Радзівіл. Ну так. А ты што, хочаш нешта пра-пра-прапанаваць?
Вецер. I ім?
Радзівіл. Ну і ім. А раптам па-пашанцуе дый адаб’ешся.
Вецер. А што? Я ігрок. Ну, не выйду жывы. Але лепей ужо так, у бойцы. Не раздумаеш?
Кат. Што ты робіш, чалавеча?
Радзівіл. Не раздумаю.
Вецер. Дык руку на гэтым, князь.
Падаюць адзін аднаму рукі, і Вецер, паглядзеўшы князю ў вочы, цалуе яго.
Кат (ціха). Цьху!
Цялецкі. Вось яны, нераскаяныя. Што б яны нарабілі, што было б, калі б перамаглі? А маглі перамагчы. Маглі б адолець, каб...
Радзівіл. Маё войска? Адолелі б? Каб не што?
Пястжэцкі (паказвае на папа з Бесавічаў). Каб не ён. Расказвай, Цялецкі.
Цялецкі. Калі гэтыя (паказвае на вязняў) пачалі – ён зразумеў, што гэта зусім не тое, што патрэбна... роднаму, так бы мовіць, гораду.
Карпач. Угм. I падбіваў людзей – унь хаця б Васку – разам з Хрыптовічам на пагромы.
Лаўрэн. А пасля ветліва раіў Іцкавічам размятаць Магдзіну карчму. А пасля клікаў, калі нашы ўваліліся, Іцкавічаў пабіць і ісці да князя са скаргай і ўсіх зваў на новы пагром, бо ўсё адно войска прыйдзе.
Каршук (важна). Я думаю, ён проста хацеў, каб скула хутчэй наспела. Разважаў па-дзяржаўнаму.
Кат (ціха, але князь пачуў). Хто яго ведае, чаго ён хацеў. I чым разважаў.
Радзівіл. Н-на. Па-па-пазіцыя стойкая.
Каршук. Але тут ён да канца стаў наш. Калі выступіў супраць асвячэння зброі, бо ведаў, чым гэта царкве пахне. I Данавану хацеў памагчы ўцячы.
Антох. Але як убачыў, што не выйдзе – выдаў. Усім свой.
Радзівіл. Да-да-Данавана варта было выдаць. Як па-па-пачаў дзя-дзяўкаць мне пра гонар.
Пястжэцкі. I тут ён нам бясцэнна дапамог. Цялецкі, кажы...
Цялецкі. Я не ведаў, што ў горадзе за шум, каго б’юць. Пайшоў лазутчыкам. Сам. Бо на каго спадзявацца?! Нарваўся на яго. Я яму льготы рабіў, і ён па добрай памяці мне сказаў, каб я чакаў на пэўным месцы, а ён, як даведаецца... I пасля ён перадаў мне асабіста, што ідуць на штурм. I я паспеў паставіць пушкароў. I – на той выпадак, калі ўварвуцца ў замак, – частку пушак завалачы ў палац, каб біць з вакон. Ну, разгром. Лёгка было. Ён даў нам на гэта амаль гадзіну.
Антох. А нам гэта каштавала сотні забітых, пяцісот зраненых, сямідзесяці сямі закатаваных у палоне. Шэсцьсот семдзесят сем разоў Іуда. Хлопцы, плáчу разам з усёй сумленнай службай божай крывавымі слязьмі.
Цялецкі. Я абяцаў яму плату, але ён сказаў, што пасля.
Поп. Ну – плата платай. Можна і плату. Але я не за плату. Я...
Радзівіл. Угм... Ві-вір інацэнцісімус і-ідэмквэ дакцісімус... Най-найсумленны і ў то-той жа час най-найадукаваны чалавек. І-ідэ-аліст. Ах, як жа ва-ва-вакол м-м-мяне шмат ідэалістаў. У-у-у-усе.
Ніхто не заўважае нядобрага, нават злавеснага ў ягоным тоне, і таму Цялецкішпарыць далей.
Цялецкі. І ён тады папярэдзіў мяне, што ў выпадку няўдачы іхні збор пад Царкавішчам.
Каршук. Ды як яно ўрэшце, Царкавішча ці Царкавішчы?!
Пястжэцкі. А ляд яго ведае. Ці не ўсё адно, калі я іх там заспеў знянацку з ягонай дапамогай?
Радзівіл. Ну так, зноў з ягонай.
Цялецкі. І ён шкураю рызыкаваў, пайшоў пад Царкавішчы, каб далей нам служыць. I там, мяне ў стан правёўшы, папярэдзіў аб Воўчьм Яры, якім нам можна прайсці да сэрца іхняй абароны. I каравул мы знялі. I ён, каб Ілья Карпач трывогу зарана не ўзняў, аглушыў яго і даў нам час прайсці. I мы ахнулі па іх з пушак і нечакана.
Карпач. I нам гэта – дзве сотні забітых на месцы, шмат параненых і сто семдзесят шэсць тых, што ў палон. А многіх “браты” выдалі пасля. Колькі забітых!
Вецер (ціха). I Надзея.
Пёкур. Спрытны мужык.
Кат (ціха). Аж надта.
Пястжэцкі. I ўсё сам. Каб не ён – ой скрутна б нам было.
Радзівіл. Значыць, каб не ён. Здорава... (Вельмі журботна.) Ну-у (паглядзеўшы на Ветра), гэтага падарунка я табе не магу не даць... Гм... М а я сіла нішто, каб не здрада. Ну так. Я немец па сваёй ахвоце, капрызу, перакананні – і пляваў я на палякаў і свой народ. Я паляк па выхаванні – я і пля-пля-пляваў на свой на-народ. А-а-а-але апо-по-апошняй кропляй сваёй беларускай крыві я по-пом-ню правіла свайго народа. Здраду прымаюць, а здрадніка вешаюць. Вазьміце яго. Рабрынай на крук.
Читать дальше