Калі тое было? А хто ж яго згадае! Мо яшчэ ў тыя незапомныя часы, калі рака Сакалда тут плыла тым пакручастым старым рэчышчам, што цяпер Зэглерыхай завуць.
Каля лясной рачулкі Ланкі, усё ў адным месцы, кожны год позняй восенню што ні вечар агонь нейкі людзям з’яўляўся. Выкаціцца недзе з гушчавіны на палянку пад старыя дубы і круціцца. То падбяжыць, то падскочыць і аж зіхаціць рознымі колерамі.
Старыя людзі, угледзеўшы гэтае дзіва, меркавалі:
— Няйнакш, у закапаным скарбе золата пераліваецца. Багата яго, пэўна, там, калі агонь такі вялікі ды іскрысты.— Падумаўшы, перасцерагалі маладых: — Няпраўдай гэты скарб закладзены і таму смерці патрабуе.
Доўгі час яўляўся той агонь, але ніхто з тутэйшых не наважыўся шукаць ды адкопваць той скарб.
Аднойчы валэндаўся тут з вёскі да вёскі нейкі чужынец з сабакам. Не столькі людзі валацугам дзіваваліся, колькі тым сабакам. Надта ж ён верны быў свайму гаспадару: даволі крывым вокам на валацугу глянуць, як сабака з зубамі на цябе кідаўся; з найгоршай лясной крэкаці яго выводзіў, нікога да яго не падпускаў, калі той, бывала, п’яны пад плотам валяўся. Пачуўшы згадку пра скарб, пайшоў прыблуда вечарам на Ланку, падпільнаваў агеньчык і да вялікага скарбу дакапаўся.
Адкрывае прыблуда гаршчок, а там паверх золата цыдулка ляжыць: «Мяне ўзяўшы, галавой наложыш». Ён, доўга не думаючы, злапаў свайго сабаку, адсек яму галаву ды паклаў у гаршчок на месца золата, што сабе ў торбу высыпаў. Сам жа, ног пад сабою не чуючы ад радасці, паімчаўся ў карчму, што тады за рэчкаю, на скраю вёскі Сакалды стаяла. Бег жа не дарогаю, а нацянькі каля Здраёў на Зэглерыху, не зважаючы на багну ды дрыгву. Відаць, яму надта спешна да кварты гарэлкі было. Не заўважыў нават, як у адкрытае жарало ўваліўся. Рвануўся ў адзін бок, рвануўся ў другі, а золата ўсё глыбей у твань цягне. Спрабаваў скінуць торбу са скарбам, але багна ўжо па шыю засмактала. Закрычаў ён дзікім голасам: «Ратуйце!», ды замест крыку толькі бурбалкі з жыжы выскачылі і шапка-малахай усплыла.
Толькі праз нейкі час наткнуліся людзі на косці яго засечанага сабакі і картку пад дубам на Ланцы ды згніўшую шапку на жаролах каля Здраёў.
Потым дрыгву асушылі, зааралі ды засеялі травою. Цяпер улетку ды на восень стракацяць там касілкі, а агонь зусім не паказваецца.
Каля Заслаўя цячэ невялікая рэчка, якая да гэтага часу завецца Княгінькаю. Народ кажа, што над рэчкаю быў замак, у якім жыла нейкая княгіня. Яна любіла гуляць па беразе ў глыбокую поўнач. Мела княгіня дзвюх дачок. Старэйшая — прыгажуня, а малодшая — брыдкая. Раз праязджаў праз Заслаўе менскі князь і, пазнаёміўшыся з князёўнамі, пакахаў малодшую і прасіў яе рукі. Незадаволеная была старэйшая князёўна-прыгажуня такім выбарам князя, бо адразу ўпадабала яго і пачала рабіць усё, каб разладзіць сястрын шлюб. Але не здолела нічога перайначыць і папрасіла помачы ў чараўніцы, што жыла над ракою. Атрымаўшы ад чараўніцы нейкае зелле, паспяшыла дадому. Ажно, ідучы праз лес, спужалася прывіду і з перапуду кінулася ў раку.
Сястра пахавала яе каля замка і насыпала курган, што, як і рака, з тых часоў завецца Княгінін.
Згодна аднаго старога падання, сцены Лоскага замка-крэпасці муравалі не з цэглы або прывазнога граніту, а з валуноў і камянёў, якіх багата было калісьці на лоскіх палях. Але муры заклалі шырынёй у сем крокаў, і хутка на адзін толькі падмурак, апушчаны на многа метраў у глыб гары, пайшлі ледзь не ўсе сабраныя на палях камяні. Вось тады і быў выдадзены строгі загад: не ўпускаць у Лоск ні пешага, ні коннага без камянёў. Коннаму — не менш тузіна камянёў прывезці на возе, пешаму — хоць адзін замест пропуска здаць за брамаю варце.
Калі камянёў набралася цэлыя горы, іх рассартавалі па памерах, па колеры і пачалі ўзводзіць сцены. У ніжні першы рад паклалі самыя вялікія валуны, і ўсе чорнага колеру. Далей пайшлі пласты сініх, за імі — шэрыя, карычневыя... I чым вышэй уздымаліся сцены, тым яны рабіліся ўсё святлейшыя, усё ярчэйшыя. А самыя апошнія метры сцяны і ўсе зубцы на ёй і вежы былі складзены з камянёў толькі жоўтых і чырвоных адценняў.
Калі ў сцяну замуравалі апошні чырвоны камень і дождж адмыў высокія муры ад пяску і гліны, убачылі жыхары Лоска, што зубцы і вежы нібы залівае чырвонае зарава, хоць неба і было зацягнутае воблакамі.
Вось так, здзіўляючы гасцей і палохаючы ворагаў, над Лоскам у любое надвор’е гарэла выкладзенае з розных каляровых камянёў зарава...
Читать дальше