Дудар. Усё.
Агна (як праз сон). Не, цяпер я не скажу яму. Як гэта яму будзе. Ведаючы. Пакінуць яе адну... Цяпер я знікну. Чаму – не пытай. Трэба.
Вецер. Я цябе не пакіну. Не. Вы ідзіце. Мы прыкрыем вас.
Агна. Благаславенне чалавечае з табой.
Вецер. Ідзіце. Мы прыкрыем вас.
Усе выбіраюцца праз прыбудову. Выносяць параненага Вашчылу. Вецер падцягвае да дзвярэй пацурбалкі і дошкі. Стаў ля дзвярэй. Пасля, пачуўшы ўдары сталі, выглянуў у байніцу.
Перастрэлі... Вось, хапаюць кагосьці... Не, прарваліся... Частка прарвалася ўсё ж.
Голас Пястжэцкага (за сцэнай). Вашчыла, здавайся.
Вецер (страляючы ў адказ, бурчыць сам сабе). Чорта б вы выпусцілі тых, каб не думалі, што Васіль тут. Пагналіся б усім палком.
Некалькі стрэлаў, і зноў ціха. Вецерузводзіць ля дзвярэй барыкаду. Моўчкі. I ўвесь час гучыць і гучыць у ягоных вушах голас Дудара:
Везлі ў Крычаў палонных скутых...
Паўсюль, як страшныя сны,
Глухія і безнадзейныя
Пажары вёсак начных.
Панства сабрала сілу
I там, каля Сожа-ракі,
Жалезам сваім раздушыла
Яно мужыкоў палкі.
Не было ў тыя дні адлігі,
Але ў першы раз на зямлі
Ад крыві нашай вогненнай крыгі
Па Сожы ў Дняпро паплылі.
I ўцякалі людзі па звею,
А вакол снягі і ільды,
I завея, завея, завея, завея
Космамі снегу
Лізала, залізвала іх сляды.
Кроў на лёдзе гарэла расная,
Трушчыў косці ім крыгаход.
О, радзіма мая няшчасная!!!
О, мой бедны народ!
Сціхнуў голас. Вецерпаставіў лаўку, расклаў на ёй пістілеты, падцягнуў цела Надзеіда агню і лёг побач з ёй, замёр.
Голас Пястжэцкага. Вашчыла, здавайся!
Вецерстраляе ў адказ. Перастрэлка. Цішыня.
Вецер. Баліць табе? Не... табе ўжо не баліць. Я так і не сказаў... I што я даў табе, акрамя холаду?! (Страляе.) Нічога, мы затрымаем іх. (Мосціць яе бліжэй да агню.) Бедная. Цёпла табе?
Стрэлы.
Цёпла... Цёпла табе.
У цемры вядзе песню хор мужчынскіх галасоў:
Сядзеў крумкач на магіле,
Дый каркнуў шалёна.
Наша слава, наша воля
Ў палоне, ў палоне.
Наша сонца ў кайданах,
Доля ўмерла ад ранаў.
Наша зброя, наша воля
Пабіты, зламаны.
Святлее. Вядуць песню людзі, кінутыя ў сутарэнне Крычаўскага замка. Хто сядзіць, хто ляжыць без усякай змогі ўстаць.
Кат (зверху сходаў, што вядуць у сутарэнне). Ды канчайце. Усю душу на шматкі падзерлі.
Лаўрэн. Гэта ты нас... На шматкі. Дзёгаць ты чорны, шыя твая як халява. Толькі цягаеш людзей, як дурань дзверы. Узрадаваўся.
Кат. Вялікая гэта мне, думаеш, радасць? Загад. Не зробіш – са ўсіх маіх скуры злупяць. А яны... Кожную раніцу цягнуцца сюды, як казіная смерць. Рыгаць хочацца. Вы ўжо не таіце злога, хлопцы.
Лаўрэн. Ды мы не таім. Што ўжо тут псяр, як загадвае цар.
Карпач (пасля паўзы). Хто ўратаваўся?
Лаўрэн. Пісар, Стэся Бачко сын, Агна Вецер, Яўхім Хмыз, Васка Вецер, твой бацька Ілья, поп з Бесавічаў.
Карпач. Бацька, перад тым як нас схапілі, казаў: аглавушыў яго доўбняй і ворага ў стан пусціў, зняўшы каравул, гэны з Бесавічаў. Не лічы яго.
Лаўрэн. ...Айцец Антох Крапіла... I вось што, галава ўратаваная. Васіль Вашчыла з братам Багданам уцяклі праз Цімошкаўскі фарпост на Украіну.
Карпач. Значыць, не ўсё яшчэ згубілі. Шмат уратавалася. I лічы, што ўратаваўся – смерцю сваёю – Васіль Вецер.
Вартавыя, Цялецкіі Катуводзяць у сутарэнне Васіля Ветра.
Т-та-ак, паспяшаліся мы цябе запісаць ва ўратаваныя. Думалі – памёр.
Цялецкі. І я мысліў, што памёр. Страляў, як ашалелы. Сціхнуў. Ну, думаю, са духам святым. Аж калі ўварваліся – аглушаны. Ну, бабе нічога ўжо не дапаможа. Непрытомны, а ледзь адарвалі. А Вашчылы няма. Прыкрыў, чорт гэны. Гэта ён нас як мокрай анучай па зубах. Каб не ты, чорт шалёны, – галаву ўзялі б. (Замахваецца.)
Вецер (стома ягоная і безнадзейнасць жахлівая). Ты на смерць сваю замахніся, гіцаль.
Цялецкіадступіў.
Мне ўсё адно. Але ты войта ўспомні. А мне... нашто мне ўсё? Вось Васіль уратаваўся – гэта як бог радасць паслаў... Вы што, хлопцы, катаваннем зламаныя?
Карпач. Анягож. Гэй, цялецкае рыла, князь прыпоўз?
Цялецкі. Прыбыў. З трыма сотнямі. I гэта значыць – канец вам. Нядоўга. Ды нашто тры сотні? Спакойна ўжо тут. Хто ўцёк, хто ў лесе... Кат, што там за гарлаграй?
Читать дальше