Фаўст
Пайшла катрынка зноў дуднець!
З табой ніяк не вылезеш з нягод,
Навыдумляў уяўных перашкод,
Каб за парады плату мець.
Не скавычы. Дастань. Ты ж, балазе,
Спраўляцца ўмееш на адной назе.
Мефістофель
Паганцам я не ўказ, прыход не мой —
Свае там Зеўсы ў іх, Люцыпар свой.
А выйсце ёсць.
Фаўст
Мефістофель
Адкрыю тайну, хоць не ад душы:
У адзіноце недзе царствуюць багіні.
Няма ні часу, ні прасторы ў іхняй сферы.
Сказаць баюся, слова ў горле стыне —
То — Мацеры {152} 152 Багіні Мацеры . — Міф пра Мацярэй створаны самім Гётэ. Мацеры мысляцца паэтам як праформы, правобразы ўсіх істот і рэчаў.
.
Фаўст (уражаны)
Мефістофель
Фаўст
О Мацеры! — Дзівосныя хімеры!
Мефістофель
Так, так! Дзівосна! Мацеры! Смяротна
Зямная плоць, таму і неахвотна
Табе таемнасць адкрываю.
Смяротным не спасцігнуць іх глыбіні,
Ды хочаш ты — і мы зрабіць павінны.
Фаўст
А як прайсці туды, калі спытаю?
Мефістофель
Да іх няма дарогі!
Недаступны
Іх свет для сутных!
Непадсудны
Іх свет для судных!
У той прасторы
Няма канкрэтных катэгорый.
Якая ж можа быць дарога
Туды, дзе ёсць адно Нічога.
Там, зразумей, суцэльны вакуум.
Фаўст
Зноў кухняй пахне, мілы кум,
А мы ж не ў ведзьмы ля пліты,
Няма чаго малоць лухты!
Я сам у штуках добра налаўчыўся:
Вучыў пустому, пустаце вучыўся,
І чым глыбей я свой прадмет тлумачыў,
Тым болей супярэчнага ў ім бачыў.
Ці не мяркуеш часам ты, што мушу
Пра тое толькі я і дбаць,
Каб чорту найхутчэй аддаць
Сваю цалюсенькую душу?
Мефістофель
Той, хто памёр і акіян пустэчы
Пераплывае, — бачыць рэчы,
Як ёсць яны ў жыцці: у ціхім моры
Дэльфінаў рэзвыя падскокі,
У небе — сонца, месяц, зоры
І ўсцяж чародкамі аблокі.
А ў той пустой, парожняй зеўры
Не ўбачыш яснасці, не ўбачыш цемры.
На цвердзь нагой не ступіш ты
У свеце вечнай пустаты.
Фаўст
Як містагог гаворыш ты, нібыта
Табе дурыць патрэбна неафіта! {153} 153 Як містагог гаворыш ты, нібыта/Табе дурыць патрэбна неафіта. — Містагог — жрэц, які ўводзіў навічка (навіцыя) ў містэрыі, таемнасці культур. Неафіт — чалавек, які ўведзены ў культ.
Я — Фаўст, а не прыслужнік паслухмяны,
Не буду з полымя цягаць каштаны.
Што б ні было, ў пустэчу я тваю пайду
І, страху плюнуўшы бясстрашна ў твар,
Сваю памножу сілу там і гарт.
Наперад! У Нічым я Ўсё знайду!
Мефістофель
Хвалю за рызыку! Ідзі адважна, горда,
Бо добра ўцяміў ты навуку чорта.
Вось ключ.
Фаўст
Навошта рэч у вечнасць несці?
Мефістофель
А ты бяры, яна не просіць есці!
Фаўст
Расце ў руцэ! Блішчыць, як сонца ззяе.
Мефістофель
Пасля пабачыш, што ён адчыняе
І да якіх прызначаны дзвярэй!
Ідзі! Ён завядзе да Мацярэй!
Фаўст (жахаецца)
О Мацеры! Ад грамавога слова
Усё ў маёй душы застыць гатова.
Мефістофель
Баішся новых слоў і з’яў? Навошта?
Перажаваную ты любіш казань,
З якое сокі павысмоктваў блазан? —
Пара цаніць дзівосы поўным коштам.
Фаўст
Здранцвеласцю — сябе не задаволю,
Жаханне — вось што трэба мне на долю!
Нам свет пачуцці даў, мы сэрца маем;
Жахаючыся, вечнасць адчуваем.
Мефістофель
Ляці ж уніз! Сказаў бы лепш — угору!
Пакінь наш свет, дзе з тлену ўсё
паўстала.
І там сярод спрадвечнага прастору
Суцешся тым, чаго ўжо тут не стала.
Узвысся й небыццёвае пабач!
Ідзі і ключ бяры! Жадаю ўдач!
Фаўст (натхнёна)
Трымаю ключ! І новых сіл парыў
Напоўніў грудзі мне і новы шлях адкрыў.
Мефістофель
Распаленая скажа там трывога,
Што скончылася ўжо твая дарога.
Каля агню ахвярнага, дарэчы,
Ты ўбачыш Мацярэй, багінь пустэчы.
Сядзяць, стаяць і ходзяць, як жывыя,
Стварэнне і пераўтварэнне — іх стыхія,
І ў пустаце, ў маўклівасці натуры
Лунаюць цені нейкія і крэатуры.
Там бачаць толькі схемы сутнасці. І ты
Не бойся там ніякае бяды.
Ідзі рашуча, боязь адгані,
Ключом ахвярнік той — крані.
Читать дальше