У Ашмянскім павеце, за мястэчкам Смаргоні, пры Мінскай паштовай дарозе, на лузе ляжыць камень даўжынёй пяць аршын, шырынёй — чатыры. Далей, за Смаргонямі, ёсць камень яшчэ большы за гэты... Ад яго і бліжняе мястэчка завецца Камень... Пра гэты большы камень расказвалі, што нібы ў даўнія часы, калі хто пакладзе на яго два злотых, дык, вярнуўшыся дадому, знаходзіў боты, якія невядома адкуль узяліся.
Было гэта даўным-даўно, калі людзей тут яшчэ зусім не было. Вакол цягнуліся непраходныя пушчы-лясы ды вілася сярод іх вось гэтая рэчачка. У балотнай твані сядзеў д’ябал. Бачыце, калісьці нячысты толькі ў такіх месцах і вадзіўся. Гэта цяпер адно стаў ён па гарадах шляцца. Сядзеў ён так ды з нуды корпаўся ў балоце, ажно бачыць: берагам рэчкі ідзе чалавек. Здалёку, відаць, небарака вандраваў: схуднелы ды абдзёрты ўвесь. Убачыў рэчку, прысеў на купіну, а свае змораныя ногі ў ваду апусціў ды пабоўтвае імі, каб хутчэй стому з іх сагнаць. А д’ябла ад злосці аж чорт носіць: «Бач ты, маўляў, мала таго, што па маім беразе валочыцца, то яшчэ і мяне сваім боўтаннем непакоіць уздумаў! Чаго добрага — возьме і назаўсёды тут жыць астанецца. Ну, тут-то я цябе і звяду са свету».
Выкалупаў нячысты з багны каменьчык, бы зярня бобу са струка, папляваў на яго, перакінуў разы са тры з адной сваёй калматай лапы ў другую, і тут уваччу маленькі камушок у аграмадны валун абярнуўся. Пачаў размахвацца д’ябал з усяе моцы, але ж як на тое ўзяў ды паслізнуўся ў топелі, і глыба замест чалавека бухнула на скрай лугу. Убачыў вандроўнік, чым тут пахне,— лахі пад пахі ды ходу з гэтых мясцін. А валун так і астаўся ляжаць тут. Ад таго, што чорт уваліў тут валун, і павялася назва — Валілы.
На паўдарозе паміж Жодзішкамі і Тупальшчынай дно Віліі завалена каменнем. Расказваюць, што, калі езуіты задумалі пабудаваць у Жодзішках касцёл і ім не хапала на падмурак камення, яны пачалі прывозіць яго з ваколіц. Аднак чорт, якому касцёл быў вельмі не даспадобы, сабраў сваіх сяброў-чарцей, і рашылі яны пажартаваць: пазакідвалі камяні ў воду. Некаторыя камяні нават аж на другі бераг паперакідвалі. Шчыравалі ўсю ноч, а перад самым світаннем, калі чорт нёс апошні вялікі камень,— відаць, хацеў зусім заваліць рэчку,— пачало днець, заспяваў певень, і чорт упусціў сваю ношу... на правым беразе Віліі. Камень гэты каля трох локцяў шырыні, пяць з паловаю вышыні і па кругу локцяў пятнаццаць.
Меў тураўскі князь трох сыноў і пяцёра дачок. Падраслі сыны, князь вырашыў раздаць ім у спадчыну княства. Старэйшаму — Тураў з землямі, сярэдняму — Пінск, маладзейшаму — Дубравіцу. А што рабіць з дочкамі? Сватаюцца князі розныя: полацкі, менскі, чарнігаўскі, наваградскі, смаленскі, віленскі, магілёўскі...
Склікаў князь баярскую раду.
— За каго аддаваць дачок? — пытаецца.— Аддам дачок замуж — пасаг патрэбны з княства... Параднюся з аднымі князямі, а іншыя на нашыя землі будуць вока мець.
Моцна задумалася рада. Пасля вынесла прысуд: заставацца князёўнам у дзеўках, а каб вельмі не сумавалі, аддаць іх у манастыр.
Князёўны, нічога пра гэта не ведаючы, сваволілі пад наглядам служак у лесе. Старэйшай — Паланеі — было дваццаць гадоў. Маладзейшай — Луцэі — чатырнаццаць. Былі ўсе князёўны прыгожыя, чарнабровыя і стройныя. Дзівіліся людзі мясцовыя і прыезджыя на прыгажосць небывалую тураўскіх князёвен.
У гаі князёўны вянкі плялі, надзявалі адна адной ды ў люстэрка вады глядзеліся. Карагоды з дваровымі дзеўкамі вадзілі. Іх галасы разносілі далёка за раку гукі песень напеўных. Сюды ў гай прыйшоў князь з целаахоўнікамі і паведаміў князёўнам волю баярскай рады. Не пярэчачы, выслухалі яны прысуд і ціха ў нямым паклоне схіліліся. А як князь пайшоў, горка заплакалі, кідаючы вянкі ў Прыпяць.
Сціхлі гоман, песні і смех сясцёр. Шмат дзён яны плакалі і радзіліся, пасля вырашылі на Купалле шукаць папараць-кветку. На Купалле, калі ўсе паснулі і ля палаца засталася толькі варта з алебардамі, князёўны паціху пракраліся з палаца і пайшлі на бераг Прыпяці.
На чоўне пераплылі Прыпяць і ў балотны хмызняк падаліся. Чым далей ідуць, тым горш робіцца. Праводзяць іх у цемры вочы драпежнікаў, чуюцца стогны, галёканне. А як да багны падышлі, тут і зусім блага стала: з купін зрываюцца, у багну правальваюцца. Але ўпарта наперад ідуць. Зайшлі ў такую глушэчу, дзе яшчэ не хадзіла нага чалавечая, дзе толькі совы крычаць, вадзяныя гады малако з балотных гарлачыкаў п’юць ды вадзянік барадой багну калыша.
Читать дальше