Яны падышлі да хаты, якая стаяла крыху наводшыбе. Настаўніца асцярожна пастукала ў акно пакоя, дзе жыў дзед Іван. Праз некаторы час пачуўся голас:
— Хто там?
Людміла Андрэеўна назвала сябе. Дзед Іван адчыніў дзверы. Яны зайшлі ў хату. Убачыўшы доктара Долахава, дзед Іван радасна і доўга трос яму руку.
— А мы вас ужо даўно чакаем, — сказаў дзед.
— Хіба вас папярэдзілі?
— Так. Людміла Андрэеўна, — звярнуўся дзед да настаўніцы, — паклічце, калі ласка, сюды Сцёпу.
— Добра.
Людміла Андрэеўна выйшла.
— Хто гэты Сцёпа? — спытаў Карней Пракопавіч у дзеда Івана.
— Гэта хлопчык тут адзін ёсць. З Масквы сам. У цёткі Насты жыве.
— А навошта вы яго клічаце?
— Ён праводзіць вас у атрад. Праз яго я і трымаю сувязь з атрадам. Вельмі кемлівы хлопчык. Сам я не хадок ужо, а да атрада няблізкі свет, — сказаў дзед Іван, быццам апраўдваючыся.
— А хто ўзначальвае атрад? — спытаў Карней Пракопавіч.
— Мірон Іванавіч Дубатаўка.
— Гэта той Дубатаўка, што працаваў старшынёй калгаса?
— Ён, ён… Толькі цяпер яго завуць дзядзька Мірон. Наш дзядзька Мірон фашыстам вядомы. Праўда, у яго яшчэ малавата людзей, але атрад бадай кожны дзень папаўняецца…
Ціха адчыніліся дзверы, і ў хату ўвайшлі Людміла Андрэеўна і Сцёпа.
— Ну вось, будзьце знаёмы, Сцяпан Казіміраў,— прадставіў Сцёпу дзед Іван. — Наш самы малады партызан.
— Прыемна, прыемна, — паціскаючы руку хлопчыка і ўсміхаючыся, гаварыў Карней Пракопавіч. — А ты ваўкоў не баішся?
— Я нічога не баюся, — спакойна адказаў Сцёпа на жарт доктара.
— Вось за гэта малайчына. Люблю смелых людзей! — Карней Пракопавіч папляскаў хлопчыка па плячы.
— Табе, Сцёпа, прыйдзецца правесці доктара Долахава ў атрад, — сказаў дзед Іван.
— Цяпер пойдзем?
— Цяпер.
Карней Пракопавіч і Сцёпа развіталіся і пайшлі. Першым крочыў Сцёпа, за ім — Карней Пракопавіч.
Месца для лагера было выбрана вельмі ўдала. Ён размяшчаўся ў глухім кутку лесу, і амаль з ўсіх бакоў яго абступалі балоты. Адзіная дарога, якая вяла да лагера цераз рэчку, і мост добра ахоўваліся партызанамі. Аднак была яшчэ адна сцежка і праз балоты. Вось па гэтай сцежцы Сцёпа і павёў Карнея Пракопавіча.
Доктар Долахаў аказаўся вельмі патрэбным чалавекам у атрадзе бацькі Мірона. Ён арганізаваў там сапраўдны шпіталь, у якім лячыліся не толькі партызаны, але і многія жыхары навакольных вёсак. Часамі, калі паблізу не было акупантаў, доктар Долахаў прыязджаў сам у вёску, лячыў хворых, рабіў аперацыі.
…— Зінаіда Антонаўна! — перабіла на гэты раз настаўніцу Ніна Бурэйка. — А ці скончыў доктар Долахаў доследы над супрацьсухотным грыбком?
— Скончыў і вельмі ўдала. Ён здабыў супрацьсухотны прэпарат і пачаў яго прымяняць. Аб прэпараце Карнея Пракопавіча дачуліся фашысты і вырашылі злавіць доктара.
— І гэта ім удалося? — не вытрымаў Віця Капусцін.
— На жаль, удалося, — з сумам прагаварыла Зінаіда Антонаўна. — І вось як гэта здарылася…
У той дзень Карней Пракопавіч прыехаў у вёску Ляхаўцы да Людмілы Андрэеўны радасны і ўсхваляваны. Гэта было ўжо лета 1944 года, і Савецкая Армія вяла баі за вызваленне Беларусі.
— Віншую вас, віншую, Людміла Андрэеўна. Чулі сёння зводку Саўінфармбюро? Мінскі напрамак з'явіўся. А я, даражэнькая, у Маскву збіраюся, у Маскву… І на душы ў мяне лёгка, лёгка, бо адчуваю, што і я для гэтай перамогі нешта зрабіў, у кустах не адседжваўся…
— Іменна ў кустах вы і сядзелі,— жартуючы, заўважыла Людміла Андрэеўна.
— Як гэта ў кустах? — не зразумеў доктар.
— А ваш партызанскі шпіталь дзе знаходзіцца? У лесе, у кустах…
— Ха-ха-ха! — весела засмяяўся доктар. — Вы правільна заўважылі… І сапраўды, усю вайну ў кустах праседзеў. Але недарэмна, недарэмна. Шмат людзей на ногі паставіў, а таксама і ў доследах маю пэўны поспех. Я вывучыў прыродныя ўмовы, у якіх расце супраць-сухотны грыбок. Удалося нават здабыць вельмі нязначную колькасць прэпарата, які я назваў антыкахеінам. Падрыхтоўчая работа скончана, цяпер засталося сёе-тое яшчэ праверыць, прадумаць… Важна, што галоўнае зроблена, пачатак пакладзены. Пройдзе некаторы час, і сухоты будуць такой жа рэдкай хваробай, як воспа. Ну, а як наш хворы?
Хворым у гэты час у Людмілы Андрэеўны быў Лёнік, брат Жэнькі.
— Дзякую, Карней Пракопавіч, лёгкая ў вас рука, можна сказаць, вярнулі хлопца з таго свету.
— Так, гнойны апендыцыт вельмі небяспечная хвароба, і добра, што мы не спазніліся з аперацыяй.
Читать дальше