны). Унь тут лаз у падпол.
Данаван, Каб узялі, як пацука?
Поп. Чаму? Там ход да яра. Тут, ля яра, недзе Цялецкі з коньмі акалачваецца.
Раймунд. Сам губернатар?
Поп. Які ён губернатар. У князя з ім адна манера: “Як не прыгоніш у тэрмін транспарт гарэлкі ў Слуцк, то будзеш цешыцца падарункам няхібных ста кіёў у задніцу. Падаю гэта да вернага ведання Яснавяльможнага Пана як добра выхаваны і пачцівы Яснавяльможнага Пана слуга...” Што гэта вы, пане, як не тут?
Данаван. За нейкія пару гадзін – і ўвесь полк. Мае саксонцы, найлепшыя ў свеце ваякі!
Раймунд. Целамі віснулі на нашай зброі. Змялі. Вагой задавілі. I ані кроплі страху.
Данаван. Гэта не людзі! Гэта дэманы!
Поп. Уцякай, Данаван (адчыняў лаз, але там раптам з’яўляецца постаць Яўхіма Хмыза)...
Яўхім. Я й лічыў, што яны недзе тут.
Данавані Раймундпамкнуліся былі да дзвярэй, але тыя ў гэты час упалі пад ударам нагі. Уваходзяць Вашчыла, закрываўлены Васка Вецер, Івані Ілья Карпачы, Лаўрэн, Магдаі Антох.
Поп (пасля замяшання, паказвае на Данавана). Вось яны.
Данаван. Дзякуй свайму богу, што ў мяне ёсць гонар, сука.
Яўхім. Ох, і падступная ж ты тварына.
Поп.Я табе дам, тварына. Я табе пакажу... Вось яны.
Вашчыла. Вось яны. Апошнія з саксонцаў.
Iлья.Замак дзякуючы ім не ўзялі.
Карпач. I зараз той замак нам, як скабка.
Уваходзіць пісар Бачко.
Бачко. Кончыць іх, а я напішу, за што.
Магда. Дзіця пашкадуйце.
Карпач. Гэтае лізь-мызь канчаць трэба. Чуткі ёсць, Гдаль са Шмуйлам даюць грошы ахвочым на нас ісці.
Бачко. Войска Радзівіла збіраецца. Большае, чым у караля.
Карпач. Шляхта, Пястжэцкі, мушкецёры. А мы тут валаводзіцца будзем. Дабіць.
Васка (ціха, аж нязвыкла для яго). Паслухай, Вашчыла. Ты ведаеш мяне. Я прапойца і гуляка. Не было тына, аб які я не абціраўся б, бочкі, якую я не абцалаваў бы. Лужыны, у якой бы не ляжаў. Мы, беларусы, усе без мяжы. Але каюся не ў тым. Што мне рабіць, калі той пажар і пагром стаяць у вачах? I я ўжо мноства дзён як з пахмелля. I ці злітуецца з мяне, п’янага, бруднага, грэшнага, бог. Я нібы ў гнаі і няма мне даравання... Ніхто ж не скажа, што я сёння дрэнна біў вось ягоных людзей.
Вашчыла. Так. У самую сярэдзіну іхняга строю ўдзёрся, падхарунжага зваліў. Прайшоў праз іх, як нож, вырваўся і ўдарыў у тыл..
Васка. Я паслужыў Крычаву. Хай я не замаліў грэх, але я паслужыў (стае на калені). Я зранены і ў крыві. Вось дзеля гэтага адпусці іх, Вашчыла.
Бачко. Ты ж пагражаў і пажар уладкоўваў. Паліў, граміў, біў. Я запісаў гэта.
Васка. А пасля, запішы і гэта, паглядзеў смерці ў вочы. У вочы брата. Паглядзеў на яго далонь, а на ёй ляжала смерць. I сказаў, нельга нікога граміць і рабаваць... Так, паглядзеў смерці ў вочы. I скажу, нельга, каб у вочы ёй глядзелі людзі. Каюся перад вамі, людзі. Вашчыла, гэтымі вось ранамі прашу, адпусці.
Карпач. А прыйдзе зноў?
Яўхім. Пусці. Усё адно.
Васкаўстае.
Васка. Пусці.
Антох. Будзь моцны. Даруй.
Уваходзіць захутаная ў плашч Агна Вецер.
Усе. Агна! Агна тут! Агна прыйшла!
Агна. Жаху вы нарабілі, мужыкі. Колькі пабітых! Ехала – усё поле стогне... I чую я сэрцам трывогу. Ці мне здалося?
Бачко. Што здалося?
Агна. Па-мойму, Цялецкі тут круціўся.
Iлья. Ён у замку дзесяты сон бачыць.
Агна. Пэўна, здалося.
Вашчыла. Дзякуй за сына. Каб не ён, не Васка і не Лаўрэн.
Лаўрэн. Раскалолі мы іх на дзве паловы. Васіль прабіўся і ўдарыў па засаднаму атраду. У зямлю мы яго ўмялі. А пасля прабіліся да сцяга і сын твой дрэўца падсек. Тут яны завагаліся, пахіснуліся. Пачалося смяценне, паніка і жудасць. Як перцу з рэдзькай з’елі. Як на агні закруціліся. Бягуць, выюць!
Агна (ціха). Нарабіла я ліха. I ніводнага не... Таксама ж людзі. Не даруе бог за такое.
Поп. У, вядзьмарка. Закляла людзей – аж да іх дакрануцца нельга. Яна вам, людзі, накаркае бяду.
Агна. Бяда і так і так будзе. Чуткі – ідуць войскі з усіх бакоў.
Читать дальше