Так, я вам крыху схлусіў, калі мінулы раз гаварыў. У нас не зусім гурток – у нас такое своеасаблівае таварыства, пра якое пабочным асобам ведаць нельга. Але што ж цяпер… Ужо двое з нашых забітыя. Баюся, хтосьці пранюхаў наш сакрэт…
Наш Ордэн Прамяністых не мае ніякіх палітычных мэт – мы толькі імкнёмся да маральнага самаўдасканалення і грамадскай карысці. У таварыстве ёсць некалькі ступеняў пасвячэння: чым болей ты ведаеш, чым болей робіш, тым больш высокая ў цябе ступень. Я мала што ведаю, у мяне – пакуль толькі першая. У нас ва ўсіх была першая ступень, акрамя Пашкоўскага – ён рыцар найвышэйшай ступені.
Веды Прамяністых захоўваюцца і перадаюцца ў легендах. Зазвычай на нашых сходах найвышэйшы рыцар Ордэна зачытваў нам адну якую-небудзь легенду, у якой падымалася пытанне маральнага выбару, а потым мы абмяркоўвалі, выказвалі свае думкі на яе конт.
Усё гэта было вельмі прыгожа і таямніча аздоблена: круглы стол, вакол якога сядзяць рыцары Ордэна, а на самім стале – толькі крыж і белая ружа.
Крыж і ружа…
Пашкоўскі казаў, што традыцыя белай ружы ідзе ад заснавальніка Ордэна ў нашых краях – Тамаша Зана. Ён жыў у мінулым стагоддзі і стварыў такое таварыства сярод студэнтаў у Вільні, але царскія сатрапы даведаліся і разграмілі іх. Студэнтаў судзілі, павысылалі ў далёкія краі, камусьці ўдалося ўцячы за мяжу…
Дык калі гэты Зан вярнуўся пасля ссылкі, то пасяліўся тут, на Аршаншчыне, і стаў аднаўляць разбіты Ордэн. Ён ужо быў спрактыкаваным і зрабіў так, каб царскія ўлады не даведаліся, што Ордэн паўстаў, як фенікс з попелу. Ад яго і вядзецца традыцыя класці на стол два сімвалы – крыж і белую ружу: крыж – гэта нашая сувязь з хрысціянскай духоўнай культурай, а белая кветка – чысціня нашых намераў.
Самі разумееце, што старая ўлада не ўхваляла грамадскую карысць, а новая – веру ў Хрыста. Вось таму нашае таварыства і працягвае існаваць таемна…
Але хтосьці, відаць, усё ж даведаўся пра наш Ордэн, таму забівае рыцараў-прамяністых, а белую ружу на целе пакідае, каб паказаць, што нашае існаванне для яго не сакрэт.
Пасля забойства Пашкоўскага мяне паклікала да сябе Кавалёва. Яна перадала мне сшытак, які я прынёс вам. Для нас гэта не проста сшытак – гэта ў нейкім сэнсе наша духоўная гісторыя: у ім запісаныя легенды Ордэна Прамяністых, прычым некаторыя з іх, як кажуць, занатаваў сваёй рукой сам заснавальнік – Тамаш Зан. Для нас гэта вельмі важны і дарагі сшытак, пагатоў што самі легенды больш анідзе не запісаныя. Страта яго была б незваротнай.
Кавалёва прасіла, каб я гэты сшытак часова схаваў, бо яна падазравала, што забойца Пашкоўскага мог даведацца, што рукапіс зберагаецца ў яе. А цяпер я баюся, каб яго не знайшлі ў мяне…
Не, там не толькі легенды – прыкладна палову сшытка займае гісторыя езуітаў у Воршы. Яе, як казаў Пашкоўскі, напісаў таксама Зан. Толькі яна па-польску.
Я па-польску чытаць не ўмею, на жаль, але ведаю, што там пра ўсе іхнія справы – і як яны свае касцёлы тут ставілі, і як інквізіцыю рабілі, на вогнішчах палілі… Не? Не яны інквізіцыю?.. Дамініканцы?! А я ж думаў…
Ну, значыць, пра інквізіцыю няма, але пра касцёлы ёсць. І пра багацці іхнія езуіцкія ёсць. Пашкоўскі казаў, што калі езуітаў цар з Расіі выгнаў, то яны перад ад’ездам закапалі тут частку сваіх скарбаў, якую не маглі забраць. Вось у гэтым рукапісе, магчыма, і ёсць падказка, дзе знайсці тыя скарбы. Толькі я па-польску не ўмею…
Вы ж да нас з Заходняй Беларусі пераехалі, так? У Вільні жылі, мабыць. Дык, можа, вы здолееце прачытаць, што там напісана? Калі мы знойдзем гэтыя скарбы раней за забойцу, то ён нам не страшны будзе.
Кміціч сядзеў за камп’ютарам і дапісваў артыкул пра навукоўцаў, якім улады не даюць працаваць па спецыяльнасці. Дакладней, перакрываюць кар’ерны рост, не прызнаюць навуковую ступень. Вышэйшая атэстацыйная камісія можа нават пасля абароны не зацвердзіць званне кандыдата або доктара навук, асабліва калі за гэтае званне змагаецца чалавек, да ўлады не вельмі лаяльны.
Конец ознакомительного фрагмента.
Текст предоставлен ООО «ЛитРес».
Прочитайте эту книгу целиком, купив полную легальную версию на ЛитРес.
Безопасно оплатить книгу можно банковской картой Visa, MasterCard, Maestro, со счета мобильного телефона, с платежного терминала, в салоне МТС или Связной, через PayPal, WebMoney, Яндекс.Деньги, QIWI Кошелек, бонусными картами или другим удобным Вам способом.
Читать дальше