Вецер. Праўда?
Лаўрэн. Так. I казаў, што можа той пагром ад хаты адвесці. I багатыя яўрэі яму грошы давалі.
Магда. I гарэлкай паілі, бо пасылалі да мяне. Ходзіць увесь час як гразь.
Урываецца Бачко, які пайшоў з мужыкамі.
Бачко. Пажар! Жыдоўскі канец гарыць! З вуліцы ў вуліцу. Вецер падпаліў з сябрамі.
Вецер (ціха). Вось яно. I як жа я не хацеў у бунт, у разбой гэты ісці. Падпальшчыкі цёмныя, забойцы. Абы да гарэлкі дарвацца. Але цяпер... цяпер ужо дарогі назад няма. Цяпер ужо хаця й бляваць хочацца, а – з імі.
Вашчыла (Ільі і Бачко). Бяжыце, уздымайце людзей. Гасіць. Гасіць, не шкадуючы шкуры.
Поп. А нашто? Цяпер ужо войска ўсё адно прыйдзе. Цяпер – у кулаку трымацца трэба, і на розныя соплі часу няма. Няхай іхнія Суркі над сваімі бебехамі павыюць. (Ён зусім сп’янеў.) “А зэйдэлэ, а бобэлэ! Уй-ю-юй!..” Хрыста нашто распялі?!
Вашчыла. Ціха, поп! Цябе не білі, але я, імем сваіх ста пяцідзесяці бізуноў... Хай розны лёс, хай іншая кроў, але... кажы,. Антох... З пісання.
Антох. ...Хай розная кроў. Але перад богам – усе браты на свеце! (Ціха, апусціўшы вочы.) Гэта не з пісання, але гэта праўда...
Магда. Праўда перад тым самым Хрыстом.
Дзверы расчыніліся ад удару Ільёвай нагі. За ім, у атачэнні яго людзей, увальваюцца некалькі растрапаных людзей, а сярод іх моцна пабіты Мендл Кеймахі моцна п’яны, расхрыстаны Васка Вецер.
Вашчыла. Яны што, парсюка смакталі?
Iлья. Бачко з людзьмі гасіць пажар. А гэтых вось граміл узялі. Яны... Мендла Кеймаха білі на горкі яблык. I кузню ягоную хацелі падпаліць.
Лаўрэн. Гэх, пагулялі!
Васка. А гэта што тут? Там жыдоўскі шабас, тут – чарнакніжны. I ўжо што адна вядзьмарка ды ёсць.
Магда. А я вось, калі я вядзьмарка, цябе – ступай!
Васка. I бра-атухна тут! Здароў, братка! Здароў ц-цёплай кампаніі! У карчме седзіцё?.. Ад пажару, ад відовішча такога мяне ўзялі? Ну, добра хаця, што ў карчму. Налі (кідае на стойку жменю манет).
Магда. Я за крадзенае не наліваю.
Васка. У каго крадзенае? У гэтых ІІейсатых разбойнікаў сумленна адабранае!
Магда. Гэта ты ў каго адабраў? У Іцкавічаў?
Карпач. Іцкавічы зараз далёка. Ім у пэўным месцы агнём пячэ.
Лаўрэн. Гэта ты ў Ёськавых дзяцей узяў, што і сала з’ядуць цішком, калі дасі, каб з голаду не здохнуць?
Магда. У Двойры-ўдавы з падпаленай хаты выцягнуў? Ці вось у гэтага, у Мендла ўзяў? Кеймах, што яны табе зрабілі?
Мендл (разгойдваецца). О Аданаі! Рукі.
Васка. У крыві твае рукі!
Iлья. У крыві. За шулы трымаўся, у кузню не пушчаў.
Вашчыла. Твае людзі яўрэйскі канец падпалілі?
Васка. Угу, і сінагогу. Дымко-ом пайшла! Лупі-і, Янка, тут табе бог, тут табе п’янка!
Поп. Аб веры дбаеш. Сто грахоў з цябе.
Вашчыла. За веру, праўда, стаяць трэба. А ты як думаеш, Антох?
Антох. Мяне за гэта згнаіць могуць. Але, па-мойму, бог адзін. Толькі імёны розныя. Як маці ў нас “маці”, а ў хахлоў “ненька”. Імёны розныя, а маці – чыста ва ўсіх адна.
Мендл. Мамеле. Рукі.
Магда. Баляць рукі. Зараз вось...
Дастае чыстую анучу, лье гарэлку з пляшкі на рукі.
Мендл. Рукі. За што яны... з мордамі такімі страшнымі. А халупа гарыць.
Васка. А ад Іцкавічаў вашых нашы хаты не гарэлі? А забітых імі куды падзець? Усё жыццё як вол пад ярмом. Усё жыццё пад плёткай, усё жыццё на мякіне. Усё жыццё нагаладзь.
Мендл. I накрыцца жонцы з дзецьмі няма чым.
Васка. Ну так, усе блохі згарэлі. А што вашы Іцкавічы з нас, як блохі, апошнюю кроў смакталі? Па кроплі. Я ўдосталь не еў. I дзеці мае не елі. Усіх вас, разам з панамі, кніжнікамі, багамазамі, растаўшчыкамі... Дзеці мае не елі!
Мендл. Рукі. Што цяпер без іх мае дзеці есці будуць? Няма нічога.
Карпач (з цяжкасцю ўздымае гіру ля стойкі). На, Мендл. (Той нечакана лёгка ўзняў гіру.) Бач ты яе як. Ты ж каваль. Трахні яго гэтай гірай па галаве – і разлік.
Iлья. Галава ў яго вытрымае. Што ёй?
Мендл (раняе гіру). Не магу... Ай, куды бедным падзецца?.. Уй, калі ж хлеба ніхто за так не дае!.. Рукі.
Вецер. Ну так, рукі. Зусім яны чорныя, рукі. У цябе, Васка, бялейшыя. Дык гэта праўда, стрыечны брат, што ты з багатых жыдоў грошы вымагаў і казаў, што тады пагром адвядзеш?
Читать дальше