— Ну, у пэўным сэнсе...
— Што вы маеце на ўвазе?
— Мы з жонкай зараз жывём паасобку.
— Як сумна. І я таксама страціла мужа — праўда, ён памёр. Можа, гэта і меней сумна.
Голас, які я пачаў ненавідзець, вымавіў:
— Твой муж не заслугоўвае таго, каб ты была верная яму. Пакінуць цябе самотнай на цэлую ноч дзеля гульні на рулетцы...
— Сёння вечарам ён не ў казіно, — сказала Кэры. І дадала здушаным голасам: — Ён зараз у Канах вячэрае з маладой, прыгожай і разумнай удавою.
— Не трэба плакаць, сherіе [50] Дарагая (фр.) .
.
— Я не плачу, Філіп, я... я... я смяюся. Калі б толькі мог ён мяне цяпер бачыць...
— Ён, пэўна, звар'яцеў бы ад рэўнасці. А ты раўнівая?
— Так кранальна, — сказала Птушынае Гняздо. — Цяжка ўстрымацца, каб не слухаць. Здаецца, перад табой праходзіць цэлае жыццё...
Уся гэтая сцэна, па-мойму, выглядала агідна.
— Жанчыны такія даверлівыя, — сказаў я, наўмысна павышаючы голас. — Мая жонка пачала заляцацца да маладога чалавека, бо ён выглядаў галодным. Пэўна, ён і быў галодны. Ён прызвычаіўся хадзіць з ёй у дарагія рэстараны, як гэты, і прымушаў плаціць яе за сябе. Вы ведаеце, колькі тут каштуе lаngоustе thеrmіdоr? Гэтая страва такая дарагая, што ў меню нават не прастаўлены яе кошт. Простая сціплая студэнцкая кавярня.
— Я нічога не разумею, палкоўнік. Што-небудзь вывела вас з сябе?
— А вазьміце віно. Хіба, па-вашаму, я павінен цягнуць з сябе жылы, каб ён піў гэтае віно за мой кошт?
— Вы паводзіце сябе непрыстойна.
Хтосьці паставіў шклянку на стол так моцна, што яна разбілася. Ненавісны голас сказаў:
— Сherіе, гэта добрая прыкмета. Бачыш — я выліў крыху віна табе за вушы і на макаўку... Ты думаеш, твой муж пераспіць з той прыгожай лэдзі ў Канах?
— Адно толькі спаць — гэта ўсё, на што ён здатны.
Я ўскочыў на ногі і закрычаў на яе:
— Я не магу болей стрываць усё гэта. Як ты можаш гаварыць такое?
— Філіп, — сказала Кэры, — пойдзем.
Яна пакінула на стале некалькі банкнотаў і павяла яго за сабой. Ён быў надта здзіўлены, каб супраціўляцца.
Птушынае Гняздо сказала:
— Яны сапраўды зайшлі надта далёка, праўда? Такое гаварыць на людзях. Мне падабаюцца вашы старамодныя рыцарскія паводзіны, палкоўнік. Хай будзе навука маладым.
Амаль гадзіна спатрэбілася ёй, каб з'есці сунічнае марожанае і lаngоustе thеrmіdоr. За гэты час яна расказала ўсю гісторыю свайго жыцця.
Нарэшце я ад яе пазбавіўся і пайшоў дамоў. Я баяўся, што не знайду там Кэры, але яна сядзела на ложку і чытала адзін з тых дасціпных самавучыцеляў французскай мовы, што чытаюцца як захапляльныя раманы. Калі я адчыніў дзверы, яна глянула паверх кнігі і сказала:
— Еntrеs, mоn соlоnеl [51] Уваходзьце, мой палкоўнік (фр.) .
.
— Навошта ты гэта чытаеш? — спытаў я.
— J'еssayе dе fаіrе mоn frаncаіs un реu mеіllеur [52] Я імкнуся трохі ўдасканаліць сваю французскую мову (фр.) .
.
— Навошта?
— Магчыма, неўзабаве я буду жыць у Францыі.
— Ага! З кім жа? Няўжо з тым галодным студэнтам?
— Філіп зрабіў мне прапанову.
— Пасля такой раскошнай вячэры, якой ты яго пачаставала сёння, ён, па-мойму, проста быў абавязаны паводзіць сябе належным чынам.
— Я папярэдзіла яго, што існуе часовая перашкода.
— Ты мела на ўвазе сваю благую французскую мову?
— Не, я мела на ўвазе цябе.
Раптоўна яна заплакала, схаваўшы галаву пад самавучыцелем, каб я не мог бачыць яе твару. Я сеў на ложак і паклаў руку ёй на сцягно. Я адчуваў сябе стомленым, я адчуваў, што мы надта аддаліліся ад таго невялічкага бара за рагом, я адчуваў, што нібыта мы даўно ўжо жанатыя. Аднак у мяне не было ніякай надзеі ўладкаваць усё гэта — мне заўсёды перашкаджалі рукі. Я прапанаваў:
— Паехалі дадому.
— Не дачакаўшыся містэра Друтэра?
— А чаму мы павінны яго чакаць? Фактычна містэр Друтэр пад маёй уладай.
Я не збіраўся нічога ёй расказваць, але ўсё неяк здарылася само сабой. Яна падняла галаву ад падручніка і перастала плакаць. Я расказаў ёй, што, калі я ўволю нацешуся роляй боса Друтэра, я прадам свой пакет акцый Бліксану з выгодай для сябе — і такім чынам знішчу Друтэра.
— І тады ўжо мы зажывём цудоўна, — сказаў я.
— Толькі без мяне.
— Што ты маеш на ўвазе?
— Любы, я ўжо зусім супакоілася і не злуюся. Я кажу сапраўды сур'ёзна. Я не выходзіла замуж за багатага чалавека. Я выйшла замуж за чалавека, з якім сустракалася ў бары «Валанцёр», за таго, хто любіў халодныя сасіскі і ездзіў аўтобусам, бо таксі яму было надта дарагое. Цяпер я раптам прачынаюся ў ложку з чалавекам, які можа купіць сабе ўсе асалоды, якія толькі пажадае, і які марыць давесці да галечы старога чалавека, што зрабіў табе дабро. Што, калі Друтэр проста забыўся пра тое, што запрасіў цябе? Гэта ўласціва чалавечай натуры. Яна не падначалена ніякім дурацкім сістэмам, як твая рулетка.
Читать дальше