Сірэны
Рушыць плаўна ў шуме, ў пене
За царыцай світа слуг —
Ззяе, грае атачэнне;
Замыкаюць доўгі цуг
Фаварыткі-нерэіды.
А ў святочным тым святле —
Сёстры мілыя дарыды
З Галатэяй на чале —
Бессмяротнай, багароўнай,
Што красуе, нібы квет,
Прыгажуняю чароўнай —
Самай першай на ўвесь свет.
Дарыды (плывучы на дэльфінах міма Нерэя, хорам)
Асмужы срабрыстым глянцам,
О Селена, гэты фэст,
Каб наш бацька мог абранцам
Памагчы абраць нявест.
(Нерэю.)
Гэтых гордых мараходаў
Ратавалі, бераглі.
Між камення, скал і гротаў
Даглядалі як маглі.
І цяпер мы плату возьмем
Пацалункамі любві,
Ты ж уваж пачцівым просьбам
І саюз наш блаславі.
Нерэй
Двайны здабытак ваш у дабраце,
З якою вы ў суладдзі жывяце.
Дарыды
Стаўся ты такім сардэчным,
Новы цуд яшчэ ствары —
Каб каханне стала вечным,
Іх — бяссмерцем адары.
Нерэй
Упіцеся сваёю доляй,
Любіце смелых юнакоў,—
Ды я не Зеўс і ўласнай воляй
Не абяссмерчу маракоў.
Хістаюць хвалі вас і месяць —
Вось так хістае і любоў;
Калі міне мядовы месяц,
На бераг іх вярніце зноў.
Дарыды
І тут разлука, хоць ты плач,
І межы, й берагі.
Кахання вечнага і ўдач
Не хочуць даць багі.
Юнакі
Каб вы ў наканаваны час
Любілі гэтак міла —
Не трэба вечнасці, хай нас
Пасля бярэ магіла.
Галатэянабліжаецца на ракавіне-калясніцы.
Нерэй
Галатэя
О бацька! О лёс!
Спыніся, дэльфіне, мяне ты прывёз.
Нерэй
Мінулі нас, плывуць далей
Шумлівай чарадою.
Бо што ім бацька іх Нерэй
З бясконцаю журбою;
Адна хвілінная сустрэча —
І ўжо суцешыўся старэча!
Фалес
Пашана, хвала вам і слава!
Душу маю ўцехай заслала.
І радасна помніць заўжды:
Паходзіць усё ад вады!
У ёй анішто не завяне.
Пануй жа, царуй, Акіяне!
Каб не ты з вятрыскамі,
З дажджавымі пырскамі,
Рэкамі, патокамі,
Росамі і сокамі,
Амярцвела б зямля назаўсёды!
Вы — крыніца жыцця, жыццядайныя воды!
Рэха (хор з усіх кругоў)
Вы — крыніца жыцця, жыццядайныя воды!
Нерэй
Плывуць яны ўдалечыні,
На мора сеюць прамяні,—
Чароўная пярэзва.
Гулліва, весела і рэзва
Сваволіць гурма.
А трон-калясніца
Па хвалях імчыцца;
На троне сама,
Галатэя — дачка,
Як зорка.
Любімае бачыцца, сніцца
Блізка, далёка…
Гамункул
У хвалістым разгоне,
На хуткаплынным троне
Пануе прыгажосць!
Пратэй
У жыватворным цудзе
Твой прагны дух здабудзе
Усё, што ў свеце ёсць!
Нерэй
Які там агеньчык у свіце царыцы
Успыхнуў раптоўна і зырка свіціцца?
Іскрыцца ўжо ракавіна-каравела,
Агеньчык гарэзуе, кружыцца смела,
Нібыта яго прыняла Галатэя.
Фалес
А гэта ж Гамункул; паслухаў Пратэя
І кінуўся ў хвалі шукальнік-нябога,
Адважны шукальнік, ён прагнуў так многа,
Ох, каб не наскочыў знячэўку на трон!
Вось так я і ведаў — ён зыркнуў і…
звон.
Сірэны
На хвалях у іскрах, агнях акіяна
Вялікае дзіва прыйшло нечакана.
Гайдаюцца ў цемрыве ночы і вод
Праменныя целы ўлюбёных істот,
Ахутаны полымем радаснай тайны…
Хай славіцца вечна Эрос жыццядайны!
Слава цуду! Слава мору,
Што ўздымае хвалі ўгору!
Слава полымю і водам!
Слава рэдкасным прыгодам!
Агульны хор
Слава вольным, мяккім ветрам!
Слава таямнічым нетрам!
Хай гучыць, як зычны гром,
Гімн стыхіям чатыром!
Акт трэці {205} 205 Пачаты ў 1800–1801 гг., закончаны ў 1827 г.
Перад палацам Менелая ў Спарце
Уваходзяць Аленаі хор палонных траянакз Панталідайна чале.
Алена
На цэлы свет праслаўлена, зняслаўлена!
Сюды Алена з карабля з’явілася,
Ад калыхання бурнай хвалі п’яная,
Што ў родны край яе прынесла з Фрыгіі {206} 206 Фрыгія — старажытная дзяржава ў Малой Азіі, сталіца яе Троя (Іліён).
Па волі Пасейдона {207} 207 Пасейдон — бог мора.
Эўра {208} 208 Эўр — усходні вецер.
сілаю.
І Менелай, і ратнікі на беразе
Піруюць з выпадку вяртання ўдалага.
Прымі ж мяне ласкава, дом прыветлівы,
На ўзвышшы гордым каля мора ўзведзены
У час, калі, наведаўшы Палады храм,
Вярнуўся бацька Тындарэй {209} 209 Тындарэй — цар Спарты, муж Леды — маці Алены.
. Прымі ж мяне!
У доме гэтым я дзяцінства бавіла,
З братамі і сястрой расла бясклопатна —
З Касторам, Полуксам і Клітэмнестраю {210} 210 Клітэмнестра — дачка Тындарэя.
.
Парог вітаю й браму векавечную,
Што прапусцілі ў дом гасцінна некалі
Майго абранца, Менелая мужнага!
Дык адчыніся ж, каб магла я выканаць
Гаспадароў наказ, загад цара майго!
Наканавання ўрок няхай забудзецца!
З часой, калі ў Цытэры храм {211} 211 Цытэры храм — паводле легенды, Алена была выкрадзена Парысам (фрыгійскім злоснікам) , калі яна прыйшла ў храм Цытэры паглядзець на Парыса.
даверліва
Пайшла святы абрад я выканаць
І ўкрадзена была фрыгійскім злоснікам,—
Сплыло так шмат падзей, людскімі вуснамі
Удосталь абгавораных; пакутныя,
Яны — выток легенд пра лёс гаротны мой.
Читать дальше