Чорныя птушкі сабраліся ў чараду і віселі над лесам, нібы чорная хмара. Цёмны туман з усёй прасторы аддаляўся ўсё далей і далей, і з яго ўтвараліся дзіўныя і страшныя постаці — нібыта войска на конях плыло ў паветры і, як дым, гінула воддаль.
— Што гэта за здані? — спытаўся Алешка.
— Гэта сілы Вялікага Чарнакніжніка, якія слабеюць ад ветру, што блукае па свеце.
— Што гэта за нямыя камяні, якія здалёк нагадваюць скамянелых людзей?
— То жыхары гэтае зямлі, ніцыя бярозы і вербы над вадою — іх жонкі, маткі і сёстры. Ты моцаю свайго кія можаш адчараваць іх.
Алешка падняў кій у неба — павеяў лагодны ветрык, неба распагодзілася, разлілося вясенняе святло, зашумеў лес, ажылі дрэвы, зазелянелі пекнымі барвамі; нечакана ў паветры і ў гушчарах загучалі птушыныя песні, людзі, што былі падобныя на камяні, уздымалі рукі і вочы да неба. Ніцыя бярозы ды вербы на берагах рэчак перамяніліся ў прыгожых кабет і хадзілі па квяцістых лугах, звінелі крыніцы, рэкі ды азёры свяціліся, як люстэркі, вёскі ды замкі напоўніліся людам.
Хутка ўвесь гэты край заквітнеў.
Алешка пасяліўся там, ажаніўся з прыгожай і багатаю князёўнаю. Было гучнае вяселле ў палацы, які свяціўся золатам і срэбрам. Сабралася шмат князёў, графаў і іншых знакамітых гасцей. Некалькі дзён і начэй гучала музыка, і я там быў, мёд, віно піў і весела гуляў.
— Добрае апавяданне, — сказаў Завальня. — За тры талеры, ахвяраваныя жабракам, вызваліў увесь край ад няшчасця і сам стаў шчаслівы. Але яшчэ не поўнач, можа, што раскажа нам і чацвёрты ваш таварыш?
— Рады быў бы расказваць пану да ўзыходу сонца якія апавяданні або гісторыі, калі б на душы было спакайней. Не мінулае, а прышласць кранае мне сэрца, толькі гэтым думкі і занятыя, і цяжка гаварыць пра нешта іншае.
— Мусіць, чакаеш нейкае бяды, калі так маркоцішся, — сказаў дзядзька.
— Ужо сакавік. Блізка вясна, а гэтая пара года ў нашым краі не ўсіх цешыць, сяму-таму і ўначы спачыну не дае.
— Увесну не адзін гаспадар дбае, каб падчас сяўбы было чым сеяць. Пэўна, і твае клопаты пра гэта.
— У нас адна бяда не ходзіць, няшчасці з розных бакоў нападаюць на чалавека так, што ўсё з рук валіцца і няма надзеі калі-небудзь адпачыць пасля цяжкае працы. Мой сын, жывучы цэлую зіму ў горадзе, зарабіў дзесяць срэбных рублёў. За гэтыя грошы я цяпер у Полацку купіў насення. Дзякуй Богу, маю што пасеяць. Але хто будзе араць ніву? Хто пойдзе на паншчыну? У сям’і толькі тры мужчыны робяць, аднак я сам мушу кожны год выжыльвацца, бо сыноў маіх пасылаюць недзе далёка зарабляць грошы, ад якіх хата не мае аніякага прыбытку. Не ведаю, ці змагу сёлета сам працаваць, бо здароўе дрэннае і сіла слабее, а наняць парабка — не маю грошай.
— Не ведаю, адкуль гэтая хцівасць завялася ў нашым краі, — сказаў дзядзька. — Паны хочуць мець усе выгоды, а на гэта грошай ніколі не хопіць. Я заўсёды паўтараю ўсім: зямля задаволіць усе патрэбы. На яе павінны звяртаць мы ўсю нашу ўвагу, яе павінны старацца палепшыць. Жылі б, як нашы добрыя гаспадары: з аборы і з поля маюць невычэрпны скарб, жывуць добра і людзям дапамагаюць. Даўней не было звычаю пасылаць людзей у далёкія краі зарабляць грошы, бо кожны пан меў дукаты ў скарбонцы, і ў сялян было шмат талераў, плацілі падаткі, мелі ўсяго досыць і жылі спакойна.
— Так і наш стары пан паўтараў часта, каралеўства яму нябеснае, уся воласць яго забыць не можа. Ведаў ён пра кожнага гаспадара ў сваім маёнтку, як хто працуе, як хто рупіцца пра зямлю; дбаў пра сваіх сялян, заўсёды думаў, як палепшыць ім жыццё. Тады кожны меў увесну столькі насення, колькі яму трэба.
У гэты момант пачалі брахаць сабакі на панадворку і нехта моцна пастукаў у браму. Дзядзька адразу паслаў парабка адчыніць.
Адчыняюцца дзверы, заходзіць у пакой Андрэй, увесь зацярушаны мокрым снегам. Атрасаючы шапку і адзенне, кажа:
— Пахвалёны Езус Хрыстус! Мір гэтаму дому.
— На векі вякоў. Аман. І таму, хто гаворыць. Але, відаць, пане Андрэй, — сказаў дзядзька, — што на дварэ няма спакою.
— Няхай Бог бароніць, што там дзеецца: дождж, снег, вецер, завіруха; едучы праз лес яшчэ паўбяды было, але як выехаў у поле, згубіў дарогу і загінуў бы, пэўна, калі б не ўбачыў таго ліхтара, што свеціць цяпер над брамаю пана Завальні. Убачыўшы гэтае святло, дзякаваў Богу, што блізка ўжо порт, дзе можна схавацца ад буры.
— Я ўдзячны, што не забываеш пра мяне, — сказаў дзядзька. — Гіне зімовая дарога, хутка прыйдзе той час, калі буду жыць тут як пустэльнік: рэдка хто мяне адведае.
Читать дальше