У слабым водсвеце зарыва відаць сілуэты ўзброеных мужыкоў, а злева ад іх група: поп з Бесавічаўі поп Антох. Між імі точыцца ледзь не сварка.
Поп. Не маеш права мужыкам...
Антох. Данаван ідзе. Шмат хто з іх вып’е смяротную чашу, і трэба ім асвячэнне, каб спадзяваліся яны на зброю сваю.
Поп. Гэта каралеўскім, магнацкім воінам зброю свянціць можна. А гэтым, якія без пана-магната і пана-караля – не можна.
Антох. Няма ў іх гэтых паноў, то няхай не будзе і пана-бога? Так?
Поп. Ты на свяшчэнства, на нас навальніцу наводзіш!
Антох. А што ж, бог з імі ў той час, калі ў хама поўна каўбас? А як сала хам не дасць, то і бог яго прадасць?
Поп. Не блюзнер! Агнём гэта пахне, асвячэнне зброі!
Антох. Я не ведаю, ці дапаможа. Але яны пойдуць у бойку з надзеяй на бога і зброю. Дык што, адабраць у іх надзею? Не. Гэтага я не магу. Кінуць іх адных – не на таго ты напаў. Не магу. Не на тое мяне высвяцілі, каб я іх у бядзе – адных...
Поп. Што табе ў іх? Яны з нас смяюцца, што поп і певень, не з’еўшы, не пяюць.
Антох. Гэта пра цябе. А я, як і певень, спяваю нашча.
Вашчыла. Пачнем і без папа.
Антох. Ідзі. I ў чужой царкве не папраўляй свечак.
Лаўрэн. Ідзі ў сваю. У сваёй нары і тхор не смярдзіць.
Ударылі званы. Людзіўзнялі ў чырвань іконы, харугвы і зброю. Пачынаецца асвячэнне зброі ратнай [4] Абрад асвячэння зброі запісаны па памяці, могуць быць збоі, трэба кансультацыя. Толькі спевы – каб разумелі – патрэбныя не стараславянскія, тым больш што ХVІІІ стагоддзе (уніяты) маліліся па-беларуску. Можна мяняць тэксты месцамі, але так, каб напружанне вырастала. І яшчэ, каб у гледачоў дрыжэлі сэрцы.
. Антохз малітваю акрапляе зброю святой вадой.
Псалом
Бог нам прыстанішча і сіла, скоры памочнік у бедах.
Таму не ўбаімся, хаця б пахіснулася зямля і горы рушылі ў сэрца мораў.
Хай шумяць, уздымаюцца воды іх, трасуцца горы ад хвалявання іх.
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Усшумелі народы; дзвігнуліся царствы: Усявышні даў голас Свой, і растаяла зямля.
Гасподзь сілаў з намі, Бог Іякава заступнік наш.
...Прыйдзіце і ўбачыце справы Госпада – якія зрабіў ён спусташэнні на зямлі.
Спыніўшы брані да краю зямлі, скрышыў лук і пераламіў кап’ё, калясніцы спаліў агнём.
Экцення
О як студа і бясчэсця абліччы праціўнікаў нашых сполніці, сэрца ж іх страху і жаху; і анёл гасподні хай будзе гнаць і паражаці іх. Госпадзі памілуй.
Вашчыла (з хорам). Госпадзі памілуй.
Экцення
О як пачуці ў царкве сваёй воп і ўздыханне адзінаверных нашых і ад ворагаў і супастат прыгнечаных рабоў сваіх, у тузе і журбоце сваёй да яго вапіюшчых...
Карпач (з хорам). Госпадзі памілуй.
Дыякан (глас I)
Камень, якім пагарджаюць дойліды, ён будзе асновай асноў: ад госпада бысць сей і ёсць дзіўны ў ачасех нашых.
Трапар
...не пагрэбуй, добрая, малітваў нашых, усяпетая маці божая... падай ім з нябёс перамогу, бо нарадзіла есі бога, адзіна блаславёная.
Вецер (з хорам). Амінь.
Цемра. I ў цемры марш соцень ног, якія аж скаланаюць і рвуць зямлю: ідуць у бой легіёны кірасіраў Данавана. I яшчэ тупат многіх ног, насустрач.
Вецер. Ідуць, як па шкілетах.
Данаван. Гешворэнэр файнд. Смерць ім! Меч!
Тупат ног. Узвіўся крык Вашчылы: “Юры святы! Край! Край!” I ўсё запаланіў шалёны ломат сталі аб сталь, маўклівая, лютая, нясцерпная сеча. Хробат, ляск, гром нарастаюць, як шаленства перуноў у навальніцу.
Данаван. Куды вы?! Саксонцы! Сак-сон-цы! Стой! Стой!
Ламаецца сталь, шэрагі, хрыбты. Зямля шалёна б’ецца ад конскага тупату. Стогне зямная цвердзь...
I цішыня. Пажар за вокнамі паступова наліваецца, асвятляючы ўсё чырваней і чырваней залу Магдзінай карчмы. У ёй, за сталом на покуці, адзін чалавек: поп з Бесавічаў.
Поп. Разбілі. Адолелі, халера на іх. Цяпер князь усур’ёз за Крычаў возьмецца. Цяпер толькі беражы скуру.
Абарваўся ля вокан конскі тупат. Увальваюцца ў карчму добра патрапаныя палкоўнік Данаванз сынам.
Данаван. Усё, Раймунд. Усё, сынок. Канец. I на нашых конях не ўцячы.
Раймунд. Бедныя коні. Змучаныя. Дзіва што, пасля такога. Я-ак яны нас! Як яны нас! Як молатам арэхі! Толькі кірасы трашчалі. Як яны біліся!
Читать дальше