— Нічога не прынесла б мне большай асалоды.
Мы выслізнулі (іншае слова цяжка знайсці) на двор, і я маліў бога, каб Кэры з яе маладым чалавекам ужо сядзелі ў сваёй таннай кавярні, — было б проста жахліва, каб яна ўбачыла мяне ў такі момант. Вакол гэтай жанчыны лунала нешта нерэальнае. Я ўжо быў упэўнены, што да сівых вусікаў у мяне цяпер прыбавіліся складны оперны брыль і пунсовы плашч у палоску. Я сказаў:
— Як на ваш густ, ці не ўзяць нам конны кэб?..
Калі мы ўселіся ў кэбе, я звярнуўся да яе па дапамогу:
— Я сапраўды тут нічога не ведаю. Я абедаю ў рэстаранах рэдка. Ці зможам мы зайсці куды-небудзь, дзе спакойна і ўтульна... у які-небудзь зацішны куточак?
Я марыў, каб гэты куточак быў бы недасягальны, каб туды наогул ніхто не мог трапіць, апроч нас дваіх, — я пачуваў бы сябе там меней ніякавата.
— Тут ёсць невялічкі рэстаран, хутчэй клуб, вельмі соmmе іl fаut [47] Велікасвецкі, для абраных (фр.) .
. Ён завецца «Оrрheе» [48] «Арфей» (фр.) .
. Але там усё надта дорага каштуе, палкоўнік.
— Не мае ніякага значэння.
Я сказаў назву рэстарана рамізніку і адкінуўся на сядзенні. Яна сядзела прамая, як страла, і я мог схавацца за яе мажнай фігураю. Я спытаў:
— Калі вы апошні раз былі ў Чэлтэнхэме?
Яна адказала экспромтам:
— Родны Чэлтэнхэм... А як вы здагадаліся?
— Ну, разумееце, прыгожая жанчына заўсёды кідаецца ў вочы.
— І вы там жылі?
— У адным з тых прыгожых дамоў на Куінз Парэйд.
— Мы былі з вамі, відаць, блізкія суседзі.
І каб падкрэсліць нашу блізкасць, я адчуў, як яе масіўны ліловы клуб крыху бліжэй пасунуўся да мяне. Я ўзрадаваўся, што кэб спыніўся: мы праехалі не болей за дзвесце ярдаў.
— Крыху фанабэрыста, га? — сказаў я, утаропіўшыся (як, на маю думку, павінен быў паводзіць сябе палкоўнік) на асветлены барэльеф нейкай фантастычнай галавы, што вісеў над уваходам, — ён быў зроблены ў выглядзе агромністай бульбіны. Мы мусілі былі прайсці праз абрэзкі баваўнянага матэрыялу, які, па-мойму, імітаваў лёгкую празрыстую тканіну. Маленькая зала была завешаная фатаграфіямі пісьменнікаў, акцёраў і кіназорак. Мы мусілі былі пакінуць свае аўтографы ў спецыяльнай кнізе і такім чынам зрабіліся пажыццёвымі членамі клуба. Я падпісаўся Робертам Дзевер'е. Мая спадарожніца — я заўважыў — навалілася на мае плечы, скоса назіраючы, як я распісваюся.
Рэстаран, даволі ярка асветлены круглымі шклянымі абажурамі, быў перапоўнены. Наўкол было шмат люстраў, якія, відаць, былі купленыя пры распрадажы якогась старога рэстарана, бо былі аздобленыя старамоднымі рэкламнымі подпісамі накшталт «Бараніна адбіўная».
І раптам, акурат пад рэкламай «Бараніна адбіўная», я ўбачыў Кэры, якая пільна ўглядалася ў мяне.
— Як я зайздрошчу людзям, што вядуць жыццё, поўнае прыгод і небяспекі, — сказала мая спадарожніца і паклала сумачку — у ёй нешта бразнула — на стол. Усё яе птушынае гняздо ўскалыхнулася, а завушніцы затрымцелі, калі яна павярнулася да мяне і сказала канфідэнцыяльна:
— Раскажыце, палкоўнік, пра сябе. Я люблю — проста паміраю, калі слухаю, як мужчыны расказваюць.
— О, разумееце, няма асабліва пра што расказваць.
— Мужчыны куды больш сціплыя, чым жанчыны. Калі б у мяне былі нейкія прыгоды адчайнай храбрасці, якімі я магла ганарыцца, я б ніколі не прамінула расказаць пра іх. Чэлтэнхэм, вядома ж, занадта ціхае месца для вас.
— О, я не маю нічога супраць спакойнага ціхага жыцця. Што вы будзеце есці?
— У мяне такі малюпасенькі апетыцік, палкоўнік. Хіба што lаngоustе thеrmіdоr [49] Лангуст тэрмідор (фр.) .
...
— І пляшку добрага вінца? — Я ледзь не адкусіў сабе язык — але жахлівыя словы былі ўжо вымаўлены, перш чым я здолеў іх стрымаць. Я хацеў павярнуцца да Кэры і сказаць: «Гэта не я. Гэта зусім не мае словы. Гэта словы майго персанажа. Вінаваты аўтар п'есы, а не я».
Незнаёмы голас вымавіў:
— Я горача кахаю цябе. Я люблю ўсё, што ты робіш, як ты гаворыш, як ты маўчыш. Шкада, што я не ведаю добра ангельскай мовы, каб выказаць табе...
Я павольна павярнуўся і кінуў позірк на Кэры. Ніколі — апроч таго моманту, калі я ўпершыню пацалаваў яе, — не бачыў, каб яна так пачырванела. Птушынае Гняздо сказала:
— Яны такія юныя і такія рамантычныя, праўда? Я заўсёды лічыла, што ангельцы надта стрыманыя людзі. Якраз таму наша сустрэча здаецца мне такой незвычайнай. Паўгадзіны таму мы нават нічога не чулі адно пра аднаго, а цяпер вось сядзім разам за сталом за пляшкаю добрага вінца, як вы толькі што сказалі. Як мне падабаюцца гэтыя моцныя выразы сапраўдных мужчын. Вы жанаты, палкоўнік?
Читать дальше