Тыдзень хадзіў свёкар хмурны, ні з кім нават гаварыць не хацеў. Потым аднойчы пакінуў усіх хлопцаў дома, сказаў — работа ёсць. Прынёс доўгія лейцы, адным канцом обвязаў сябе, другі аддаў ім і загадаў моцна трымаць. Так, абвязаны, увесь дзень раскопваў, выцягваў са старога калодзежа смецце ды каменне. Нарэшце адкрылася ў яго пад нагамі вузкая шчыліна, і пацягнула з яе халадком. Кінулі яшчэ для пробы ў шахту каменьчык. Доўга перастукваў ён недзе ў глыбіні па каменнях, пакуль не плюхнуўся ў ваду... А праз ноч зазвінела, заспявала па крынічных каменнях чыстая, празрыстая, як сляза, вадзіца.
Паміж вёскамі Коўткава, Гогалеўка і Віркава, пры старадарожжы, на Ігры, ёсць Змееў камень з акном і з дзвярыма.
Старыя казалі, што калісьці, даўным-даўно, у гэтым камені змей жыў з адной галавой, у абліччы чалавека, і гаварыў так, як чалавек. Быў ён дужа ўдалы кравец.
Занясуць яму сукно, праз акно пададуць і папросяць:
— Майстрок, пашый, абы надзець.
Дык ён так пашые, што ніхто на свеце лепш за яго не зробіць. Прыйдуць па світку тую, прынясуць грошы, абы колькі там, хоць і троху. Пададуць праз акно, дык ён світку аддасць, а грошы сабе возьме.
А калі-нікалі хто скажа:
— Пашый мне, каб было ў царкву ў чым хадзіць...
Дык ён адзін рукаў ззаду прышые, а другі — на плячах. Так рабіў. Не прасі, каб у царкву схадзіць. Як просяць каля сахі хадзіць, дык адчаканіць, што хоць куды; а калі на святы дзень — зробіць, што ні сабе ні людзям.
У Бузер’і пад Лукомлем кахаў ён адну дзяўчыну. Яна ад яго хавалася, але ён усюды знаходзіў яе. Мусіла яна жыць з ім. Доўга яны жылі, а дзяцей у іх не было.
Бывала, абернецца ён дугой такой над возерам над Лукомльскім ды так і цягне. Як толькі на зямлю апусціцца, адразу прымае чалавечае аблічча — паніч такі, што хоць куды.
Аднойчы пасвіла яго дзяўчына свінні на полі. Прыляцеў ён да яе на поле, сабраў свіней у кучу і сказаў:
— Пільнуй, каб адкуль хмара не нацягнула.
Лёг і заснуў.
Тым часам з заходняга боку ўзнялася вялізная хмара.
А дзяўчына наўмысна не разбудзіла яго. I датуль не будзіла, пакуль не загрымеў над галавою гром. Як грымнуў гром, так ён і прачнуўся.
Прачнуўся і гаворыць:
— Вось калі ты мяне зжыла са свету.
Ускочыў ён, ляснуў ёй з правага боку па левай шчацэ — так і высмаліў на шчацэ пяць пальцаў. Усё жыццё відаць было, так і памерла з тымі адбіткамі пальцаў. А сам выцягнуўся дугой і паляцеў цераз возера нацянькі да сваёй хаты. Тут пярун і смальнуў па ім.
Смальнуў, а ён ляціць. А калі другі раз стукнуў, то ён упаў у возера.
Але ізноў усхапіўся і паляцеў.
Адзін стары быў у Бузер’і, дык усё гэта дзіва бачыў. Пераляцеў змей цераз возера, а пярун трэці раз смальнуў, ужо ў лесе, і забіў яго. Пасля таго трое сутак дождж ішоў, пакуль не знайшлі змея.
Стары той паказаў.
— Шукайце,— кажа,— там і там, на вашае поле ляцеў.
Знайшлі змея і закапалі. Дождж і сціх. Але праз суткі змей ізноў апынуўся наверсе.
Ізноў паліў дождж. Пачаліся грымоты вялікія. Пярун суцяшаецца: смаліць у яго, нежывога, каб не ажыў.
Хавалі змея гэтак разоў са тры ці з чатыры. Дык усё апыньваўся наверсе.
I як выйдзе, так сажняў на колькі і цягне ўсё ў той бок, дзе яго хата.
Старыя казалі, што каб надвор’е пастаяла, дык ён ажыў бы. Але дажджы ўвесь час ішлі дужа вялікія. Вада так паднялася, што чуць не затапіла ўсё вакол.
Прыснілася тады таму бузерскаму старому, што трэба сабраць усіх малых дзяцей, каб тыя ў прыполах, а жарабяткі ў торбачках на шыях нацягалі пяску і засыпалі змея.
Так і зрабілі. На тым месцы з таго часу курган стаіць.
У незапомныя часы гэты камень меў цудадзейную сілу шыць адзежу, і навакольны люд карыстаўся з гэтага. Увечары яму прыносілі тканіну і прасілі:
— Сцяпан, пашый мне жупан!
I раніцаю атрымлівалі гатовую адзежыну.
Доўга так шыў камень, і яго назвалі «краўцом». Але аднойчы нейкая п’яная жанчына надумалася насмяяцца з каменя. Прынесла вечарам сукно, паклала на камень і сказала:
— Сцяпан, сшый мне ні тое ні сёе!
Калі яна раніцай прыйшла за адзежаю, дык аказалася, што тая сапсаваная: адзін рукаў прышыты там, Дзе трэба, а другі прышыты да падолу, унізе... З таго часу кравец і пакінуў шыць.
Невялікае мястэчка Камень названае так ад вялікага каменя, які ляжыць непадалёку на вельмі відным месцы. Пра той камень расказваюць такую гісторыю. У ім, у камені, жыў шавец. Дзвярэй у яго хаце не было, а было толькі адно акенца, хоць цяпер ад гэтага акенца і слядоў няма. Усякаму, каму трэба былі боты, варта было падысці да акенца, сказаць, што яму трэба, назначыць час і пакласці грошы, колькі — невядома, а вядома толькі, што лішку выкідалі праз акенца, і абутак быў гатовы ў свой час. Боты былі цудадзейныя: іх можна было насіць пятнаццаць гадоў і чым часцей хадзіць у іх на ігрышчы, тым лепей, але толькі з умоваю не хадзіць у царкву, там яны адразу распаўзаліся. Святары, угледзеўшы ў гэтым шаўцы злога духа, стварылі заклён над каменем, і з таго часу спыніўся выраб цудадзейных ботаў. Самога шаўца ніхто не бачыў, ніхто з ім не гаварыў, і хто ён такі — дагэтуль таямніца.
Читать дальше