Я папрасіў, каб прыгледзелі за маімі чамаданамі: Друтэр, пэўна, не захоча трымаць мяне на борце сваёй яхты, калі пачуе тое, што я збіраюся яму расказаць.
Друтэр пагаліўся, апрануўся ў новую кашулю і чытаў кнігу ў невялікім пакоі для адпачынку на сваёй яхце. У яго зноў была велічная постаць чалавека з восьмага паверха. Але ўсё гэта не зрабіла на мяне ніякага ўражання. Я на сваёй скуры зведаў яго дабрыню, яна — дабрыня, можа толькі пагубіць чалавека. Дабрыня павінна ісці ад сэрца. Я трымаў нож за пазухай — вядома, у думках — і чакаў моманту, каб пусціць яго ў ход.
— Але я не бачу вашай жонкі?
— Яна хутка прыйдзе, — адказаў я.
— А вашы чамаданы?
— Хутка будуць тут. Можна мне выпіць?
У мяне не было пакут сумлення, як у дацкага прынца, каб набрацца смеласці на вераломнае забойства. Я хутка каўтнуў два келіхі віскі. Ён наліў і сабе, паклаў лёду, прыслугоўваючы мне, як роўні. Яму нават у галаву не прыходзіла, што цяпер я вышэй за яго.
— Вы выглядаеце стомленым, — сказаў ён. — Адпачынак не пайшоў вам на карысць.
— У мяне хапіла турбот.
— Вы не забыліся ўзяць з сабой Расіна?
— Не, не забыўся.
На момант мяне кранула, што ён памятае такія дробязі.
— Можа, пасля вячэры вы пачыталі б трошкі з Расіна. Некалі і я захапляўся ім. Шмат было ў жыцці такога, што цяпер забылася. Старасць — не радасць: не тая ўжо ў мяне памяць.
Я нагадаў, як Кэры казала: зрэшты, у яго веку ён мае права забываць. Але калі я згадаў Кэры, я ледзь не выраніў слязу ў свой келіх.
— Можна мне выпіць яшчэ?
— Калі ласка.
Ён тут жа падняўся, каб наліць мне. Нахіліўшыся над барам і павярнуўшыся да мяне сваёй шырокай спіной патрыярха, ён сказаў:
— Не саромейцеся, гаварыце. Мы не на восьмым паверсе. Проста двое мужчын, якія разам адпачываюць. Спадзяюся, сябры. Не бяда, калі адзін з іх залье сабе гора, трошкі вып'е і крыху ап'янее.
— Мая жонка не прыйдзе. Яна мяне кінула.
— Пасварыліся?
— Ніякай сваркі не было. Ніякіх слоў не было сказана, — такіх слоў, якія можна было б аспрэчваць ці забыць.
— Яна кагосьці пакахала?
— Не ведаю. Магчыма.
— Раскажыце мне ўсё. Я не магу дапамагчы вам, але кожнаму ў такі момант трэба, каб яго выслухалі.
Выкарыстаўшы слова «кожнаму», ён ператварыў маё асабістае гора ва ўсеагульнае, нібыта ўсе людзі асуджаны на пакуту: «кожны» нараджаецца, «кожны» памірае, «кожны» страчвае каханне. Я расказаў яму ўсё. Я расказаў яму ўсё — апроч таго, дзеля чаго я прыйшоў сюды на борт і пра што я павінен быў паведаміць яму ў першую чаргу. Я згадаў нашы ленчы з каваю і булачкамі, мае выйгрышы, расказаў пра галоднага студэнта і пра Птушынае Гняздо. Я ўспомніў пра нашу сварку з-за афіцыянта і пра тое, як яна мне сказала: «Я цябе болей не кахаю». Я нават — цяпер мне гэта здаецца неверагодным — паказаў яму яе развітальнае пісьмо.
Ён сказаў:
— Выбачайце мне. Калі б я... не затрымаўся, гэтага б не здарылася. Але вы б не выйгралі ўсе тыя грошы.
— На чорта мне здаліся ўсе гэтыя грошы!
— Такое надта лёгка сказаць. Я сам гаварыў тое самае шмат разоў. Але вось бачыце, я ўсё яшчэ тут... Калі б я рабіў тое, што я кажу, мяне б тут не было.
— А я кажу тое, што думаю на самой справе.
— У такім разе ў вас яшчэ ёсць надзея.
— У гэты самы момант яна, можа, спіць з ім.
— Гэта не разбурыць вашу надзею. Часта адкрываеш сапраўдную моц кахання, калі пераспіш з кім-небудзь іншым.
— Што мне рабіць?
— Выпаліце цыгару.
— Я не палю.
— Калі вы не маеце нічога супраць... — ён запаліў сабе цыгару. — На іх таксама трэба грошы. Бадай што, я не люблю грошай — а хто іх любіць? Але мне падабаюцца цыгары, гэтая яхта, магчымасць прымаць у сябе гасцей, і прызнаюся, мне прыемна, так, мне падабаецца ўладарыць над людзьмі.
Я нават забыўся, што гэтай улады ў яго болей няма.
— Кожны павінен мірыцца з гэтымі праклятымі грашыма. А вы ведаеце, дзе цяпер яна можа быць?
— Святкуюць, па-мойму... каваю з булачкамі.
— У мяне было чатыры жонкі. Вы ўпэўнены, што вам сапраўды хочацца, каб яна вярнулася да вас?
— Так.
— Можа, усё-такі спакайней без іх.
— Я не шукаю спакою — пакуль што.
— Мая другая жонка — я быў тады яшчэ малады — яна кінула мяне, і я зрабіў памылку, адбіўшы яе назад. Потым мне спатрэбілася шмат гадоў, каб пазбавіцца ад яе зноў. Яна неблагая жанчына. Нялёгка пазбаўляцца ад добрых жанчын. Калі ўжо так карціць жаніцца, лепей ужо ажаніцца з благой жанчынай.
— Такое ўжо было са мною аднойчы, і я не знайшоў у гэтым шмат шчасця.
Читать дальше