Васка. А што? Што? З крывасмокаў?! Я не еў з-за іх... каб сытым... Племя ўсё іхняе пад корань!
Вецер. I цяпер пра ўсіх нас будуць казаць, што мы пагромшчыкі і вымагальнікі. I праўду нават над страшнай нашай магілай сказаць не захочуць. Бо збаяцца, каб і іх не палічылі, што яны заадно з галаварэзамі. Хаця яны нават Іцкавічаў не забілі, якіх бы за... ногі павесіць трэба. Збаяцца праўды – і ўсё гэта ты нарабіў. Ты што – і гарэлкай не грэбаваў? Піў з рук аднолькава гэтага вось бедалагі і гэтых вошаў, Гдаля са Шмуйлам?
Васка (крыху няўпэўнена). I што? I піў.
Вецер. Беларус абпіваў жабрака і піў падачку з рук ворага?!
Магда (спалохана). Васіль! Васіль, кінь!
Мендл. I тут яны – за глотку. А мне што рабіць? Сябры мае адзіныя... Рукі.
Вецер. Рукі. У крыві і дыме. Ты прабач мне, Мендл. Я не магу падаць табе рукі. Адзінаму, у каго б я тут з ахвотаю яе паціснуў. Але я магу іншае... Васка! (I тут амаль шэпт узвысіўся ледзь не да грымотаў.) Ты, вось ты... дай я пацісну тваю руку... брат.
Васкаі ягоныя людзізадкуюць у кут перад Ветрам, які наступае на іх.
Ты пойдзеш гасіць пажар. Ты будзеш ставіць з людзьмі новыя хаты. Ты ніколі не ўцячэш і прымеш з намі самую смерць. I калі ты заб’еш не ў баі, і калі ты хоць раз адбярэш жыццё, вартую жалю страхý або кавалак хлеба ў няшчаснага – тады ты, клянуся, падасі мне сваю руку, брат, і – бог бацька! Вымятайцеся.
Тыя пайшлі, як пабітыя. Маўчанне.
Ну вось. Нарабілі лайна – што цяпер?
Iлья. А цяпер, пасля пажараў, чакай кары.
Вашчыла. Усіх узброіць.
Лаўрэн. I мне доўбню... самую цяжкую. Пасля таго, што тут убачыў.
Магда. Куды-ы ты, кіндзюк. Біцца? Ды я цябе падалом замяту.
Лаўрэн. Ну ты-ы. Ты падалом і полк замяцеш. Не ведаю, як на цябе, а на іх у мяне сілы хопіць.
Вецер. Біцца. Цяпер ужо да апошняга. А калі што...
Поп. А калі што, дык за рубеж завадатарам бегчы. Там аднаверцы.
Антох. Куды-ы. Бачко дужа пісьменны. З гасцямі з-за рубяжа гаворыць. На Украіне цяпер казакамі Лізка з Пецярбурга запраўляе.
Поп. Дык вось туды.
Антох. Туды? Там свае мужыкі бунтуюць – што ім да чужых? Там у простых нават солі няма. Там паўсюль адкрыты разбой. Там раскольнікам храмы ломяць і людзі бягуць да нас – уяўляеце? У наша пекла бягуць! – або паляць сябе жыўцом. Там галовы сякуць і языкі рэжуць за адзінае слова. Выдадуць яны завадатараў назад нашаму каралю. Наш кабель іхняй сучкі не ўкусіць.
Карпач. Тады адно. Узбройвацца. У князя нашага зараз дзве вайны. Адна з “каралём” Славацінскім. Ён яму замак у Славаціне пабудаваў, каралём паставіў і цяпер яму вайну аб’явіў. Усур’ёз, з забітымі. I другая вайна, ужо не цацачная. З Янам Тарлам, ваяводам Сандамірскім, за маёнткі Сабескіх. Тут ужо міжусобная, братазабойчая вайна. Буйных сіл не пашле. Не да нас яму. Можа, і паспеем.
Поп. I пасольства да князя.
Вашчыла. Перапрошваць, што пабілі? А што ж, і перапросім, галава не адваліцца. Бачко з Ветрам ліст напішуць. Каго дасылаць?
Iлья. Бадай што, мяне.
Карпач. Татка...
Iлья. Змоўч, смаркуль. Дзед твой бурмістрам Крычава служыў. Я – гарматнік. Ты, зеляпан, таксама бурмістр. Служылі мы гораду, не адмаўляліся. Сілы ў мяне ўжо мала, то паслужу напаследак паношанай шкурай.
Вашчыла. Гэта можа быць і сапраўды “напаследак”. Хоць і паношаная, а...
Iлья. Дзярмо разграбаць паедзем. А гэтай работы ў новым адзенні не робяць.
Вашчыла. Яшчэ хто?
Лаўрэн. А хаця бы й я.
Магда. Куды, распуста. Абібок. Лоб, як у бугая, а абы яму гультаіць, абы не працаваць.
Лаўрэн. Дровы ў тваю карчму секчы – гэта не работа.
Яўхім. Яна не пра тую работу кажа.
Лаўрэн. Не, дудар, гэта ты ўжо кінь. Яна ў мяне як лава. Хоць каменні кладзі. (Завёў.)
Усе дзеўкі дрэнна йдуць –
Мая дзеўка добра йдзець...
Магда. Э-эх, змоўч, кастаглод. Скажа, як атопкам па балоце гошсне.
Лаўрэн. Кароста ты мая любая. Трэба ісці. А то там наш князь сядзіць, напнуўся, як жаба на купіне. Радзіві-іл!
Вецер. Хто і калі вас разуменню вучыць будзе? Ёсць Мендл – і Гдаль, ёсць той наш пракажоны ў лесе – і наш Радзівіл. А і Радзівілы розныя. Ёсць тыя, што кнігі выдаюць і асвету нясуць у наша дзікае балота – а ёсць і такія, як наш, злачынцы ў светлай княжай кароне.
Читать дальше