Алёша. Ды не. Не намёк. Закон дыялектыкі.
Ухватаў. Нахапаўся ўжо? А гэта яшчэ — які такі закон?
Сілан. А-а-а!.. Зараз растлумачу. Дакладчык з абкома прыязджаў, дык ён мне гадзіны дзве талкаваў… Цяпер магу сам.
Бусько. Сілан такі… Сілан можа.
Сілан. Значыцца, так… Да прыкладу, ты, Хведар Паўлавіч, зярно. I цябе нехта пасеяў… Не, напрыклад, вось мы, я і Бусько, — зярняты. Ты нас пасеяў. Вырасце з нас куст. А потым каласы. Ну, значыць, у каласах — новыя зярняты для пасеву. А ад нас што астаецца? Карэнні, што ў зямлі, згніюць, і салома, якая толькі і гадзіцца на подсціл… карове там, авечкам ці свінням. У гной, значыцца. На ферму, на подсціл. I ўся тут дыялектыка.
Ухватаў. Контррэвалюцыя гэта, а не дыялектыка! (Шафёру.) А сёння пакуль што такі загад: завязі іх дамоў. (Са здзекам.) Зярняткі! Каласкі!
Алёша. Добра, Хведар Паўлавіч, завязу. (Выходзіць.)
Ухватаў. А ты, Сілан, не мудруй. Не забывай, што на тваю дыялектыку ёсць адпаведныя органы, якія яшчэ разбяруцца, што да чаго. I не паўтарай, як папугай, чужых слоў.
Бусько (Сілану). Ясна?
Сілан. Дайшло. Усё! Кляп!
Ухватаў. А праз тыдзень… (Надакучлівая муха атакуе Хведара Паўлавіча. Ён адмахваецца.) Праз тыдзень… (Муха зноў прыстае. Хведар Паўлавіч сочыць за ёй, чакае, пакуль яна ўсядзецца. Села на нос. Ён хацеў яе прыхлопнуць, але муха трапілася вёрткая.) Злавіць! (Гэта прагучала як загад. Бусько і Сілан пераглянуліся, не разумеючы — жарт гэта ці загад?) Жыўцом! (Бусько і Сілан спачатку неяк нясмела, адчуваючы сябе няёмка, сталі ганяцца за мухай. Яны яе акружалі, бралі ў абцугі, рабілі на яе засаду. Увайшлі ў азарт і перамогу атрымалі. Яны ўзялі яе ў палон жыўцом і даставілі Хведару Паўлавічу — адзін за адно крылца, а другі — за другое.)
Бусько. Вось яна!
Сілан. Насякомае, а… на нос лезе… і каму?
Ухватаў разглядае муху ў іх руках, а потым хапае яе і заціскае ў сваім кулаку. А тады падносіць кулак Сілану пад нос.
Ухватаў. Што гэта?
Сілан. Муха. (Упэўнены, што не журавель.) Муха! Яй-богу!
Ухватаў. Дурак! (Падносіць кулак пад нос Бусько.) Што тут?
Бусько. Чэснае слова, муха! Не сысці мне з гэтага месца!
Ухватаў. Балты! Ненарэзаныя. Тут сіла. Улада! (Расцірае муху ў кулаку.) В-во! (Паказвае.) Муха? А? I звання няма. I трухі не астаецца, калі трапляе ў кулак. Вы ўсё зразумелі?
Бусько і Сілан пераглядаюцца, становяцца навыцяжку, смірнеюць.
Сілан. Як не зразумець?
Бусько. Цяпер, канечне, усё ясна.
Ухватаў. То-та ж, мухаловы!
Ухватаў вымае папяросу «Казбек», кладзецца на канапу. Бусько і Сілан стараюцца апярэдзіць адзін аднаго, падносяць запалкі. Ухватаў прыкурвае, выпускае дымок. Скрыжаваўшы на грудзях рукі з папяроскай між пальцаў, любуецца струменьчыкам дыму. Бусько і Сілан стаяць за канапкай над Ухватавым, як у ганаровым каравуле, схіліўшы гаротна галовы — адзін управа, другі ўлева.
Бусько. Зразумеў, Сілан? Гарыць.
Сілан. Зразумеў. Гарым? А?
Абодва набіраюць поўныя грудзі паветра і сінхронна ўздыхаюць.
Ухватаў. А чаго вы ўздыхаеце, як апоеныя коні? Праз тыдзень каб тут былі! А цяпер — па хатах.
Буськоі Сіланабыццам ветрам вымела.
Паслухмяныя… Насенны фонд! Зярняткі. Каласкі… Я вам пакажу дыялектыку!
Праз хвіліну Ухватаў паднімаецца, падыходзіць да акна, аукае. З вуліцы басам і тэнарам адгукаюцца працяглым воем Бусько і Сілан. Цудоўны дуэт пад заслону.
Кажуць, нібыта людзі заўсёды думалі. Самі. Нібыта такая ўжо ўласцівасць чалавека. I я так мяркую. Думаць можна. Думаць трэба.
«Гумар — прыкмета сталасці і здароўя грамадства» — нехта разумны сказаў. Не падумаўшы, такога не скажаш.
«Мы всех зовем, чтобы в лоб, а не пятясь, критика дрянь косила. И это лучшее из доказательств нашей чистоты и силы». — Падумаў, напісаў і падпісаўся: Маякоўскі.
«Чалавецтва, смеючыся, расстаецца са сваім мінулым». — Карл Маркс напісаў. Мудра сказана. У гэтым аптымізм нашага прагрэсу.
Варта ўспомніць і такую карысную параду Уладзіміра Ільіча Леніна: «Вучыцца ў урокаў гісторыі, не хавацца ад адказнасці, не адмахвацца ад іх».
Каму адрасаваны гэты напамінак? I нам! I нашым дзецям! I ўнукам!
Читать дальше