Яўхім. Не бывае яна светлая.
Вецер. Бывае. Гэта як на якім чалавеку.
Вашчыла. Едуць пасламі да Белай Ілья Карпач і Лаўрэн Каўбаса.
Яўхім (перакідае дудку на грудзі). Галасы ў адзін. (Цямнее.)
Голас:
На палеткі асірацелыя
Аблятае лісце нясмелае,
Абгарэлае, заінелае,
Каб укрыць раны нашай зямлі.
Веларусь мая белая, смелая
Засылае паслоў у Белую.
Засылае ў Падляшскую Белую
Падлаедаў аб праўдзе маліць.
Зала для прыёмаў, “тронная” зала ў палацы Гераніма Радзівілаў Белай. У пярэдняй сцяне, справа, стральчастыя ўваходныя дзверы. Высокія вокны высока і ад падлогі, а пад імі – канапы, лавы і крэслы. На прыступках каля левай сцяны, на ўзвышэнні, крэсла самога князя, вышэйшае за ўсіх і сапраўды нечым падобнае на трон. Насупраць яго, у правай сцяне, гарыць камін і каля яго стаіць высокі экран. Вісяць габелены і зброя, стаяць у прасценках латы. Зала таму робіць дзіўнае ўражанне: сумесь параднай залы і кардэргардыі. Князьсядзіць на высокім крэсле, побач, на ніжэйшым – Аліцыя Гайдаловіч. Іхняй “канфідэнцыяльнай” размове аніяк не перашкаджае прысутнасць Капітана Аддзялу Гран Мушкецёраў, асабістай аховы князя, і палкоўнікаў Данаванаі Пястжэцкага.
Радзівіл. Ды не магу я з та-табою ажаніцца, ду-ду-душка.
Аліцыя. Але чаму ж?
Радзівіл. Ла-ладна, жо-жонка ўцякла. Шлюб ра-разарваны. Але ж яна была да-дачка Сапегі і жонкі ягонай з-з Браніцкіх. Прыйдзе час – ва-вазьму новую. З такога ж высокага дому.
Аліцыя. I тая ўцячэ. Бо і жанчыны з гэтых дамоў такія, халодныя, як рыбы. Дый ты.
Радзівіл. Цы-цы-цыц!
Аліцыя. Два мокрыя палены не гараць. Сухое патрэбна – тады яшчэ сяк-так.
Радзівіл. Гэта ты – сухая? Гм.
Аліцыя. Прынамсі, магу прьшусіць цябе варушыцца.
Радзівіл. I мне ад жа-жанчыны патрэбна паслушэнства. Безагаворачнае, ду-душка.
Аліцыя. Ну н-не. Са мной не атрымаецца. Жыць замкнёнай і толькі чакаць, што часам з’явіцца муж і пан. Гаварыць няма з кім. Толькі праз вокны глядзець на вязняў і асуджаных. Крыкі слухаць.
Радзівіл. А ш-ш-ш-то? Найлепшыя спевакі пры маім двары.
Аліцыя. Ціха, людзі ж тут.
Радзівіл. Гэта не людзі.
Аліцыя. У цябе ніхто не людзі. Сам святло гасіш, сам дзверы запіраеш.
Радзівіл. Бо не ха-хачу, каб іншы бачыў тое, што належыць мне (паказвае на яе).
Аліцыя. Ага, значыць, усё ж людзі. Глядзяць.
Радзівіл. А гэта я-я-якасць не толькі лю-людзей, але й быдла.
Аліцыя. Якая табе розніца, калі на мяне, скажам, пёс паглядзеў?.. Угм. Толькі й ёсць у цябе, што зайздрасць, а толку што? Не палац, а турма. Паноў за стол – ніколі. У нясвіжскіх Радзівілаў чалавека на тым канцы стала ў твар цяжка пазнаць.
Радзівіл. Нясвіжскія мне не ўказ. Я-я-яны адну сабачую мову змянілі на другую, польскую, таксама сабачую.
Аліцыя. А што ў цябе не сабачае?
Радзівіл. Ня-ня-нямецкая. Там, у Нямеччыне, парадак, там законы, там – войска, там – мова, там – людзі... Дойч хайт... Дойч тум... Нямецкі побыт. Нямецкі дух.
Аліцыя. А сам у тым нямецкім, як я. Як той парыжанін, што Парыжа ў вочы не бачыў, Пляцеш – дык унь у палкоўніка Данавана, немца, вушы вянуць. Таксама мне, немец. Такі ты немец, як і Вайберхельд, як Вайберфройнд, Вайберфайнд [2] Сэрцаед... аматар жанчын... жанчынаненавіснік.
, ты і не немец, ты і не паляк, а тутэйшае...
Радзівіл. Нун гут... Іх геборэ вурдэ ін штадт Веlаjа. Ваlorussia. Абер... а ідзі ты да д’ябла! А шляхта за ма-ма-маім сталом – прабач. Яны павінны ведаць месца, душка. Я па-па ўладзе больш чым кароль. I вось таму мне з табою ісці ў касцёл не выпадае. (З пагрозаю.) Не па са-сабе дрэва ломіш. Я ка-ка-ка-кароль! Толькі пакуль не ка-ка-каранаваны! Я й падаткаў не плачу. Я самому каралю сказаў: “Мам войско венкшэ ніз Жэчпосполіта, готув естэм служыць нем ойчызне – дам е крулёві, але податкув жадных не заплацэн” [3] Польскія цытаты даюцца ў вымаўленні пачатку ХVІІІ стагоддзя. Гэта не памылкі, а так тады казалі.
. Вось. “Маю войска большае, чым Рэчпаспаліта, гатовы служыць ім айчыне – дам яго каралю, але падаткаў ніякіх не плачу”.
Аліцыя. Яўрэям ты іх плоціш, бо лень самому займацца. Болей, чым каралю, плаціў бы. (Убок.) Ладна. Ты не ажэнішся, але я з цябе ўсё магчымае выцісну, мерын. А тады заікайся хоць па-нямецку, хоць на мове сваіх пастухоў.
Читать дальше