Сілан (перапыняе). Хадзіў, хадзіў. А як жа. Не толькі сам, нават Пархвенаўна назубок цэлымі лістамі па памяці чытае. Праўда, апошнім часам карасіну не хапала…
Ухватаў. Ну куды ж цябе? (Доўга разглядае Сілана, як бы ацэньваючы яго вартасці.)
Сілан. А ўжо куды хочаш, куды пашлеш. Старшым куды пашлеш. Буду старацца.
А далей адбываецца такая пантаміма. Хведар Паўлавіч ходзіць па пакоі і мысліць. Раіцца з самім сабой. Зробіць некалькі крокаў і спыняецца. За ім следуюць Бусько і Сілан.
Нарэшце Хведар Паўлавіч спыніўся, азірнуўся на іх, суровы, сярдзіты. Бусько і Сілан жэстамі супакойваюць яго. Хведар Паўлавіч махнуў рукой — загадаў — сядзьце! Яны паслухмяна селі. Як школьнікі.
Ухватаў (ацаніўшы паслухмянасць). Выканаўцы! Глядзіце ў мяне!!!
Бусько. Хведар Паўлавіч! Будзьце ўпэўнены!
Сілан. Не сумнявайся!
Вярнулася Рая. Радасная, узрушаная.
Рая. Федзя! Ты не знаеш, які фурор! Паглядзеў бы ты на Фаню! Якія ў яе былі вочы! Во! Такія вочы! Там на нашым двары быў цэлы мітынг. Яны ўсе хацелі сюды прыехаць. Толькі мама… Ты не знаеш нашу маму? Яна сказала: «I чаго вы паднялі такі вэрхал? Я так і знала: мая Рая радзілася пад зоркай. Ну і што?»
Ухватаў. Пад якой зоркай?
Рая. Адкуль я ведаю. Яна так сказала. Што ты хочаш? Гэта ж мая мама. Відаць, пад чырвонай. Яны так рады. Усе.
Ухватаў. А дачка дзе?
Рая. Яны не аддалі мне Свету. Яны чуць не падзялілі яе на шматкі. Яны ўсе яе так палюбілі!
Ухватаў. Цяпер нас будуць любіць!.. (Бярэ схаваную паўлітэрку, налівае ў шклянку. Звяртаецца да Бусько і Сілана.) Будзеце?
Сілан. Як загадаеце.
Бусько. Да гроба.
Ухватаў. Што? Любіць ці піць?
Бусько. I піць, і любіць! Да гроба.
Ухватаў. Да гроба дык да гроба! А там — напляваць!
Бусько. Малавата…
Ухватаў. Сваю трэба насіць.
Бусько. Ёсць! Носім! (Падміргнуў Сілану, і той дастае з шабеты бутэльку.)
Сілан. Учора самагоншчыка застукалі. Рэквізавалі. Акт саставілі і… (Усміхаецца.) Разбілі… вось.
Бусько. Хай не спекулююць, гады!
Наліваюць, п'юць. Раяпрыносіць капчонае на закусь.
Рая. Федзя, а шафёр чакае твайго загаду на вуліцы.
Ухватаў. Кліч яго!
Бусько (выглянуў праз акно). Ну і машына! Аж блішчыць! А шафёр — грамацей. Сядзіць і кніжку чытае. (Крычыць.) Эй! Прафесар кіслых шчэй! Завуць!
Ухватаў. Ну, яшчэ па адной і… (Жэстам як бы змёў са стала і прысвіснуў.)
Сілан (заспяваў). «По рюмочке, по маленькой, чем поят лошадей…»
Рая. Ой, што вы, што вы!!!
Ухватаў. Без мастацкага свісту і танцаў! Пахаваем паціху. (Выпівае.)
Бусько (ціхенька). Вечна-а-я-я памяць. (Таксама перакуліў чарку.)
Сілан (уздыхнуў). Амін. (Выліў чарку, як у халяву.)
Уваходзіць шафёр.
Алёша. Я вас слухаю, Хведар Паўлавіч.
Ухватаў. Значыць, чытаеш? Вучышся?
Алёша. Канчаю рабфак. Вячэрні.
Ухватаў. А потым?
Алёша. Паспрабую паступіць у інстытут.
Рая. I куды паступаеш?
Алёша. У архітэктурна-будаўнічы. Параілі…
Бусько. Ну і што з цябе будзе?
Алёша. Можна будзе не толькі рулём кіраваць…
Бусько. О, намі хочаш кіраваць…
Алёша (Бусько, па сакрэту). Не, трохі разумнейшымі.
Бусько. О даёць! О даёць!
Ухватаў. Слухай, Алёша! А што, калі я цябе на добрую пасаду пастаўлю?
Алёша. Не выгадна.
Ухватаў. Чаму не выгадна?
Алёша. Пасадзіць можна, толькі наўрад ці доўга ўседзіш. Вы ж самі ведаеце, якія ў нас планы. Паслухайце, які звон па ўсёй краіне! Грохат які! Колькі заводаў будуецца, электрастанцый! Разгортваецца такая гаспадарка, што… Граматныя людзі трэба, адукаваныя. Вы мяне пасадзіце, а праз некалькі гадоў прыйдзе адукаваны, разумны, у акулярах і скажа: «Ну-тка, пасунься, хамут малаграматны…» Дык навошта, каб гэта мне гаварылі, калі ўжо лепей… я сам… Прыйдзе час, невукаў папруць, мякка кажучы.
Ухватаў. Ну, што ж, вучыся, вучыся. Дурням гэта на карысць.
Алёша. Толькі не ўсе яны ведаюць гэта.
Ухватаў. Востра. Ізноў які-небудзь намёк? «Папруць».
Читать дальше