I на гэтай нашай зямлі спрадвеку нашы дзяды-прадзеды жылі, каторыя не раз грэкамі, немцамі і рымлянамі траслі...
— Сын мой Андрэй нарадзіўся ў горы і гадаваўся ў горы, пасвіў скаціну ў шляхты і ў кулакоў і браў па тры рублі за лета. Як падрос, працаваў на млыне. Сам ён быў граматны, чытаў кніжкі розныя і хаваў і нам не паказваў. Бывала, піша што-небудзь, я падыду, а ён захінецца, каб я не чытала. Дык я кажу:
— А каб ад цябе, мой сынку, дзеўкі захіналіся! Ён засмяецца і піша далей. Тады ён рабіў добрую справу для людзей.
Я яму іншы раз кажу:
— Чаму ты, сынок, не жэнішся?
А ён:
— А, мама, нічога! Багаты ці будзеш, а жанаты будзеш. Жанюся я — і на цябе забудуся, і на бацьку, і дзела маё ўбок бы пайшло. Дачакаем лепшага дня, тады пабачым.
Хутка ўзялі яго ў армію. Як ён быў на флоце, дык служыў на крэйсеры «Рурык». I на караблі ён быў рэвалюцыянерам. Пісьмы адтуль бацьку прысылаў і прасіў, каб пісьмы гэтыя не хавалі, а палілі.
Ён пісаў, што цара скінулі, і раіў бацьку, каб уступаў у партыю бальшавікоў, і ў лістах сваіх тлумачыў нам, што яны волі дабіваюцца для ўсяго народа.
Ну, а як мой сын з флоту вярнуўся, зноў заняўся гэтай справай, народ падгаворваў хіліцца к савецкай уладзе. Зброю даставалі, развінчвалі чыгунку, панства гналі прэч з Беларусі. Дома ён ніколі не стыкаўся, а ўсё быў у лесе. Часта прыбягалі людзі і пыталіся, дзе ён. А мне сын наказваў, каб усім гаварыла, што пайшоў у Смілавічы карову купляць. А гэта ўсё хадзілі правакатары, шукалі яго слядоў. Бывала, прыйдзе сынок пад раніцу ці ўначы — з ім чалавек пяць-шэсць — і кажа мне:
— Маці, накармі маіх таварышаў.
Я пытаюся:
— Хто такія?
А ён:
— Гэта мае таварышы-матросы.
У сына майго быў рэвальвер, і ружжы яшчэ былі пазакапаны ў нас у садзе. Хадзіў ён у чорным шынялі флоцкім, і быў ён моцны, бо абыякіх на флот не бралі. Як першы год прыйшоў з арміі, дома працаваў на гаспадарцы, хоць і рабіў дзень і ноч, а хадзіў заўжды чысты, прыбраны — сам бялізну памые, высушыць, прыбярэцца. Парадак дома вялікі навёў. Бывала, увечары сабярэ хлапцоў і песні пяе з імі флоцкія, у яго на ўсё мястэчка першы голас. З мужчынамі ўвесь час гаварыў то пра зямлю, то пра волю. Добры быў для народа, з усімі дружыў. Бывала, У адну мінуту разгоніць бойку, такі быў разважлівы і сур’ёзны.
Доўга яго не было дома, як у партызанах ваяваў, плакалі мы па ім, а тады аднойчы прыйшоў уначы яшчэ з адным і лёг спаць. У тую ж ноч, як світаць стала, акружылі нашу вёску белапалякі, паставілі кулямёт і стралялі ўсіх, хто бег з вёскі.
У нашу хату ўварваліся і схапілі яго, беднага, і таварыша яго. Білі сыночка прыкладам у грудзі, а тады вывелі на вуліцу, пасадзілі на аўтамабіль і павезлі ў панскі двор на расправу. А галоўны начальнік белапаляцкі, прозвішча яго Цяпліцкі, кажа:
— Спаліце ўсю вёску, трэба гэта зелле бальшавіцкае з коранем вырваць.
Чатыры жандармы засталіся ў нашай хаце і пачалі пароць усё. Картачку майго сына знайшлі і парвалі на кавалкі. Я кінулася, хацела сабраць і пасля склеіць, каб захаваць на памяць, дык яны, гады, вярнуліся, узялі гэтыя кавалачкі і спалілі, каб і следу не было.
У панскім двары сынок сядзеў за кратамі. Паны хацелі, каб выдаў усіх партызанаў; яны і кармілі яго добра, і казалі — дай спісы, а ён нікога не выдаў і спісаў не даў.
Белапалякі прыходзілі да мяне, білі і ўсё пра спісы тыя дапытваліся. А адзін раз уначы з’явіўся да нас нейкі чалавек, палез на гару, знайшоў там паперы, спаліў іх у печы і моўчкі пайшоў.
У партызанскі атрад пралезлі гады-правакатары, якія выдалі планы партызанскага атрада белапалякам...
Але ні адзін з партызанаў не здрадзіў...
Мяне білі, мужа майго білі і дзяцей білі, усё хацелі, каб мы выдалі таварышаў нашага сына. Мне нават горб набілі прыкладам.
Я хадзіла да сына і прасіла, каб ён нікога не выказваў, бо пабралі б усіх людзей з ваколіц. Тады ён кажа мне:
— Дарагая матуля, я словы вашы разумею.
Я панясу яму есці і плачу, а ён:
— Не плачце, маці, маю магілу людзі лапкамі і кветкамі закідаюць, а пра вас савецкая ўлада паклапоціцца. Памру, але таварышаў не выдам.
Пасля быў суд. Іх білі перад судом, дык ён дачцэ маёй, сваёй сястры, аддаў кашулю памыць і прасіў, каб мне не паказвала. Дачка мне бялізну аддала, я як убачыла, дык абамлела: на кашулі было 28 скруткаў скуры, як яго білі шампаламі, і ўся кашуля была пакрываўлена. Мыла я кашулю тую і слязамі і вадой.
Яму можна было ўцячы, і гаварыла я яму пра гэта, дык ён казаў:
Читать дальше