— Мая сістэма не прынесла табе аніякай шкоды.
— О не, яна прынесла мне шмат шкоды. Яна знішчыла мяне. Я жыла дзеля цябе, а цяпер я цябе страчваю.
— Няпраўда. Вось ён — я, тут, перад табою.
— Калі я вярнуся дадому і пайду ў бар «Валанцёр», — цябе ўжо там не будзе. Калі я буду чакаць на прыпынку дзевятнаццатага аўтобуса, цябе таксама там не будзе. Цябе не будзе нідзе, дзе б я змагла цябе знайсці. Ты будзеш ездзіць на аўтамабілі ў свой раскошны дом у Хэмпшыры, як сэр Уолтэр Бліксан. Любы, табе вельмі пашанцавала, ты выйграў шмат грошай, але я цябе болей не кахаю.
— Па-мойму, ты любіш адных толькі бедных.
— А хіба гэта не лепей, чым любіць толькі багатых? Любы, я лягу спаць на кушэтцы ў гасцёўні.
Цяпер ізноў у нас была гасцёўня і асобны пакой для мяне, такі самы, як і напачатку. Я сказаў:
— Не турбуйся. У мяне ёсць свой ложак.
Я выйшаў на балкон. Была такая самая ноч, як тая, калі мы ўпершыню пасварыліся, але на гэты раз яна не выйшла на балкон, і мы з ёю не сварыліся. Я хацеў пастукаць да яе ў дзверы і сказаць ёй нешта, але не знайшоў патрэбных слоў. Усе мае словы, здавалася, бразгалі, як фішкі ў сумачцы Птушынага Гнязда.
Я не бачыў яе ні за снеданнем, ні за ленчам. Пасля ленчу я пайшоў у казіно, і ўпершыню мне зусім не хацелася выйграваць. Але д'ябал усё-такі, пэўна, быў ублытаны ў маю сістэму, і я выйграў. У мяне цяпер ужо хапала грошай, каб расплаціцца з Боўлзам. Я зрабіўся ўладальнікам яго акцый, але мне дужа было шкада, што я не прайграў тыя апошнія дзвесце франкаў на «кухні». Потым я прайшоўся ўздоўж тэрасы — здараецца, прыходзяць у галаву неблагія думкі пад час прагулкі, але да мяне яны не завіталі. І раптам, глянуўшы на гавань, я ўбачыў белую яхту, якой там раней не было. На ёй развяваўся брытанскі сцяг. І я адразу пазнаў яе па здымках у газетах. Гэта была «Чайка». Гом нарэшце прыехаў — ён спазніўся толькі на тыдзень. Я падумаў: ну, добра, вылюдак, калі б толькі ты патурбаваўся выканаць сваё абяцанне, я б не страціў Кэры. Для цябе я не быў такой важнай фігурай, каб мяне запомніць, але ж затое зараз я зрабіўся надта важным для Кэры, каб яна магла мяне кахаць. Ну, добра, калі я страціў яе, ты згубіш усё — а Бліксан, пэўна ж, купіць тваю яхту.
Я пайшоў у бар, і Гом ужо быў там. Ён толькі што заказаў сабе порцыю «перно» і як стары знаёмы размаўляў з бармэнам па-французску. Ён свабодна валодаў любой мовай, на якой бы ні гаварыў яго субяседнік, — з кожным ён здольны быў знайсці агульную мову. Аднак зараз ён зусім не паходзіў на таго Друтэра, якога я сустрэў упершыню. Ён пакутліва ўглядаўся ў мяне, імкнучыся ўспомніць, дзе ён мяне бачыў. Я зразумеў, што ён не толькі забыўся пра сваё запрашэнне, ён забыўся пра маё існаванне.
— Містэр Друтэр... — сказаў я.
Ён наўмысна павольна павярнуўся да мяне: відаць было, што ён рабіў намаганні нешта ўспомніць.
— Вы мяне пазнаяце? — спытаў я.
— Што вы, дарагі мой сябра, я адразу пазнаў вас. Дай бог памяці, апошні раз мы сустракаліся...
— Мяне завуць Бертрам.
Я зразумеў, што маё прозвішча не азначае для яго абсалютна нічога.
— Ну, так. Вядома, — сказаў ён. — Даўно прыехалі?
— Мы ўжо тут дзевяць дзён. Мы спадзяваліся, што вы паспееце на наша вяселле.
— Вяселле?
Я мог назіраць, як паступова ён пачынае прыгадваць, і праз імгненне ён выкручваўся, падбіраючы тлумачэнні:
— Мой дарагі сябра, спадзяюся, што ўсё абышлося. У нас раптоўна зламаўся рухавік. Ведаеце, як гэта здараецца ў адкрытым моры. І звязацца нельга было ні з кім. Сёння ўвечары запрашаю вас да мяне на яхту. Падрыхтуйце свае чамаданы. Мы адплываем апоўначы. Монтэ-Карла занадта вялікая спакуса для мяне. Ну, а як вы? Шмат грошай прайгралі?
— Не, наадварот, я крыху выйграў.
— На гэтым трэба спыніцца. Адзінае выйсце.
Ён хуценька заплаціў за сваё «перно» — ён імкнуўся як мага хутчэй выправіць сваю памылку.
— Прыходзьце да мяне на яхту. Сёння мы там павячэраем. Утраіх. Нікога болей не будзе на яхце ажно да Партафіна. Скажыце парцье, што ваш рахунак у гатэлі аплачу я.
— Не трэба. У мяне ёсць грошы.
— Я не хачу, каб вы трацілі свае грошы, бо гэта мая віна, што я спазніўся.
Ён схапіў сваю кепачку яхтсмена і хуценька выйшаў, перавальваючыся, як сапраўдны марак. Ён не пакінуў мне часу на тое, каб мая нянавісць знайшла выйсце, ці нават на тое, каб сказаць яму, што мне не вядома, дзе зараз мая жонка. Я паклаў грошы для Боўлза ў канверт і папрасіў парцье, каб той аддаў іх яму ў бары казіно ў дзевяць гадзін вечара. Потым я падняўся па лесвіцы ў свой нумар і пачаў складваць рэчы ў чамаданы. У мяне з'явілася невялікая надзея, што, калі мне ўдасца ўзяць Кэры з сабой у мора, усе нашы турботы застануцца тут, на беразе, у раскошным гатэлі, у багата аздобленай Sаllе Рrіveе, у казіно. Мне хацелася паставіць усе нашы нягоды еn рlеіn і адразу іх прайграць. Аднак калі я скончыў укладваць чамаданы і зайшоў у яе пакой, я зразумеў — надзеі болей няма. Пакой выглядаў болей чым проста пусты — ён быў пакінуты. Туалетны столік чакаў наступнага кліента — адзіная рэч засталася на ім ад Кэры. Гэта было развітальнае пісьмо: «Любы, болей я не вярнуся. Мне не хапіла духу сказаць табе пра гэта ў вочы, дый якая ў тым карысць? Мы болей падыходзім адно аднаму». Я прыгадаў усе папярэднія дзевяць дзён і як мы прыспешвалі той старадаўні драндулет па дарозе ў мэрыю. Каля канторкі парцье мне пацвердзілі: «Так, мадам вызваліла нумар гадзіну таму».
Читать дальше