«…Людзі, зрабіце ўсё, каб адшукаць працу доктара Долахава. Яна знаходзіцца пад старым дубам, што стаіць па дарозе з вёскі Ляхаўцы на станцыю. Я ўсё зрабіў, каб выратаваць гэтыя каштоўныя паперы, але ў мяне не хапіла сілы…
Сцяпан Казіміраў».
Прачытаўшы гэтыя радкі, хлопчыкі спахмурнелі. Некалькі хвілін яны стаялі моўчкі. Кожны з іх уявіў сабе мужны вобраз незнаёмага, відаць, цяжкараненага партызана, які, не маючы сілы дапаўзці да вёскі, слабеючай рукой піша свой запавет, хавае запісную кніжку ў гільзу ад снарада, старанна закаркоўвае яе і закопвае ў зямлю пад дрэвам. Потым на дрэве вырэзвае нажом надпіс: «Тут схавана праца Долахава» і паўзе далей…
— Дык што будзем рабіць? — звярнуўся Васілёк да Толіка.
— Як што? — здзівіўся Віця Капусцін. — Зразумела, цяпер дадому, перададзім Зінаідзе Антонаўне запісную кніжку, а потым знойдзем той самы дуб і адкапаем паперы доктара.
— Шукаць дуб нам не трэба, — запярэчыў Жэнька, — не раз на станцыю і хадзілі і ездзілі. І цягацца туды-сюды таксама няма патрэбы. Жартачкі! Амаль сорак кіламетраў. Зробім так: Віця павязе Зінаідзе Антонаўне запісную кніжку, а мы пойдзем да дуба і адкапаем паперы доктара.
— Дык сёння ж мы не паспеем нічога зрабіць, — сказаў Васілёк, — вунь ужо сонца дзе.
— Вядома, не паспеем, — зірнуўшы на сонца, згадзіўся Толік. — Зараз гадзіны тры. Пакуль адпачнем як след і дойдзем да дуба, — а да яго яшчэ кіламетраў шэсць, калі не болей, — ужо і на вечар возьмецца. Але я таксама лічу, што назад у Ляхаўцы вяртацца не варта…
— Дык вы зноў будзеце начаваць у лесе? — захваляваўся Віця.
— А што? Ты ж бачыш… Жывыя і здаровыя. Нічога нам не зробіцца, калі пераначуем і яшчэ адну ноч. Хлеб і сала ў нас ёсць, — адказаў Васілёк. — Скажы Зінаідзе Антонаўне і ўсім астатнім, каб не турбаваліся. І наконт рукзакоў скажы, — дадаў ён, — што, маўляў, не захацелі цягнуць лішні груз і пакінулі ў Раднічанцы на захаванне.
— Ну добра, — даў нарэшце згоду Віця, — заставайцеся. Толькі каб заўтра былі дома.
— Будзем, будзем, нікуды не дзенемся, — адказаў Жэнька.
— Ну, тады шчасліва! Ні пуха вам, ні пяра! — сказаў Віця і сеў на веласіпед, а хлопцы доўга махалі яму ўслед рукамі.
Спачатку ехаць было цяжка. Колы веласіпеда наязджалі то на шышку, то на сук ці корань, а часам траплялі ў глыбокія раўчукі.
Выехаўшы на дарогу, веласіпед пакаціўся шпарчэй. Віцю хацелася хутчэй паведаміць Зінаідзе Антонаўне і аднакласнікам радасную навіну.
Уся дарога заняла ў яго гадзін пяць. Віцю чакалі. У Зінаіды Антонаўны сабраўся амаль увесь клас.
— Ну дзе яны? Што з імі? — пасыпаліся да Віці пытанні.
— Хлопцы жывыя і здаровыя, і вось што яны знайшлі,— сказаў Віця і падаў Зінаідзе Антонаўне запісную кніжку.
— Што гэта?
— Запісная кніжка партызана Сцяпана Казімірава.
— Сцяпана Казімірава? — Зінаіда Антонаўна раптам збялела і схапілася за грудзі.— Сцёпа, дарагі Сцёпа… — прашаптала яна.
Усе прыціхлі. Глядзелі на Зінаіду Антонаўну і нічога не разумелі. Хто гэты Сцёпа і чаму іх настаўніца, заўсёды вытрыманая, раптам так расхвалявалася?
Зінаіда Антонаўна тым часам пачала шпарка перагортваць старонкі кніжкі, але прачытаць што-небудзь таксама не змагла.
— Яе трэба прасушыць спачатку, — сказаў Віця. — Мы глядзелі, там лісты пасклейваліся і літары парасплываліся.
— А дзе ж Толік, Васілёк і Жэнька? — справіўшыся з хваляваннем, запытала Зінаіда Антонаўна.
— Яны засталіся ў лесе. Паперы доктара Долахава, пра якія піша Сцяпан Казіміраў, схаваны не на Косінскай дзялянцы, а пад старым дубам, што па дарозе на станцыю. Вось яны і пайшлі адкопваць іх. Заўтра ўвечары абяцалі вярнуцца.
— Зінаіда Антонаўна, а хто такі Сцёпа Казіміраў? — не вытрымала Ніна. — Вы яго і тады ўспаміналі, калі нашы хлопцы знайшлі надпіс на бервяне.
— Хто такі Сцёпа Казіміраў? Гэта чалавек, аб якім можна было б напісаць цэлую кнігу.
— Раскажыце, раскажыце нам пра яго! І пра доктара Долахава таксама… — закрычалі разам усе.
— Ну добра, я раскажу вам пра тое, што ведаю, — згадзілася Зінаіда Антонаўна. — Мы разлучыліся з ім ужо незадоўга да прыходу нашых войск. А пра апошнія дні Сцёпы, я думаю, нам раскажа яго запісная кніжка.
— Вы ведаеце, — пачала Зінаіда Антонаўна, — што наша вёска Ляхаўцы знаходзіцца даволі далёка ад тракту, чыгуначнай станцыі і населеных пунктаў. Вакол яе на дзесяткі кіламетраў раскінуўся лес. Да ўз'яднання заходніх абласцей Беларусі з усходнімі ўвесь гэты лес і зямля належалі пану Вышамірскаму. Сям'я ў пана Вышамірскага была невялікая: сам пан — маленькі, рыжы, гарбаты чалавек з чырвонымі вачыма, якія заўсёды слязіліся, пані — высокая, хударлявая жанчына з пабітым воспаю тварам, і два панічы: Антэк і Ромусь. Антэк служыў у польскім войску. Ён быў даўгі, худы, як і маці, і ногі ў яго былі нібыта прыцёртымі адна да другой. Ромусь быў падобны на бацьку: такі ж рыжы і з такімі ж чырвонымі вачыма.
Читать дальше